Вы тут

Рэха «Славянкі»: яркія імгненні сёлетняга фестывалю мастацтваў


Афіцыйна дваццаць сёмы міжнародны фестываль фінішаваў яшчэ ў мінулы панядзелак. Але насамрэч у Віцебску яшчэ некалькі дзён праходзілі канцэрты, выстаўкі і тэатральныя сустрэчы, якія не ўвайшлі ў асноўную праграму, а сацыяльныя сеткі гулі ад абмену ўражаннямі. Адны гледачы абмяркоўвалі сцэнічныя ўборы і прафесійнае майстэрства вядучых, другія выкладвалі сэлфі з фэсту вулічнай культуры, трэція прызнаваліся ў любові да канкрэтных артыстаў і бясконца ды бессэнсоўна спрачаліся пра мастацкія густы...

«Звязда» паспрабавала абагульніць, чым найбольш запомніўся сёлетні «Славянскі базар».


«Дзікі анёл» прызямліўся ў Віцебску

Яна ўварвалася ў сэрцы тэлегледачоў постсавецкай прасторы 20 гадоў таму з аргенцінскім серыялам «Дзікі анёл» ды так і засталася ў ім. Сёння Наталля Арэйра — не толькі спявачка і актрыса, але яшчэ і дызайнер, і пасол добрай волі ЮНІСЕФ у Аргенціне і родным Уругваі. У Віцебск Наталля прыехала ўпершыню, але адразу праніклася атмасферай фэсту, трымала сябе з паклоннікамі проста і дазволіла называць сябе Наташай. А яшчэ вывучыла правільную назву нашай краіны, прывезла гледачам фільм «Я — Гая» пра лёс папулярнай лацінаамерыканскай спявачкі і працавала ў складзе міжнароднага журы конкурсу выканаўцаў.

«Хто натхняе мяне? Схіляю галаву перад маці-адзіночкамі, бо не ўяўляю, ці змагла б выхоўваць сына адна. Таксама глыбока паважаю жанчын, якія змагаюцца за роўныя з мужчынамі правы. Нядаўна я сыграла такую гераіню ў новым фільме «Ненармальная» (Re Loca), які выйшаў сёлета: у ім жанчына, з якой доўгі час дрэнна абыходзяцца, пачынае шчыра гаварыць пра гэта і рабіць тое, пра што іншыя толькі мараць. Але наогул гэта камедыя, і больш за ўсё смяюцца мужчыны, — расказала актрыса. — Калі б я сама была рэжысёрам, то, напэўна, прысвяціла б стужку самаму пяшчотнаму ўзросту — дзяцінству. Я шмат дзе бывала, бачыла, што адбываецца з дзецьмі ў розных краінах, і хацела б перанесці гэтыя гісторыі на экран».

Брэгавіч і Кустурыца: побач, але не разам

Сёлета на «Славянскім базары» выступалі адразу пяць разнапланавых аркестраў, у тым ліку два балканскія — «Вясельна-пахавальны аркестр» знакамітага музыкі і кампазітара Горана Брэгавіча і No Smokіng Orchestra рэжысёра і хулігана Эміра Кустурыцы. Былыя сябры і паплечнікі пасварыліся шмат гадоў таму, абвінавацілі адзін аднаго ў плагіяце і з таго часу не кантактуюць: на канцэрце ў Віцебску яны выступілі ў розных аддзяленнях і не сустрэліся нават за кулісамі. Але запаліць і завесці публіку змаглі абодва.

Зазвычай людзі на канцэртах сядзяць і слухаюць, а артысты спяваюць і танцуюць. Але Горан Брэгавіч усё здолеў зрабіць на свой лад. Ён прыўставаў з месца, толькі каб змяніць інструмент, прыняць букеты ад глядачак ды выйсці на паклон, паказваючы жэстамі, што частка ягонага сэрца застанецца ў Віцебску. Ён выбачаўся, што размаўляе з публікай па-англійску, але тая цудоўна разумела мову музыкі. Завадныя цыганскія і балканскія рытмы паднялі з месцаў ці не палову залы, а падчас выканання песні Іn The Death Car, вядомай як саўндтрэк да фільма «Мары Арызоны», публіка так разышлася, што Брэгавіч вымушаны быў заклікаць да цішыні — песня гучала камерна, пад гітару і ледзь чутны рытм бубнаў.

А вось Эмір Кустурыца, наадварот, шмат размаўляў з публікай на добрай рускай і танцаваў. За гадзіну з лішкам Кустурыца прымусіў залу скакаць, смяяцца і плакаць, троліў сучасную поп-культуру, выканаў любімыя кампазіцыі з уласных фільмаў «Чорная кошка, белы кот» і «Жыццё як цуд», параўноўваў сябе з Шагалам і Францыскам Скарынам і, на захапленне фанатаў, правёў увесь ансамбль у танцы па перыметры залы, дазваляючы зрабіць шыкоўныя сэлфі. «Гэта быў самы ўлётны канцэрт на фэсце!» — дзяліліся гледачы, выклікаючы пякучую зайздрасць у тых, хто прапусціў шыкоўную балканскую вечарынку.

Цімаці і віртуальнасць

Цімаці, які прывёз на фестываль сваю новую праграму «Пакаленне», нечакана, здаецца, нават для арганізатараў, сабраў поўную залу. І яшчэ больш здзівіў паклоннікаў тым, што не «ўключыў зорку» і не рабіў на сцэне ніякага пафаснага шоу, адмовіўшыся ад дэкарацый і балета і карыстаючыся толькі высакаякасным светлавым афармленнем.

Што цікава, рэпер знаходзіўся на сцэне адзін, але пры гэтым прагучалі ўсе яго дуэты з іншымі артыстамі. Дакладней, з іхнімі віртуальнымі копіямі — экраннымі выявамі. Пра кожнага з гэтых «напарнікаў» Цімаці сказаў колькі цёплых слоў, а напрыканцы асобна падзякаваў публіцы за душэўны прыём. «Ніколі б не падумала, што Цімаці, з ног да галавы пакрыты татуіроўкамі, такі інтэлігентны і сціплы!» — падзялілася ўражаннямі калега, якая разам з яшчэ некалькімі сотнямі гледачоў сумленна адседзела ўвесь начны канцэрт (на хвіліначку, выступленне пачалося а палове на другую ночы і доўжылася амаль дзве гадзіны).

Круглыя даты

Сёлета на фестывалі адзначалі адразу некалькі юбілеяў (і гэта калі не згадваць 30-годдзе галоўнай пляцоўкі — Летняга амфітэатра). Так, у некалькіх канцэртах выйшаў на сцэну Раберціна Ларэці — той самы хлопчык, «хрустальным» голасам якога ў песнях «Джамайка» і «O sole mіo» 65 гадоў таму захапляўся ўвесь свет. Ларэці даў 850 сольных канцэртаў у розных краінах. Сёлета знакаміты артыст плануе адправіцца ў развітальны юбілейны тур, а пасля канчаткова завяршыць кар'еру і заняцца бізнесам і выкладчыцкай дзейнасцю.

Трэці па ліку юбілейны канцэрт даў і старшыня журы конкурсу выканаўцаў расійскі кампазітар-песеннік Аляксандр Марозаў, які да гэтага адзначыў сваё 70-годдзе і 50 гадоў творчай дзейнасці ў Санкт-Пецярбургу і ў Крамлі. На праграме «У святліцы маёй светла...», заўважым, яблык таксама доўга шукаў бы, дзе ўпасці, гледачы з першай ноты падпявалі любімыя песні, а сам кампазітар зрабіў для сябе шэраг адкрыццяў. «Ваш студэнцкі гурт «Маракасы» прыемна ўразіў, падрыхтаваў маю песню на беларускай мове. Наогул, шмат з якімі артыстамі, якіх я ўбачыў і пачуў у Віцебску, хацелася б працягнуць творчае супрацоўніцтва».

Цалкам натуральна, што аншлагавым стаў канцэрт «І пакуль на зямлі існуе каханне...», прысвечаны 80-годдзю Ігара Лучанка. Павіншаваць вядомага кампазітара, народнага артыста СССР і БССР, сабраўся не толькі зорны россып выканаўцаў, але перш за ўсё слухачы, якія ахапкамі неслі кветкі і не стрымлівалі эмоцый, стоячы віталі кампазітара авацыямі, засыпалі кампліментамі. У канцэрце прагучалі крыху больш за 20 песень — але, здаецца, публіка слухала б і слухала ўсе чатыры сотні, напісаныя Ігарам Міхайлавічам за гады творчай дзейнасці.

Імя Розы

Дэлегацыя Казахстана на «Славянскім базары — 2018» была відаць здалёк. І не толькі таму, што ў межах праекта «Фестываль без межаў» адбыўся канцэрт «Мастацтва вялікага стэпу» з удзелам больш як 80 казахскіх майстроў мастацтваў, што прадстаўнік гэтай краіны Амрэ (псеўданім Ернара Садзірбаева) на конкурсе выканаўцаў узяў першую прэмію, а імя народнай артысткі Розы Рымбаевай упрыгожыла Плошчу зорак каля Летняга амфітэатра. А яшчэ мініяцюрную Розу Куанышаўну на афіцыйныя мерапрыемствы суправаджалі волаты-батыры ў шыкоўных і гістарычна дакладных касцюмах, з мячамі і лукамі — пяцёра мужчын ростам па два метры і вышэй. Прычым у дадзеным выпадку гэта не метафара, а канстатацыя факта. На ўсе роспыты, адкуль узяліся легендарныя гіганты, самі яны — удзельнікі тэатра нацыянальных касцюмаў «Арлан Жэтэ» — толькі стрымана ўсміхаліся і жартавалі: «На кумысе выраслі!».

Фэст у фэсце

Чацвёрты фэст «На сямі вятрах» у Віцебску прайшоў па формуле 7 х 7= 700: на сямі пляцоўках былі прадстаўленыя сем розных відаў вулічнага мастацтва — вулічныя тэатры, фаер-шоу, перформанс, музыка і спевы, паэзія, выяўленчае мастацтва і харэаграфія, а ўдзел у ім узялі больш як 700 чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Фінляндыі і Швецыі. Прычым ніводны з іх не зняўся з праграмы нават у самы моцны дождж! «Віцебскі дождж — наш пастаянны ўдзельнік, — жартуе рэжысёр Юрый Брэус, — летась ён нават атрымаў Гран-пры ў намінацыі «Найлепшы перформанс».

Экспертная рада, у якую ўвайшлі мастацтвазнаўцы, кіраўнікі прафесійных творчых калектываў, прадзюсары і арт-менеджары, ацэньвала ўсіх удзельнікаў і выбрала найлепшых. «Мы зрабілі гэта не для таго, каб расставіць творчыя суполкі па ранжыры, а з той мэтай, каб людзям, якія вырашаць да нас далучыцца ў наступным годзе, было на каго раўняцца, бо папярэдне штогод праходзіць даволі сур'ёзны адсеў удзельнікаў», — расказала аўтар і кіраўнік фэсту Уладзіслава Цвікі.

Такім чынам, фаер-каманда Agnі show атрымала галоўны прыз фэсту «На сямі вятрах» — камень са старога віцебскага бруку, распісаны мастаком Надзеяй Бараноўскай. Яшчэ адзін спецыяльны прыз — чамаданчык-скарбонку — атрымала зборная батэрыя (бразільскі аркестр), якая сабрала найбольшую колькасць гледачоў.

Гульня ў лялькі

Праект «Лялечны квартал» у межах «Славянскага базару ў Віцебску» існуе ўжо пяць гадоў і кожны раз уражвае гледачоў шматжанравымі пастаноўкамі тэатраў з розных краін. Не стаў выключэннем і сёлетні фестываль, дзе гледачы мелі магчымасць убачыць новую работу брэсцкага тэатра «Халстамер. Гісторыя каня» паводле Талстога, фантасмагорыю «Мёртвыя душы» Арэнбургскага абласнога тэатра лялек, філасофскі спектакль для дарослых «Памінальная малітва» ад Мыцішчанскага тэатра, фарс «Скандальнае здарэнне ў Пасажы, альбо Кракадзіл» пермскага тэатра «Карабаска», добры дзіцячы «Церамок» ад Татарскага дзяржаўнага тэатра лялек «Экіят», паэтычную казку «Алёнушка і Іванушка» Хмяльніцкага тэатра, казку-прытчу «Гісторыя адной маці» ўкраінскага тэатра «ГістАрт». Самі ж гаспадары свята, віцебскі тэатр «Лялька», падрыхтавалі гісторыю «Фенька» і музычную казку-фантазію «Брэменскія музыкі», якая ідзе ўжо 20 гадоў і стала ў тым ліку добрай традыцыяй «Лялечнага квартала».

У юбілейны год удзельнікі фестывалю лялек усіх гадоў атрымалі не толькі спецыяльныя дыпломы, але і памятныя падарункі — аўтарскую батлейку мастака Дзмітрыя Гаралевіча, якая сімвалізуе «Лялечны квартал» і асаблівую атмасферу тэатра.

...Крокамер у маім тэлефоне паказвае, што падчас «Славянскага базару» пройдзена больш за 100 тысяч крокаў. Прытым што далёка не ўсё ўдалося паспець і часам хацелася разарвацца на некалькі частак, каб пабачыць, паслухаць, паўдзельнічаць ва ўсіх цікавых імпрэзах. Мабыць, гэта нагода чакаць наступнага лета і зноў жыць фестывалем, занатоўваць яго летапіс на сайце і газетных старонках?..

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з афіцыйнага сайта fest-sbv.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.