Вы тут

“Малдаўскі падворак” у Дзяржынску


Для тых, хто не ў курсе: новая назва ў Дзяржынска з’явілася за савецкім часам, раней жа то было Койданава. Так, дарэчы, і цяпер называецца буйная чыгуначная станцыя на захад ад Мінска, па шляху ў Стоўбцы, Баранавічы, Брэст. Цяпер жа Дзяржынск набывае сабе славу як горад сяброўства, бо якраз у ім усталяваліся шчырыя, сяброўскія стасункі паміж жыхарамі, грамадскасцю Дзяржынскага раёна і прадстаўнікамі малдаўскай дыяспары.


А склалася так — не выпадкова. Першую цаглінку ў падмурак сяброўства заклаў Васіль Семянюк, малдаванін, што перабраўся жыць у Беларусь. Гэта ён, помніцца, на сваім падворку ў вёсцы Баравікі, што на Дзяржыншчыне, 7 гадоў таму сабраў добрых людзей ды зладзіў прыгожае свята сяброўства паміж малдаванамі й беларусамі пад назвай “Вянок дружбы”. Свята цёплае, шчырае, я б нават сказаў сямейнае… З таго часу такія святы, прысвечаныя Дням незалежнасці Малдовы, малдаўскай і беларускай мовам, усяму, што блізкае сэрцу кожнага малдаваніна, у Баравіках ды й за іх межамі наладжваюцца штогод. Гасціннасць гаспадароў падворка малдаваніна Васіля ды ягонай жонкі Ніны зведалі ўжо і беларускія малдаване, і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, беларусы Дзяржыншчыны. Каштоўную традыцыю падтрымліваў — сваім непасрэдным удзелам — і былы Амбасадар Малдовы ў Беларусі Георге Хіаарэ. Сёння ж такую цёплую “народную ініцыятыву” заахвочвае ўжо й новы Амбасадар: спадар Віктар Сарачан. Ахвотна падключаюцца да такіх сустрэч і прадстаўнікі суполкі малдаван у Беларусі на чале з Антанінай Валько. Летась у Дзяржынску ладзілася ўжо сёмае па ліку свята “Вянок сяброўства”. Пра тое, дарэчы, быў і артыкул у “Голасе Радзімы” (“Як дзве цудоўныя лазы”, 14.12.2017).

А нядаўна, у Дзень Незалежнасці Беларусі, у адным з куткоў парка ў Дзяржынску з’явіўся прыгожы “Малдаўскі падворак”. Нягледзячы на дажджлівае надвор’ е, сабраў ён шмат цікаўных. На імправізаванай сцэне спяваў гурт “Плай”, гучалі цудоўныя малдаўскія песні. А таксама й народны ансамбль беларускай народнай песні “Баравічанка” з вёскі Баравікі яго падтрымаў — беларускімі песнямі. Яшчэ й з Палесся, з Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны завітаў на свята гурт “Зарачанка” — з беларускімі народнымі песнямі. Малдаванін Дзмітрый Ліку вельмі хораша праспяваў меладычную песню “Кодры”, а паэт Георгій Пушкаш чытаў свае вершы.

У свяце паўдзельнічалі таксама й паэты з Дзяржынскага літаратурнага клуба “Выток”. Сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсы Рэгіна Рэўтовіч і Людміла Круглік загаварылі на малдаўскай мове! Адна з іх прачытала верш малдаўскага паэта Эміля Лацяну “Любі мяне”, а другая — перакладзены ўрывак са знакамітай прадмовы Францыска Скарыны да кнігі “Юдзіф”. Нацыянальныя строі ва ўсіх артыстаў ансамбляў таксама былі ў тэму свята: гэткай жа прыгажай, каларытнай бачыцца мне дружба малдаван і беларусаў.

Рэй на свяце вялі, выконвалі песні Антаніна Валько і Васіль Семянюк. Напярэдадні Дня Незалежнасці Дзяржынскі райвыканкам, раённая бібліятэка з падтрымкай малдаўскай Амбасады выдалі цікавую кнігу “Вянок сяброўства: Беларусь — Малдова”. Там змешчаны вершы малдаўскіх паэтаў, малдаўскія народныя казкі, паданні ў перакладах на беларускую мову: гэта папрацавалі паэты з Дзяржыншчыны Рэгіна Рэўтовіч, Людміла Круглік, Антон Анісовіч, Аксана Хацкевіч ды іншыя. Вось якім цікавым чынам пашыраецца цудоўны вянок, які калісь пачалі звіваць Васіль і Ніна Семянюкі.

“Малдаўскі падворак” таксама, як і раней, сёлета меў назву “Вянок сяброўства”. Яго наведаў Амбасадар Віктар Сарачан, кіраўніцтва Дзяржынскага райвыканкама на чале са старшынёй Мікалаем Арцюшкевічам. Вітаючы жыхароў Дзяржынска, Віктар Сарачан адзначыў: Амбасада Малдовы шмат увагі надае ўзаемаўзбагачэнню культур нашых народаў. Ён уручыў Ганаровыя граматы Амбасады жыхарам раёна, якія паспрыялі развіццю малдаўска- беларускага сяброўства. (Наш даўні аўтар, паважаны Лявон Сцяпанавіч, тое сціпла замоўчвае, аднак сярод рупліўцаў, мы пацікавіліся, цалкам заслужана быў і ён таксама ўшанаваны. — Рэд.) Цёплыя словы спадара Амбасадара гучалі ў адрас кіраўніцтва раёна ды энергічнага, неўтаймоўнага Васіля Семянюка, арганізатара шматлікіх культурных імпрэзаў.

На свяце ахвочыя маглі прадэгуставаць малдаўскія віны, паспытаць нацыянальныя стравы, у тым ліку знакамітую мамалыгу, пірагі, сокі. То не памылюся, калі скажу: свята беларуска-малдаўскага сяброўства, ды яшчэ ў Дзень Незалежнасці Беларусі, надоўга запомніцца жыхарам Дзяржынска. І мне падаецца, што вельмі гарманічна такая падзея духам сваім пераклікаецца з вершам Сяргея Грахоўскага “Патрэбен чалавеку чалавек”. Можна знайсці ў інтэрнэце, хто пажадае, бо сярод чытачоў газеты “Голас Радзімы”, ведаю, шмат людзей, якія спавядаюць высокія ідэалы сяброўства. Дык вось, урывак з верша Сяргея Іванавіча такі: “Хай свята дружбы будзе лепшым святам,/ Хай векам дружбы наш завецца век”… Вельмі актуальна гучыць!

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.