Вы тут

Вольга Дашук зняла фільм пра адзіную ў Беларусі мадэль з ДЦП


Я ўбачыла на экране неверагодную гераіню — на яе можна глядзець, не адрываючыся, як на Жанну Маро, праўда, кіно тут не ігравое, а дакументальнае. Новы фільм Вольгі Дашук «Адзіная такая» — вельмі, на жаль, стрыманы ў сэнсе буйных планаў — распавядае аб Ангеліне Уэльскай, дзяўчыне з цэрэбральным паралічам, якая абараніла два дыпломы і стала мадэллю. Дакладней, аб Ангеліне і яе маці Вользе, хоць гаворка ўсё роўна ідзе пра Ангеліну. І гэта вельмі прыгожа.


Тут усё проста: першая частка паўгадзіннага фільма факусуецца на Вользе Уэльскай, другая — на Ангеліне. Маці суправаджае дачку пры падрыхтоўцы выступлення на міжнародным конкурсе прыгажосці. Каляскі перасякаюць прастору, Ангеліна прамаўляе для запісу тэкст «Я прымаю сябе такой, якая я ёсць, і радуюся жыццю», а арганізацыйная мітусня суправаджаецца закадравым голасам Вольгі Уэльскай, якая агучвае рэплікі пра мінулае, цяжкасці, наканаванне і іншае. То-бок пра тое, што не заўсёды азначае «радавацца жыццю».

Непатрабавальную кампазіцыю кадра папаўняе прыгажосць гераінь. Так што адсутнасць асаблівых аператарскіх вынаходстваў можа быць наўмыснай ці, прынамсі, вельмі дарэчнай, бо вачыма глядач усё роўна канцэнтруецца, і нават аказваецца зачараваным, на Ангеліне або Вользе. Пакуль усё іншае перастае існаваць, выяўляецца дзіўная здольнасць Вольгі Дашук ствараць прыгажосць не мастацтвам, а адбіткам самога жыцця. Мы прывыклі нават у вельмі, здавалася б, простым дакументальным кіно бачыць пэўныя маніпуляцыі з тэмпам, атмасферай, кантрастамі і іншым. Фільм «Адзіная такая», як і некаторыя іншыя работы Вольгі Дашук, робіць, падобна, не спецыяльна, акцэнт на тым, што жыццё ў сваіх якасцях усё яшчэ больш вытанчанае, чым кіно.

Больш выразна тут праступае і сама ўласцівасць кіно трансфармаваць рэальнасць, што адсылае да часоў, калі рухі на экране самі сабой станавіліся цудам і над звычайнымі рэчамі здзяйснялі магію (з часам гэта адчуванне зацерлася). Мы ўжо прывыклі ігнараваць навакольны свет і ўключаць яго ў руцінны парадак рэчаў, затое «Адзіная такая» з яе першароднымі інтэнцыямі можа падсвятліць яго ў іншым ключы.

Я не ўпэўненая, справа тут у фільме або ў маім асабістым успрыманні, на гэта таксама складана адказаць, як на нявырашанае пытанне, хто «вінаваты» ў каханні — той, хто кахае, або той, каго кахаюць. Але ў ліку больш відавочных вартасцяў карціны — чаму яе карысна глядзець нават не з пункту гледжання твора мастацтва, а светапогляду — лічыцца адэкватнае стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Без сопляў, жалю або цікаўнага разглядвання. Рэжысёр зняла фільм пра чалавека з яго марамі і цяжкасцямі, якія, вядома, маюць не зусім звычайную якасць, але да якіх варта ставіцца з далікатнасцю, як да цяжкасцяў увогуле любога чалавека.

Трэба прызнаць, грамадства да натуральнай «талерантнасці» адносна людзей з абмежаванымі магчымасцямі не гатова, таму тут так дарэчы прыгажосць гераінь, таму важна нагадаць, што Ангеліна Уэльская — першая ў Беларусі мадэль з цэрэбральным паралічам, таму дзеянне адбываецца на пляцоўках конкурсу прыгажосці. Любы, напэўна, глядач замест цікаўнасці ў дачыненні да асаблівасцяў жыццёвага распарадку гераіні замрэ на буйных планах і пераключыцца на замілаванне.

Конкурс такім чынам вырашае ў фільме мноства задач — зноў жа становіцца сімвалічным націскам на прыгажосць, паказвае наладжаны соцыум, часткай якога з'яўляецца чалавек з цэрэбральным паралічам, дэманструе сферу самасцвярджэння.

Пакуль маці ўспамінае цяжкасці, якія яна тым не менш не хацела б бычыць іншымі, дачка прамаўляе прыдатныя фармату конкурсу рэплікі пра радасць жыць, што хутка ў размове з рэжысёрам сама ж абвяргае згадкай момантаў слабасці. І ўсё ж не фальшывіць.

За эстэтычным захапленнем прыйдзе і захапленне сілай дзвюх жанчын. Сямейная хроніка, уключаная ў фільм, разам з актуальнымі планамі здымачнай групы паказвае, як доўга маці з дачкой ідуць побач, і гэты шлях — з клопатам, невялікімі нават спрэчкамі, усмешкамі — таксама прадстаўляецца вельмі прыгожым. У карціне Вольгі Дашук няма аніякага шырокага сацыяльнага кантэксту — толькі эпізоды і галасы, але пра адносіны ўнутры сям'і — то-бок, галоўнае — зразумець можна дастаткова.

Фільм такім чынам — незразумела нават, як гэта атрымалася, але ў прастаце тут яўна схавалася нешта большае — выклікаў процьму пачуццяў, прычым прыемных і светлых.

Яшчэ некалькі гадоў таму я не ведала, што адказаць на пытанне, як беларускі кінематограф даследуе жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх патрэбы. За гэты час я стала куды больш дасведчанай, але ўсё яшчэ рэдка бачу кіно, якое паказвала б такіх герояў без болю і надрыву. Грамадству, якое само не прыходзіць да прызнання, скажам так, «роўнасці», варта паказваць карціны накшталт «Адзінай такой», каб яно пераадольвала, па-першае, зацыкленасць на адрозненнях, а па-другое, жаданне паспачуваць «не такім, як усе» людзям.

Вы толькі паглядзіце, Ангеліна Уэльская — прыгожая дзяўчына са шчырым тварам, мадэль, удзельніца конкурсу прыгажосці і нарэшце — галоўная гераіня фільма. Паўгадзіны фільма пра яе мне яўна не хапіла.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Прыгажосць без межаў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.