Вы тут

Святочны падарунак з арбіты


Творчыя калектывы з самарскай суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” удзельнічалі ў святочных імпрэзах, прысвечаных Дню Расіі – і атрымалі віншаванне ад касманаўта-беларуса Алега Арцем’ева.


Тое месца, дзе пабачылі мы свет, заўсёды ўспамінаецца: гэта наша малая радзіма. Сустрэнеш калі суайчынніка хоць на другім канцы свету — і ён з цеплынёй будзе згадваць родны кут, край бацькоў. Айчына, Бацькаўшчына, Радзіма… Па-рознаму складваюцца нашы жыццёвыя абставіны, але звычайна сустракае нас яна пасля расстання —з любоўю, а родныя людзі радуюцца нашым поспехам, перажываюць няўдачы. Таму й за межамі Бацькашчыны мы жывем у рытме яе святаў. Скажам, для многіх маіх замежных суайчыннікаў асаблівае святам — Дзень Незалежнасці Беларусі, Дзень Вызвалення. І я ведаю тых, хто 3 ліпеня імкнецца быць абавязкова дома, на роднай зямлі, каб напоўніць сэрца пачуццём гонару за сваю гістарычную радзіму, атрымаць каласальны зарад духоўнай бадзёрасці.

Шануюць нашы землякі й галоўныя нацыянальныя святы ў тых краінах, дзе жывуць. Асабліва ж людзі творчыя, што ўдзельнічаюць у вакальных гуртах, могуць сказаць: “Дзе жывём, там і песні родныя пяём”. Для беларусаў Самарскай вобласці, напрыклад, 12 чэрвеня, Дзень Расіі — таксама знакавы: з 1992 года ён адзначаецца ў краіне як дзяржаўнае свята. Сёлета ж яшчэ й юбілейны год для беларускага вакальнага ансамбля “Каданс”. “У жніўні — 10 гадоў з дня стварэння, і вельмі прыемна, што ў свята мы атрымалі грандыёзны падарунак з арбіты: з Днём Расіі нас павіншаваў супляменнік Алег Арцем’ еў, касманаўт з беларускімі родавымі каранямі. Ягоны бацька, Герман Аляксеевіч Арцем’ еў, нарадзіўся ў пасёлку Друя Браслаўскага раёна Віцебшчыны: на мяжы з Латвіяй. Цяпер жыве ў Віцебску, з якім у нас ёсць сяброўскія й дзелавыя стасункі, — гаворыць Юлія Цяплянская, кіраўніца моладзевага аддзялення суполкі “Руска- Беларускае Братэрства 2000”.

І яшчэ Дзень Расіі для самарскіх беларусаў тым адметны быў сёлета, што напярэдадні суполка падтрымала ініцыятыву палкоўніка ў адстаўцы Андрэя Бандарэнкі, намесніка старшыні Таварыства дружбы й супрацоўніцтва народаў Расіі ды Украіны: хадайнічаць перад Прэзідэнтам Беларусі аб прысваенні звання Героя Беларусі (пасмяротна) капітану Гундзіловічу Паўлу Міхайлавічу. Вядома ўжо, што пад час абароны Масквы наш зямляк камандаваў 4‑й ротай 2‑га батальёна 1075‑га стралковага палка 316‑й стралковай дывізіі. Кіраваў абаронай у раёне Дубасекава, Валакаламскі раён, дзе 16 лістапада 1941 года яго рота разам з іншымі падраздзяленнямі дывізіі адбівала ўдары нямецкіх танкаў. Малая ж радзіма Паўла — вёска Ліцьвяны, гэта цяпер Уздзенскі раён Міншчыны.

11 красавіка 2018 года. У той дзень двое беларусаў былі на арбіце. Алег Арцем’еў (справа) і Антон Шкаплераў віншавалі зямлян з Днём касманаўтыкі.

Асаблівы беларускі каларыт у святкаванні Дня Расіі стваралі беларускія вакальныя ансамблі “Каданс” і “Сузор’ е” на сцэне Парку культуры й адпачынку імя Юрыя Гагарына. У іх выкананні гучалі рускія й беларускія народныя песні, музычна- песенныя кампазіцыі. Гурт “Сузор’ е” спяваў песні “Россия”, беларускую народную “Я скакала, плясала”, потым “Каданс” падарыў гледачам “Кадриль”, “Золотую ярмарку”, “Бульбачку”, папуры на тэму беларускіх народных песень.

А завяршыліся ўрачыстасці ў Самары гадзінным “Парадам феерверкаў”. Больш за 55 тысяч жыхароў і гасцей горада паўдзельнічалі ў грандыёзным свяце.

Прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская мяркуе, што ўдзел яе творчых гуртоў у агульнагарадскіх мерапрыемствах — гэта цудоўная магчымасць знаёміць гараджан з самабытнай беларускай культурай: “Я вельмі ўдзячная нашым педагогам, мастацкім кіраўнікам і салісткам творчых гуртоў за іх прафесійны, творчы падыход да такіх выступленняў. Такім чынам мы пашыраем беларускія звычаі, традыцый на самарскай зямлі”.

 Мікалай Бойка, г. Самара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».