Вы тут

Сёння ў Мінску стартуе чэмпіянат свету па баскетболе


Яркая спартыўная падзея збярэ ў сталіцы найлепшых баскетбалістак ва ўзроставай катэгорыі U-17. Шаснаццаць наймацнейшых зборных свету будуць змагацца на паркеце Палаца спорту і Falcon Club арэны з 21 да 29 ліпеня. У турніры прымуць удзел каманды Анголы, Аргенціны, Аўстраліі, Беларусі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Канады, Калумбіі, Кітая, Латвіі, Малі, Новай Зеландыі, Францыі і Японіі.


Усе ўдзельнікі ўжо прыбылі ў Мінск і камфортна размясціліся ў сталічных гасцініцах. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Вікторыя Дацун расказала, як адзываюцца госці аб арганізацыі турніру ў Беларусі. «Мела зносіны з калегамі са зборнай Францыі, яны ўражаны сур'ёзнай падрыхтоўкай, якая адпавядае самым высокім стандартам правядзення нават дарослых турніраў па баскетболе».

Старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў адзначыў, што ўсе каманды зараджаныя на самы высокі вынік на гэтым турніры, але ў нашай зборнай гэтага зараду павінна быць больш за ўсіх. «Дзяўчаты дома, а тут і сцены дапамагаюць. Мы ганарымся, што Міжнародная федэрацыя абрала Беларусь гаспадыняй правядзення згаданага турніру, гэта паказчык паспяховасці правядзення шматлікіх спаборніцтваў у нашай краіне і адлюстраванне, наколькі арганізацыйна гатовы беларускі бок правесці мерапрыемства на добрым узроўні. Вядома, немалую ролю адыграла і добрая рэпутацыя нашай жаночай нацыянальнай зборнай у свеце».

Талісманам чэмпіянату стаў баскетбаліст Буслік, а галоўны трафей турніру ўвасобіў у сабе талент, энергію і эмоцыі будучых сусветных зорак: кубак свету, уладальніцы якога стануць вядомы пасля фінальнай сустрэчы 29 ліпеня, уяўляе сабой пазалочаную каменную глыбу, якая, як і юныя гульцы, патрабуе агранкі. Дызайн медалёў цяперашняга чэмпіянату таксама атрымаўся ўнікальны.

«Такога ўзроўню баскетбольны турнір у нас упершыню, мы ўсе імкнуліся і прыкладалі намаганні для таго, каб гэты чэмпіянат пакінуў выдатныя ўспаміны, — адзначае намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Барауля. — Хацеў бы пажадаць нашай камандзе ўпэўненасці, вы не павінны забываць, што з'яўляецеся нашчадкамі тых выдатных традыцый, якія ў нас ёсць у жаночым баскетболе, гэта таксама павінна матываваць і надаваць новыя сілы».

Адзначым, што на першым этапе зборная Беларусі згуляе ў папярэдняй групе А з камандамі Калумбіі (21 ліпеня), Японіі (22 ліпеня) і Францыі (24 ліпеня).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Талент, энергія і эмоцыі будучых зорак

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».