Вы тут

У Гомелі спрабавалі спагнаць грошы за бясплатныя электралічыльнікі


Кожны сумленны грамадзянін ведае, што за паслугі, якія яму аказваюць, трэба плаціць. Часта мы робім гэта аўтаматычна. Дарэчы, высвятляецца, дарма. Бо іншым разам з нас спрабуюць спагнаць грошы за тое, за што мы плаціць не абавязаны. Менавіта ў такую сітуацыю трапілі жыхары дома № 22 па вуліцы Цімафеенкі ў Гомелі.


Пры правядзенні капітальнага рамонту ў іх доме людзей папрасілі заплаціць за ўсталяванне новых сучасных лічыльнікаў электраэнергіі. Грамадзяне засумняваліся, што такое патрабаванне адпавядае закону. Тым больш, высветлілася, што ў аналагічных выпадках такія ж лічыльнікі ставілі бясплатна. Жыхары ўрэшце адмовіліся плаціць па 118 рублёў за замену прыбораў уліку электраэнергіі. Іх можна зразумець, бо аддаваць такія грошы з кожнай кватэры — занадта многа.

Сярод сваякоў жыхароў дома знайшоўся кампетэнтны чалавек, які і растлумачыў астатнім, што можна пазмагацца за свае правы з дапамогай скаргаў. Людзі сабраліся і адправілі калектыўны зварот у адрас КЖРЭУП «Чыгуначнае» і яшчэ некалькі інстанцый. Гэта і прынесла плён.

Высветлілася, што камунальнікі, на якіх «наязджалі» жыхары, знаходзіліся ў сітуацыі, калі, з аднаго боку, павінны былі выконваць прад'яўленыя ім тэхнічныя ўмовы і ўсталёўваць агульнае абсталяванне для аўтаматызаванай сістэмы кантролю і ўліку энергаспажывання за свой кошт. З другога — у бюджэце капрамонту дома на гэта не былі прадугледжаны сродкі.

Каб разруліць праблему, былі праведзены сумесныя нарады з адпаведнымі спецыялістамі Гомельскага гарвыканкама і РУП «Гомельэнерга».

Больш падрабязна нюансы справы растумачыў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці» Алег СПІРЫДОНАЎ:

— Пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на капітальны рамонт гэтага дома былі атрыманы тэхнічныя ўмовы РУП «Гомельэнерга» на ўсталяванне ў гэтым доме сістэмы АСКУЭ (аўтаматызаванай сістэмы кантролю і ўліку энергаспажывання). Такім чынам, па гэтых тэхнічных умовах індукцыйныя індывідуальныя прыборы для ўліку электрычнай энергіі патрабавалася замяніць на электронныя. Грамадзяне некалькі разоў праводзілі агульныя сходы і адмовіліся ўсталёўваць за свой кошт новыя электронныя прыборы. Справа ў тым, што лічыльнікі АСКУЭ зніжаюць страты толькі РУП «Гомельэнерга»: пры іх усталяванні спецыялістам арганізацыі не трэба хадзіць і знімаць паказчыкі — уся інфармацыя відаць на камп'ютары. Грамадзянам і КЖРЭУП «Чыгуначнае» такія лічыльнікі без патрэбы. Дарэчы, пры правядзенні капітальнага рамонту не прадугледжана выдзяленне сродкаў для ўсталявання новых электралічыльнікаў АСКУЭ.

Аднак у тэхнічных умовах, выдадзеных РУП «Гомельэнерга», значылася: агульнае абсталяванне — за кошт сродкаў капрамонту, а прыборы індывідуальнага ўліку — за кошт грамадзян. Людзей такі варыянт заканамерна не задаволіў. Да таго ж высветлілася, што лічыльнікі ў гэтым доме прайшлі паверку ў 2015 годзе. Паколькі паверачны інтэрвал складае восем гадоў, яны могуць яшчэ некалькі гадоў выкарыстоўвацца. Кіраўніцтву РУП «Гомельэнерга» мы накіравалі адпаведны ліст, атрыманы з Гомельскага аблвыканкама. У ім змяшчаецца парада пры правядзенні капітальнага рамонту не выдаваць такія тэхнічныя ўмовы і патрабаванні пра замену лічыльнікаў, якія нядаўна прайшлі паверку. На сённяшні дзень прынята рашэнне аб змяненнях у праектна-каштарысную дакументацыю па электралічыльніках сістэмы АСКУЭ, а РУП «Гомельэнерга» апламбуе існуючыя ў грамадзян індукцыйныя індывідуальныя прыборы і прыме іх на свой улік.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».