17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Ала Клемянок. Мемуары на развітанне


— Куды ты спяшаешся, радасць мая? Хто цябе там чакае: пральная машына, тэлевізар, ноўтбук? Яны табе служаць ці ты ім? Ты ж не рабыня гэтым рэчам. Павер, нічога не зменіцца, калі ты пазней іх уключыш. А вось мяне ты можаш не пачуць больш, бо я не буду мець таго настрою, што сёння, каб распавесці табе пра цікавыя здарэнні свайго жыцця. Таму пасядзі і паслухай, бо такога ты не прачытаеш ні ў раманах, ні ў сваіх электронных кніжках. Хочаш гарбаты? Каву не прапаноўваю, бо позна. Пячэнькі вазьмі або цукерку.


Зіначка прысела на канапу, а яе падапечны састарэлы дзед, па-начальніцку вальяжна разваліўшыся ў фатэлі, вырабленым у стылі «застойнага» ампіру, гартаў у руках старонкі свайго чарговага дзённіка. Язэп Фядосавіч мае некалькі «тамоў» гэтых рукапісных дзённікаў. Праўда, не згадваў пра іх амаль да таго часу, пакуль сацыяльны работнік Зінаіда, вычышчаючы антрэсолі, аднойчы не выцягнула рарытэты на свет божы. Два тыдні пасля гэтага дзед быў заняты чытаннем сваіх так званых мемуараў. А цяпер навязліва дзеліцца вытрымкамі з жанчынай. Яна разумее, што старому проста патрэбен слухач і яшчэ яму патрэбна крыху даўжэй, чым прадугледжана дамовай з сабесам, прысутнасць жывога чалавека ў яго пустой кватэры ўдаўца...

Пра жаночае сяброўства

— Сёння з раніцы было добрае надвор'е, і я сам схадзіў у аптэку. Ты ведаеш, каго я там сустрэў? Ах, адкуль табе ведаць, ты ж зусім яшчэ маладая! Але гэта начальніца аб сабе пакінула-такі памяць. І вось, стаю я за лекамі, і тут заходзіць у аптэку Ліса! На самай справе яе імя — Лізавета Пятроўна. Але за вочы яе звалі хто Лізкай, хто Ліскай, а ўрэшце ў памяці сучаснікаў яна засталася Лісой. Ёй я таксама прысвяціў пару старонак сваіх мемуараў. Нейкі час нават сімпатыю адчуваў да яе — колер вачэй прыгожы мела і вершы шпарыла на памяць. Артыстка! А запіс гэты я зрабіў ў пачатку нулявых...

«Атрымаў запрашэнне на святочны «Агеньчык» у РДК. Пайшоў, бо там меліся быць людзі, якія мне цікавыя для развіцця майго бізнесу. Як звычайна, пераважная большасць прысутных — жанчыны бальзакаўскага ўзросту і старэйшыя. Не паспеў азірнуцца, як трапіў у моцныя камісарскія рукі Лісы. Пасадзіла мяне за столік, дзе пакорліва чакалі пачатку імпрэзы яе сяброўкі. Хоць сябровак у такіх асоб не можа быць a prіorі. Аднак у пэўных колах ведалі, што тры былыя калегі па райкаму камсамола найбольш набліжаныя да Лізаветы Пятроўны, і кожнай з іх яна знайшла вартую пасаду пад сваім пільным наглядам.

З трох жанчын толькі адна, Зоя Анатолеўна, трымалася больш-менш незалежна. Дзве іншыя ўсяляк дэманстравалі сваю адданасць і памкненне па адным толькі поглядзе чыноўніцы выканаць любы яе капрыз. Яны смяяліся, калі рагатала яна, сурова насупліваліся ці замілавана ківалі галавой, салідарныя з яе выразам твару. Пасля традыцыйнага прывітання, багата нашпігаванага паэтычнымі радкамі і артыстычна прамоўленага Лісой, палілося ракой шампанскае, і мясцовыя спявачкі, дэманструючы свае вакальныя даныя, праспявалі ці не палову рэпертуару Веркі Сярдзючкі. Ужо на другім куплеце першай песні ўсе кінуліся ў скокі. Не танцавала толькі Зоя Анатолеўна, і, як мне здалося, шампанскага яна таксама не піла. Загучала павольная музыка, і я запрасіў яе на танец. Бакавым зрокам заўважыў, як пачырванеў твар Лізаветы Пятроўны. Напэўна, дзеля захавання субардынацыі я павінен быў запрасіць яе, але на той момант у атмасферы разняволенасці хіба я мог думаць пра субардынацыю.

Праз некалькі дзён выпадкова сустрэў Зою Анатолеўну на чыгуначным вакзале. Яна тэрмінова была адклікана з камандзіроўкі, бо яе сяброўка Ліса загадала праставіць прагулы за ўсе дні яе знаходжання на рэспубліканскай канферэнцыі. Адчуваючы сябе ўскосна вінаватым у гэтай жаночай разборцы, я перазваніў праз нейкі час Анатолеўне. Трубку падняў яе сын і паведаміў, што маці звольнілася і пераехала ў Мінск. Мой статус паспяховага бізнесоўца і партнёра ў многіх праектах выканкама дазваляў мне без цырымоніі зайсці ў любы кабінет, што я і зрабіў, наведаўшыся да Пятроўны. Калі гутарка зайшла пра яе сяброўку, Ліса ажно пабарвавела: «Яна мяне так падставіла! Працуе цяпер у нейкай апазіцыйнай арганізацыі, а я ж для яе — і пасаду, і грошы пазабюджэтныя, і пуцёўку ў найлепшы санаторый, і кватэру без чаргі!»

Прызнаюся, я прыклаў шмат намаганняў, каб даведацца нумар тэлефона трапіўшай у няміласць жанчыны. Калі ж дазваніўся і расказаў пра размову з Лісой, то пачуў у трубцы звонкі смех Зоі Анатолеўны: «Ну, калі вы лічыце ўпраўленне адукацыі апазіцыйнай арганізацыяй... Дазвольце параду адну дам: ніколі не ўспрымайце ўсур'ёз усё тое, пра што хлусіць Ліса».

Язэп Фядосавіч замаўчаў, хоць вочы яшчэ нейкі час бегалі па радках дзённіка. Напэўна, там быў занатаваны спіс іншых расчараванняў у паводзінах Лізаветы Пятроўны, але агучваць іх ён не рашыўся.

Футра з Парыжа

— Замерзла, радасць мая? Дык з такім марозам і не дзіва! А я толькі імбрык заварыў. Налівай сабе гарбаты, а я табе пачытаю пра тое, як мая жонка мерзла ў штучнай французскай шубе. Мерзла, але ўсё адно насіла яе — бо з самога Парыжа! А пра тое, як я купляў гэту рэч, ведае толькі мой дзённік.

«З кожнай камандзіроўкі мушу прывозіць сваёй палавіне штосьці адметнае. З Анголы прывёз статуэтку нейкага афрыканскага бажка, з Алжыра — маску мясцовай фальклорнай пачвары, з Індыі — самацветы, з Канады — джынсы. З нядаўняй паездкі ў Францыю — шубу са штучнага футра. Мяне яе заказ нават узрадаваў. Бо каб купіць натуральную, ніякіх камандзіровачных не хопіць.

Калі знайшоў час і зазірнуў у спецыяльны магазін, дзе прадавалі шубы, то адразу разгубіўся. Менеджар па продажы спытаў пра памеры маёй жонкі, а я іх і не ведаў. Няўрымслівы праныра кіўком галавы падазваў маладзенькую гандлярку. Указваючы на яе, мужчына спытаў, ці фігура маёй жонкі такая? Я доўга вагаўся, прыглядаўся, разводзіў рукі, нібыта ўяўляючы памеры маёй Вольгі. Калі зажмурыўся і пачаў прымяркоўваць формы дзяўчыны да мне вядомых формаў, раптам адчуў у сваіх абдымках чужое цела. Дзяўчына пакорліва стаяла з адчужаным позіркам манекена. А я працягваў яе абмацваць папутна каментуючы, дзе ў маёй жонкі чаго больш, а дзе менш.

Менеджар, узброіўшыся метровай стужкай, рабіў замеры і запісваў лічбы ў блакнот. Мы дамовіліся, што я загляну праз пару дзён. Наступным разам усё паўтарылася: я не быў упэўнены, што прынесеная мне шуба адпавядала па памерах формам маёй палавіны. Ізноў стройная францужанка апынулася ў маіх руках, і я з пяшчотай абмацваў яе і ўдакладняў, дзе ў маёй жанчыны чаго больш, а дзе наадварот менш. Толькі за трэцім разам мне нарэшце прынеслі тое, што павінна было падыйсці па ўсіх памерах маёй родненькай каханенькай. На ўсялякі выпадак я, яшчэ раз зажмурыўшыся, ці то ад задавальнення, ці то ад вялікага імкнення згадаць жончыну фігуру, абмацаў прадаўшчыцу, якая ўжо не стаяла адлучана, а зацікаўлена прыглядалася да мяне, перакідваючыся кароткімі фразамі з сяброўкамі, што назіралі за гэтай карцінай прымервання і час ад часу пасмейваліся. Перакладчык, які ўвесь час суправаджаў мяне, так і не расказаў пра сэнс тых жартаў. Я вырашыў, што гульня тых слоў перакладу не паддаецца.

Калі жонка апранула французскую шубу, то яе радасці не было межаў.

— Ну ты падумай! Як па мне пашыта! Вось жа ўмеюць французскія майстры стварыць шэдэўр! Як улітая — нідзе не цісне, не тапыршчыцца. Што значыць мае памеры адпавядаюць еўрапейскім стандартам. А ты казаў, што я нестандартная! Во! Ты толькі палюбуйся!

Я сапраўды любаваўся. А ў памяці ўзнікаў твар маладзенькай францужанкі і далоні тактыльнай памяццю вярталі мне адчуванні ад колішніх дотыкаў да маладога пругкага цела».

— Вось такая гісторыя. І ведаеш, жонка вельмі любіла гэту шубу і насіла яе ў самы моцны мароз, хоць іншы раз прамярзала да касцей. Усё ж штучнае і французскае не разлічана на нашы мінус 35 па Цэльсію. Але яна любіла паўтараць — прыгажосць патрабуе ахвяр. А я ніколі не расказаў ёй пра тое, якой «ахвярай» мне дасталася гэта футра.

«Званок» у Нідэрланды

— Шкада, што ты не купіла мне малака мясцовага завода. Што ні кажы, а нашанскае — самае лепшае! Мне даспадобы яшчэ і тое, што кароў, ад якіх гэта малако, дояць робаты. А робат — не чалавек, на што запраграмаваны, тое абавязкова зробіць: накорміць жывёлу, вымя памые, памасажуе... А ведаеш, з якімі праблемамі ўкаранялася гэта ноу-хау ў нашым раёне? Я і пра гэта напісаў некалі. Трагікамічная гісторыя атрымалася. Хоць многім бокам павылазілі наступствы айчыннай бесталковасці і шалапайства. А як даярачкі плакалі, калі з калгасных фермаў на комплекс забіралі самых лепшых дойных кароў! Але пра ўсё па парадку. Слухай.

«Выпівалі сёння з суседам па дачы. Ён — галоўны заатэхнік раёна. Чалавек памяркоўны, гаспадарлівы, маўчун і аднаасобнік. А тут раптам прыйшоў з бутэлькай гарэлкі і кажа, што не ўмее піць у адзіноце. А выпіўшы, пачаў жаліцца на жыццё-быццё і тое, як «загубілі ірады ўвесь дойны статак».

Я і раней чытаў у мясцовай прэсе, што ў нас будуецца нейкі «Астранаўт». Гэта малочнатаварны комплекс з аўтаматызаваным кармленнем і рабатызаванай дойкай. Абсталяванне закупілі ў Нідэрландах, мантаж яго правялі іншаземцы. Наш абслуговы персанал прайшоў спецыяльнае навучанне. А нашы кіраўнікі, выкарыстаўшы момант, з'ездзілі за мяжу. Праўда, у прадстаўнічую дэлегацыю не ўключылі ніводнага спецыяліста жывёлагадоўлі. Таму падчас экскурсій па галандскіх фермах незацікаўленыя людзі не зважалі на многае, дакладней — ні на што. Пазіралі на сытых чысценькіх каровак, захапляліся ўмовамі працы, частаваліся малочнымі прадуктамі і галандскімі сырамі. А як жа без шопінгу!? Для многіх паездка ўдалася. Вось толькі ніхто з «экскурсантаў» не звярнуў увагу на тую акалічнасць, што да новых умоў дойкі Рагуляў трэба прывучаць з цялячага ўзросту — тыпу дрэсіраваць іх.

У нас жа як заўсёды: спачатку падключаем і выпрабоўваем апарат, а пасля пачынаем чытаць інструкцыю. Спачатку загадам з усіх гаспадарак сагналі на «Астранаўт» кароў з найбольшымі надоямі, выпусцілі іх у залу і пачалі чакаць рэкордных паказчыкаў па малаку.

Тут я мушу растлумачыць, што, каб карова падышла да даільнага апарата, там было прыстасаванне з прыемнай на смак патакай. Жывёла злізвала далікатэс, а робат у гэты час мыў, масажаваў і даіў яе. Што да тэхнікі, то яна працавала спраўна: кармы падаваліся своечасова і адпаведнай якасці, ачыстка і дэзынфекцыя памяшкання праводзілася рэгулярна, салодкая патака каля робата-даяра не заканчвалася, а рабатызаваная сістэма даіла і даіла бесперапынна. Вось толькі позна разабраліся, што доіць... яна адну і тую ж карову, а іншыя стаяць з перапоўненым вымем і равуць дзікімі галасамі. Знайшлася, праўда, нейкая, што, не дачакаўшыся чаргі да патакі, пачала тыкацца пысай у абсталяванне. А сістэма бяспекі спрацавала такім чынам, што аб непаладках на ферме першымі дазналіся аператары ў Нідэрландах. Цісканула наша Рагуля на аварыйную кнопку, пасля чаго званок прагучаў недзе пад Амстэрдамам, і ў адказ на пытанне дзяжурнага галандца пачулася працяглае мычанне.

Разборкі, што праводзіў потым старшыня выканкама, некаму каштавалі пасады, некаму прэміяльных. Нават майго знаёмага заатэхніка пакінулі без прагрэсіўкі. Але ён перажываў не з-за гэтага. Яму было крыўдна, што статак самых дойных кароў быў адпраўлены на мясакамбінат. А праблема заключалася ў тым, што кожнай трэба было, перш чым выпускаць у даільную залу, прымацаваць спецыяльны чып, які сігналізаваў бы робату і той адключаўся б, калі падоеная жывёла другі раз падыходзіла да апарата даення. Было яшчэ шмат якіх нюансаў, пра якія не ведалі тыя, хто працаваў на «Астранаўце», але не быў дапушчаны да спакуслівай паездкі ў Еўропу».

— І ведаеш, мая радасць, я так хачу верыць, што там цяпер парадак, а малако атрымліваецца з прысмакам патакі...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.

Грамадства

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Ідэя зладзіць свята ў беларускім стылі належыць яе выбранніку Аляксею Валадзько.

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі.