Вы тут

Факультэт міжнародных адносінаў зноў выйшаў у лідары


На гэты раз па кошце навучання.

На гэтым тыдні ў беларускіх ВНУ завяршаецца залічэнне на бюджэтную форму навучання.  У тых, каму не пашанавала трапіць на бюджэтнае месца, застаецца магчымасць падаць свае дакументы на платную форму навучання.  Але на якія сумы трэба разлічваць сям'і, якая прымае такое важнае рашэнне на чатыры-пяць гадоў наперад? Пакуль што далёка не ўсе ВНУ агучылі кошт навучання на 2018/2019 навучальны год. У апошнія гады самыя высокія цэны выстаўлялі Белдзяржуніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі: менавіта ў гэтых ВНУ рыхтуюць па самых запатрабаваных абітурыентамі спецыяльнасцях, калі меркаваць па конкурснай сітуацыі. БДУІР пакуль з новымі цэнамі не вызначыўся, а вось на сайце Белдзяржуніверсітэта ўжо можна азнаёміцца з новымі коштамі.


Даражэй за ўсё ацэненае навучанне на дзённай форме на спецыяльнасцях "Міжнароднае права", "Правазнаўства" і "Эканамічнае права" - тут цэны дасягаюць 3575 рублёў у год. Такім чынам факультэт міжнародных адносінаў і юрыдычны факультэт лідзіруюць у  краіне не толькі па прахадных балах...

Навучанне на эканамічным факультэце для студэнтаў першага-трэцяга курса будзе каштаваць 3467 рублёў, на біялагічным - 3223 рублі, на факультэце журналістыкі - ад 3223 да 3395 рублёў, на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі  - 2964 рублі, хімічным і фізічным - 2673 рублі. 

Танней за ўсё вучыцца ў галоўным універсітэце краіны будзе на спецыяльнасці "сацыяльная праца", а таксама на рускай і беларускай філалогіі,  дзе "кошт " складае  2354 рублі. Выразна прасочваецца мінулагодняя тэндэнцыя - попыт з боку абітурыентаў моцна ўплывае на "цэннікі" на адукацыю, інакш як яшчэ можна патлумачыць той факт, што падрыхтоўка журналіста ацэньваецца ў значна большую суму, чым падрыхтоўка, напрыклад, філолага?

Між іншым, колькі гадоў таму адной з самых дарагіх лічылася ў краіне медыцынская адукацыя.  Але, напрыклад, у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце год навучання на самым дарагім стаматалагічным факультэце абыйдзецца сям'і першакурсніка ў 3158 рублёў за год. На лячэбным факультэце - у 2 737 рублёў, а на фармацэўтычным - у 2 713 рублёў.

У Гродзенскім медуніверсітэце год навучання для першакурснікў на спецыяльнсці "лячэбная справа" будзе каштаваць 2745 рублёў, "педыятрыя" і "медыка-псіхалагічная справа" - 2712 рублёў, "медыка-дыягнастычная справа" - 2626 рублёў.

Дзённая форма навучання для першакурснікаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ацэньваецца ў 2 490 рублёў, што зноў такі намнога менш, чым на журфаку, эканамічным факультэце ці на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ў 2018/2019 навучальным годе кошт навучання на дзённай форме для першакурснікаў складзе 2500 рублёў  на спецыяльнсцях "музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія" і "музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура". Ніжэйшым будзе кошт на спецыяльнасцях "выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы" і "выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка" - 2476 рублёў. Студэнты першага курса спецыяльнасцяў з вывучэннем замежнай мовы за год заплацяць 2 380 рублёў. Кошт платнага навучання на іншых спецыяльнасцях складзе ў БДПУ 2 316 рублёў.

Вышэйшую адукацыю на ўмовах аплаты ў Беларусі атрымліваюць прыкладна палова ад агульнай колькасці студэнтаў. У бягучым годзе на першую ступень навучання ў ВНУ плануецца прыняць каля 54,4 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт бюджэту — 26,5 тысячы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».