Вы тут

Прэзідэнт падтрымаў навацыі фіназдараўлення праблемных прадпрыемстваў АПК


Такую інфармацыю паведаміў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы па выніках нарады аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый. «У самы кароткі час праект указа будзе дапрацаваны. Мясцовым органам улады, гаспадарчым суб'ектам і інвестарам мы даём добры інструментарый для таго, каб уключаць у абарот неэфектыўныя гаспадаркі», — сказаў віцэ-прэм'ер.


Забягаючы наперад, адзначым, што, паводле слоў Міхаіла Русага, указ — гэта механізм стратэгіі і дамаўлення з крэдыторамі, які дазваляе, не прыцягваючы дадатковых сродкаў, за кошт рэструктурызацыі, пралангацыі міравых пагадненняў стварыць эфектыўныя комплексы, якія пачнуць зарабляць і разлічвацца.

Віцэ-прэм'ер таксама расказаў пра патрабаванні Прэзідэнта: павінен быць захаваны рабочы профіль арганізацый, павінна быць забяспечана занятасць работнікаў, а таксама выкананне сацыяльных абавязацельстваў. Вядома, забываць пра людзей нельга.

Аднак пра ўсё па парадку — за ходам нарады і яе вынікамі прасачыў наш карэспандэнт.

Дзень сённяшні, але з перспектывай

У пачатку мерапрыемства беларускі лідар звярнуўся да прысутных: «Сёння нам трэба будзе абмеркаваць стварэнне дзейсных мер, інструментаў выхаду праблемных сельгаспрадпрыемстваў на эфектыўную работу».

Прэзідэнт нагадаў, што ў канцы мінулага года ўраду было даручана распрацаваць комплексны нарматыўны прававы акт, які дазволіць арганізацыям АПК уваходзіць у спецыяльны рэжым фінансавага аздараўлення без прымянення судовых працэдур. «Адпаведныя паўнамоцтвы прапануецца, згодна з праектам, перадаць старшыням райвыканкамаў. Работа праведзена, хоць і занадта доўга яе ажыццяўлялі», — дадаў ён.

Аднак перш, чым падпісаць прадстаўлены ўказ, Аляксандр Лукашэнка агучыў членам урада і губернатарам наступныя пытанні. Па-першае, якія перспектывы развіцця сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, падтрымка якіх ажыццяўляецца ў рамках ужо прынятых рашэнняў? Ці знізілася колькасць неплацежаздольных суб'ектаў гаспадарання пасля мер, прынятых раней?

Па-другое, ці ўсе дамоўленасці рэалізаваны ў праекце ўказа? «Рашэнні, якія прымаюцца, павінны быць зямнымі, ці, дакладней сказаць, дакументамі сённяшняга дня. Яны павінны глядзець у перспектыву, але яны не павінны быць адарваныя ад той рэчаіснасці і рэальнасці, у якой мы з вамі існуем, — адзначыў беларускі лідар. — І наогул, ці дазволяць яны ў поўнай меры выкарыстаць вытворчы патэнцыял праблемных арганізацый і вывесці іх на стабільную працу?»

Пасля гэтага Прэзідэнт звярнуўся да губернатараў: як яны на месцах бачаць рэалізацыю гэтага ўказа, ці няма пярэчанняў у старшынь райвыканкамаў з нагоды надзялення іх новымі паўнамоцтвамі, бо ім неабходна будзе прымаць адказныя рашэнні наконт таго, што рабіць з праблемнымі гаспадаркамі.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладных адказаў ад выступоўцаў. «Калі ёсць праблемы, то патрэбны прадуманыя, канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«У нас яшчэ ёсць шэраг пытанняў, якія датычацца сельскай гаспадаркі. Я думаю, у другой частцы нашай сённяшняй сустрэчы мы абмяркуем і іх — асабліва тую сітуацыю, якая склалася сёння з нарыхтоўкай кармоў і ўборкай ураджаю», — дадаў ён.

Як усё працуе зараз

Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, работа па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый вядзецца ў рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 253 «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый».

У працэдуру дасудовага аздараўлення вызначаны 323 арганізацыі. Зараз яе праходзяць 283, у іх працягваецца работа па рэалізацыі распрацаваных бізнес-планаў, прыцягненні інвестараў, рэструктурызацыі фінансавых абавязацельстваў.

Што датычыцца прыцягнення інвестараў, то тут праведзена наступная работа: 37 арганізацый далучаны да тых, якія стабільна працуюць, тры былі бязвыплатна перададзены інвестарам, яшчэ па трох інвестару перададзены кантрольны пакет дзяржаўных акцый. Акрамя таго, праводзіцца продаж двух прадпрыемстваў, па 21 арганізацыі заключаны дагаворы знешняга кіравання з іншымі юрыдычнымі асобамі. Увогуле, па выніках першага квартала бягучага года дынаміка станоўчая.

Яшчэ трохі важных лічбаў: з 283 арганізацый 46 ужо аднавілі плацежаздольнасць, 78 — палепшылі паказчыкі, у 118 сітуацыя не змянілася, а вось у 41 прадпрыемстве плацежаздольнасць пагоршылася.

На дадзены момант у антыкрызісным кіраванні знаходзіцца 95 сельскагаспадарчых арганізацый.

Рэалізуюцца планы санацыі ў 78 прадпрыемствах. Вынікі першага квартала бягучага года наступныя: аднавілі плацежаздольнасць дзве арганізацыі, паляпшэнне прасочваецца ў 31 арганізацыі, нічога не змянілася ў васьмі, пагоршыліся каэфіцыенты плацежаздольнасці ў 37.

Што можа даць новы ўказ

Такім чынам, у мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы быў распрацаваны комплексны нарматыўны прававы акт, які на сістэмнай аснове стварае для сельскагаспадарчых арганізацый спецыяльны рэжым фінансавага аздараўлення без прымянення судовых працэдур і з надзяленнем адпаведнымі паўнамоцтвамі старшынь райвыканкамаў.

Якія інструменты можа прапанаваць указ? Напрыклад, павелічэнне статутнага фонду арганізацый у межах запазычанасці з перадачай акцый ва ўласнасць крэдытора. Акрамя таго, гэта заключэнне пагадненняў з крэдыторамі аб змене парадку выканання грашовага абавязацельства.

Яшчэ ёсць права акумулявання акцый сельскагаспадарчых арганізацый у райвыканкаме, а таксама пераўтварэння ўнітарных прадпрыемстваў у гаспадарчыя супольнасці па спрошчанай працэдуры. І гэта ўсё — толькі частка інструментаў.

Каб прыцягнуць інвестара, прадугледжана перадача сельгасарганізацыі ў арэнду, пакета дзяржаўных акцый — у давернае кіраванне, паўнамоцтваў выканаўчага органа — іншай юрыдычнай асобе, з правам далейшага выкупу па льготнай цане па выніках рэалізацыі бізнес-плана пры ўмове дасягнення эфектыўнай дзейнасці. Яшчэ адна магчымасць — продаж сельгасарганізацыі або пакета акцый па конкурсе або на аўкцыёне.

Дарэчы, калі на прадпрыемстве паспяхова рэалізуецца бізнес-план, дзейнасць становіцца эфектыўнай, то прадугледжана перадача кіраўніку 25 % акцый плюс адна акцыя.

Што яшчэ можа атрымаць інвестар? Напрыклад, продаж і здача ў арэнду маёмасці арганізацый без дзяржрэгістрацыі, а таксама распараджэнне асобнай маёмасцю без праваўстанаўліваючых дакументаў. Іх выраб можа праводзіцца на працягу аднаго года пасля заключэння здзелкі.

Таксама з'яўляецца магчымасць перадачы ў камунальную ўласнасць аб'ектаў жыллёвага фонду, сацыяльнай сферы і іншай інфраструктуры без правазасведчвальных дакументаў і тэхнічнай інвентарызацыі.

Арандатару або давернаму кіраўніку будзе дадзена права на працягу трох месяцаў спыніць працоўныя адносіны з кіраўніком, яго намеснікам і галоўным бухгалтарам. Важна: з іншымі работнікамі працоўныя адносіны захоўваюцца.

Несумненна, вялікую ролю тут будуць іграць старшыні райвыканкамаў, якія будуць абавязаны разам з кіраўнікамі праблемных арганізацый распрацаваць бізнес-план, ужыўшы ўсе магчымыя механізмы дасудовага аздараўлення. Пры гэтым прадугледжана іх абарона на дзелавую рызыку.

З думкай пра ўраджай

Па выніках мерапрыемства, як ужо было сказана ў пачатку, Міхаіл Русы пагутарыў з журналістамі. Дарэчы, на нарадзе таксама абмеркавалі пытанні ўборачнай кампаніі і нарыхтоўкі кармоў для патрэб жывёлагадоўлі.

«Жорсткая размова адбылася, што павінна быць якасць. Павінны быць задзейнічаны ўсе сілы і сродкі, каб кожны камбайн працаваў, — падкрэсліў Міхаіл Русы. — Што датычыцца хлеба, я думаю, што ў нас крыху менш чыста збожжавых, чым у мінулым годзе. Мы разлічваем, што з кукурузай — з улікам таго, што вельмі нядрэнная кукуруза, — мы будзем мець ураджай, меншы, чым летась, на 450—460 тыс. тон. Будзе дзесьці 7 млн 800 тыс. тон. Гэтага дастаткова, каб па балансе забяспечыць сябе, накарміць жывёлу, мець запас. Дзяржзаказ ужо пачаў выконвацца».

Які чакаецца ўраджай рапсу? Каля 600 тыс. тон, што трохі менш, чым у мінулым годзе. «У нас нядрэнны яравы (рапс. — «Зв.»), ён у гэтым годзе вельмі ўдала трапіў і пад дажджы, — сказаў Міхаіл Русы. — І буракі нядрэнныя, лепшыя, чым летась, кукуруза ў апошнія дні добра прыбаўляе ў росце, другія ўкосы пайшлі».

Якасць і выкананне ўсіх неабходных тэхналогій — гэта тыя асноўныя ўмовы, якіх трэба трымацца пры нарыхтоўцы і захоўванні кармоў, на якія падчас нарады звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Кожная сельскагаспадарчая арганізацыя павінна мець неабходныя запасы, каб пазбегнуць фінансавых страт, а таксама «перакідання» кармоў паміж гаспадаркамі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».