22 Верасень, субота

Вы тут

«Чалавек, які хоча толькі зарабіць грошай, не будзе займацца музыкай»


За апошні месяц Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіў адразу дзве прэм'еры — спектакль «Жыццё і смерць Янкі Купалы» і балет «Тытанік». У абодвух неаспрэчнай вартасцю аказалася музычная частка, і ў абодвух над ёй працаваў адзін з самых запатрабаваных сучасных беларускіх кампазітараў Алег ХАДОСКА. Аўтар такіх жанраў, як балет і опера, канцэрт, сімфонія, кантата, мюзікл, якія часта транслююць прывабны жанравы сінтэз і з'яўляюцца неад'емнай часткай сучаснай беларускай культуры, распавёў нам аб рабоце над гэтымі пастаноўкамі, а таксама аб прафесійным полі, у якім працуе сучасны кампазітар у нашай краіне.


— Спектакль «Жыццё і смерць Янкі Купалы», на мой погляд, паказаў народнага паэта персанажам звычайнай папулярнай драмы, дзе вобраз героя падуладны задачам жанру. Які вобраз Купалы вы для сябе сфарміравалі падчас работы над музыкай і якім хацелі яго паказаць?

— Калі я пачаў працаваць над спектаклем, гатовага лібрэта яшчэ, шчыра кажучы, не было. Мы са сцэнографам Ільёй Падкапаевым селі і напісалі прыблізны тэкст для мюзікла, я паказаў музыку на мастацкім савеце, яе з нейкімі агаворкамі прынялі, і работа завісла амаль на паўгода. А калі падрыхтоўка спектакля аднавілася, літаратурны сцэнарый пачаў «разбухаць», і атрымалася тое, што атрымалася. На мой погляд, пастаноўка ў жанры мюзікла з меншым аб'ёмам драматычнага тэксту была б куды больш цікавай, таму што музыка можа перадаць эмоцыі і пачуцці нават лепш за тэкст. У нас жа атрымаўся палавінчаты спектакль — то мюзікл, то драма. Справа яшчэ ў тым, што ў краіне вялікая праблема з лібрэцістамі. Я сутыкнуўся з гэтым, калі працаваў над сваімі операмі, — «Цень» і «Чорнага мага» пісаў на ўласнае лібрэта. З апошняй было прасцей, таму што я ўзяў Чэхава, адаптаваў яго і на невершаваны тэкст стварыў музыку. У «Жыцці і смерці» ж паэзія, а я не паэт.

— Асоба Купалы для Беларусі такая вялікая, што працаваць з яго вобразам мае быць складанай задачай.

— Гэта сапраўды вельмі складаны матэрыял, але з іншага боку і вельмі цікавы. Я лічу Купалу адным з самых трагічных вобразаў беларускай культуры, — тут і яго асабістая драма, і палітычны аспект, і загадкавая смерць. Ідуць спрэчкі, была Мядзёлка яго музай ці не была і ці была яна ўвогуле (але відавочна, што вершы Купалы савецкага перыяду саступаюць таму, што было напісана да рэвалюцыі). Вялікае значэнне мае і палітычны аспект, таму асоба паэта для мяне як для кампазітара вельмі цікавая. Я лічу, нам пашанцавала, што на апошнім этапе ў работу ўключылася Наталля Фурман, глыбокі і музычны харэограф. Усё, што звязана з рэпрэсіямі, яна паказала небанальна і ў той жа час страшна.

— Я так разумею, вы мелі права выбіраць вершы для таго, каб выкарыстаць іх у музыцы. Як вы выбіралі?

— Паколькі лібрэта было вельмі ўмоўнае, дырэктар тэатра Аляксандр Пятровіч і рэжысёр спектакля Міхаіл Кавальчык сказалі мне браць тое, што «на душу ляжа». Я так і зрабіў — перачытваў вершы і падбіраў іх адпаведна сітуацыям. Так у сцэне, дзе Паўліна Мядзёлка распавядае пра будучае дзіця, з'явілася «Калыханка». Ведаючы, што будзе далей, я спецыяльна напісаў калыханку сыну, якога ніколі не будзе. У жыцці Купалы ўзнікала шмат калізій, якія было цікава вырашаць сродкамі музыкі. Нешта ў спектакль не ўвайшло. Напрыклад, пад пераезд з Вільні ў Пецярбург я напісаў перастук калёс цягніка, на фоне якога гучала меса на лацінскай «Kуrіе еlеіsоn», што значыць «Гасподзь, памілуй». Але рэжысёру падалося, што гэта надта змрочна.

— Наступнай прэм'ерай у Музычным, да якой вы маеце дачыненне, стаў балет «Тытанік». У адрозненне ад нацыянальнага вектара «Жыцця і смерці Янкі Купалы» гэтая пастаноўка ўзялася за вядомы інтэрнацыянальны сюжэт, напісаны рэжысёрам Джэймсам Кэмеранам і ўвасоблены ў кіно. То-бок адна з самых вядомых кінакарцін свету з'явілася на сцэне Музычнага тэатра, прычым з відавочнымі амажамі фільму накшталт варыяцыі песні Селін Дыён «Mу hеаrt wіll gо оn». Ці не рызыкуе, як на ваш погляд, такі праект застацца другасным?

— Кіно і балет — розныя жанры, я не думаю, што яны тут адно з адным канкурыруюць. У кожнага мастака ёсць «свае» тэмы, якія ён хоча ўвасобіць, у мяне яны таксама ёсць. «Тытанік» — шчыра кажучы, не адна з іх, але так склалася, што трэба было выручаць тэатр і балетмайстра, чаго больш ніхто зрабіць не мог. Я не павінен быў пісаць гэты балет, але музыкант, якому яго замовілі, за год напісаў тры невялікія клавірчыкі, і за паўгода да прэм'еры тэатр зразумеў, што музыкі не будзе, а мяркуемы аўтар не адказвае на званкі. Таму звярнуліся да мяне, за пяць месяцаў я напісаў балет.

— Канешне, адзін і той жа сюжэт можа цудоўна ўвасабляцца ў розных відах мастацтва, але калі ў балет уключаецца адна з самых знакамітых песень сусветнага кінематографа, ён моцна страчвае і становіцца не варыяцыяй гісторыі Джэймса Кэмерана, а адсылкай да фільма.

— Я згодны, але наяўнасць варыяцыі гэтай песні была ўмовай тэатра. Тут чатыры не маіх тэмы — вальс «Восеньскі сон», таму што балетмайстар хацеў дамагчыся гістарычнасці, «Апошні харал», ірландскі танец і, нарэшце, песня з фільма Кэмерана. Гэта было вырашана загадзя. Калі тэатр зразумеў, што пастаноўка пад пагрозай зрыву, балетмайстар знайшоў музыку, каб усё зрабіць на падборы, то-бок на кампіляцыі ўжо існуючых кампазіцый. Але ўсё ж такі існуе аўтарскае права, таму мяне папрасілі напісаць балет і ўключыць у яго пару песень. Калі б усё было напісана мной, музычная структура балета была б больш цэльная. Увогуле гэта цуд, што з усімі тымі перашкодамі, якія з'яўляліся падчас падрыхтоўкі, прэм'ера ў выніку адбылася. Уся група працавала вельмі добра.

— Вы сказалі, што «Тытанік» — не ваша тэма. Што вы мелі на ўвазе?

— Калі казаць пра работу над операй і балетам, я люблю містыку, напрыклад, хацеў бы стварыць нешта па матывах «Насарога» Эжэна Іанеска. Маё — гэта тэатр парадоксу. Таму я напісаў оперы «Цень» па Яўгене Шварцу, якую тут пакуль не вельмі хочуць ставіць, і «Чорны манах».

— А наколькі шырокае прафесійнае поле, у якім можа працаваць і самарэалізоўвацца сучасны беларускі кампазітар?

— Я не магу сказаць, што я не запатрабаваны, але я цудоўна разумею, што для маіх студэнтаў перспектыў не так шмат. З Вялікім тэатрам оперы і балета складана, таму што з беларускага тут бадай што толькі опера Смольскага, балет Кузняцова і зараз будзе яшчэ адзін балет Кузняцова. Канешне, з жывымі кампазітарамі складана працаваць: яны часта нечым незадаволеныя, нешта ім не так. Таму трэба аддаць належнае адміністрацыі Музычнага тэатра, якая гэтага не баіцца. За пяць гадоў тут з'явіліся балет Саўчыка, мюзіклы Кандрусевіча і іншых аўтараў, часта працую я сам — Музычны тэатр дае магчымасць кампазітарам нешта зрабіць. Так, у нас невялікая краіна, але двух музычных тэатраў недастаткова. Павінны быць невялікія пляцоўкі, тэатры сучаснага балета, новай оперы. А колькі оперных тэатраў у Маскве, ва Украіне — амаль што ў кожным абласным горадзе, як Адэса, Днепр, Харкаў, некалькі ў Кіеве. То-бок там ёсць нейкае поле для «прымянення» кампазітараў. Некалі ў нашым Вялікім тэатры была цудоўная ідэя з малой сцэнай, дзе яны хацелі паказваць сучасны балет. Праўда, выйшла толькі два — «Метамарфозы» ў пастаноўцы харэографа Вольгі Костэль і «Зала чакання» Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзядко на маю музыку. Гэта была выдатная магчымасць адкрыць балетмайстраў і кампазітараў: і Вольга Костэль, і Канстанцін Кузняцоў, і Юлія Дзядко зараз працуюць, нешта ставяць. Тым больш кампазітар, якому мала напісаць музыку і пачуць яе ў пастаноўцы, мог вучыцца камунікаваць з балетмайстрам, увайсці ў прафесію. Зараз маладыя пазбаўлены такой магчымасці, а праект, на жаль, праіснаваў нават не сезон, а паўсезона.

— Па якасці рэпертуару вам які тэатр больш падабаецца — Вялікі ці Музычны?

— У Вялікім вельмі добры аркестр. У Музычным — я не першы год тут працую — ён скараціўся, але яго майстэрства вырасла, мне вельмі падабаецца, як ён зараз гучыць. У Вялікім цудоўны хор, а ў Музычным хору няма ўвогуле, тэатр працуе ў фінансава абмежаваных умовах. Па тым, як працуюць вакалісты, мне больш падабаецца Музычны. У Вялікім тэатры вакал лепшы, але як гледачу мне хочацца верыць вакалісту, каб ён быў пераканаўчым на сцэне. У Музычным ёсць вакалісты, падчас ігры якіх становіцца нават няважна, што яны спяваюць. Акцёрскае майстэрства тут, лічу, вышэйшае, напэўна, таму што прыходзіцца выконваць вельмі розныя ролі. У цэлым, у кожнага тэатра ёсць свае ўдачы і няўдачы.

— А рэпертуарная палітыка?

— Мне падабаецца, што Музычны эксперыментуе. «Жыццё і смерць Янкі Купалы», напрыклад, для яго нефарматны спектакль. Можна было паставіць балет пра Янку Купалу і гэта было б цікава, але тэатр чамусьці падышоў да тэмы з іншага боку. У Вялікім ёсць пэўны акадэмізм і, можа быць, боязь нечага новага. Музычны не пабаіцца запрасіць маладога кампазітара, а Вялікі гэтага пазбегне. Я лічу, што «Жыццё і смерць Янкі Купалы» для Музычнага — гэта прарыў, бо такога плана спектакляў ні ў адным тэатры не было, Купала пакуль не спяваў, а мы яго прымусілі гэта рабіць. Я разумею, што было шмат розных меркаванняў, некаму пастаноўка спадабалася, некаму — зусім не. Але абыякавых да спектакля не засталося. Ідэя была ў тым, каб людзі ўспомнілі пра Купалу і, можа быць, перачыталі яго вершы. Я сам падчас работы стаў па-іншаму ўспрымаць і яго творчасць, і асобу. У паэзіі можа быць не столькі важна тое, што напісана словамі, колькі тое, што за імі схавана.

— Якія рашэнні дапамаглі б фарміраванню поля, дзе беларускія кампазітары маглі б развівацца?

— Я думаю, такіх рашэнняў няма. Каб нешта зрабіць — і ўсё раптам пойдзе ў правільным кірунку. Але ў кожнай сітуацыі ёсць свае мінусы і плюсы, нават у нашай, калі ўсё вельмі цяжка. Плюс у тым, што тут не застаецца той, хто не жыве музыкай. Чалавек, які хоча толькі зарабіць грошай, не будзе ёй займацца. Таму тут працуюць выключна тыя, хто без музыкі не можа жыць.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.