21 Верасень, пятніца

Вы тут

Як у Дрыбінскім раёне захоўваюць народную культуру


Ёсць у Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне аграгарадок Кароўчына. Гэта адно з тых месцаў, якімі мы, беларусы, можам ганарыцца. Тут няма велічных замкаў, буйных вытворчасцяў і славутых помнікаў прыроды. Хоць мясціны маляўнічыя і турыстамі аблюбаваныя: возера, храм, аграсядзіба, досыць развітая інфраструктура. Але галоўная каштоўнасць вёскі — людзі, якія захавалі і развіваюць тут народную культуру. Каб пазнаёміцца з імі, трэба зайсці ў Дом рамёстваў, што знаходзіцца ў тыпавым будынку дзіцячага садка. Але многія ў Беларусі і за яе межамі бачылі гэтых незвычайных, вельмі светлых і адданых сваёй справе жанчын на самых розных форумах: «Александрыя збірае сяброў», «Славянскі базар», «Дрыбінскія таржкі», на Днях беларускай культуры ў Санкт-Пецярбургу...


Дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Сіроціна

Іх вянкі з палявых кветак, тканыя дарожкі, накрыўкі, кошыкі, лялькі, торбы, сувеніры і абярэгі з саломкі, лазы, кукурузнага лісця, а таксама лапці, раскупляюць умомант, любяць і ведаюць. Але гэтыя некалькі жанчын працуюць не для камерцыйнай выгады. Галоўная іх мэта — перадаць наступным пакаленням багацце, якім валодалі нашы продкі і якое моль і ржа не знішчаць, злодзей не скрадзе. Тое, што маглі іх рукі. Што дазваляла выжыць у ліхія часы і захаваць радасць, здольнасць бачыць і тварыць прыгажосць. Супрацоўніцы Дома рамёстваў у вёсцы Кароўчына праз рэчы, вырабу якіх яны паспелі навучыцца ў мясцовых майстроў, перадаюць мясцовай дзятве ні многа ні мала — народную сілу духу і аптымізм.

Напляталі лапці мяхамі

— Ездзілі, знаёміліся са старажыламі, цікавіліся, якія рамёствы развіваліся ў той або іншай мясцовасці і хто якімі рамёствамі валодае. Вядома, не ўсё атрымлівалася адразу, бо часцей за ўсё мы чулі: «Вой, дзетачка, канешне бачылі, так-так, было-было, вой, спрабавалі, ды забыліся...». Але мы з людзьмі працавалі ўвесь час, таму аднаўлялі забытыя рамёствы, — расказвае навуковы супрацоўнік кароўчынскага Дома рамёстваў Валянціна ПАЎЛЮК.

Установа гэта ўтварылася ў 2007 годзе. Можа падацца, што ўжо занадта позна. Напрыклад, лапці, якія цяпер сталі брэндам Кароўчына, раней плялі ў сем'ях мужчыны, бо работа патрабуе фізічнай сілы. І мужчын, якія гэта ўмелі рабіць, яны ўжо жывымі не заспелі. Але яшчэ заспелі іх дачок, якіх бацькі, ці то з-за дзіцячай цікаўнасці, ці то з-за сямейнай патрэбы майстэрству свайму навучылі. І, нягледзячы на тое, што як мінімум паўвека жанчыны гэтага ўжо не рабілі, рукі іх справу ўспомнілі.

— Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе сітуацыя была такая, што патрэбна было нечым жыць. Бабулі нам расказвалі, што плялі лапці ўзімку, калі было больш вольнага часу. Напляталі мяхамі. Сядзелі пад кіраўніцтвам бацькі, калі быў такі ў сям'і, бо гэта мужчынская была справа. Потым хадзілі з лапцямі ў Магілёў і мянялі іх на ўсё неабходнае. Акрамя таго, што і самі насілі, — працягвае мой экскурсавод.

Тэхніку пляцення лапцей яны пачалі асвойваць прыкладна ў 2008 годзе. «Ужо няма тых бабуль, майстрых, з якімі мы вельмі сябравалі, — з асаблівай цеплынёй кажа Валянціна Паўлюк. — Надзея Пракопаўна Кірылава і Ефрасіння Антонаўна Збродава — нашы галоўныя настаўніцы. Надзея Пракопаўна па стане здароўя нават ні разу не была ў нас у Доме рамёстваў. Яе дачка вельмі нам удзячная за тое, што мы да яе прыходзілі: «Мама акрыяла, бо адчула сваю патрэбнасць, неабходнасць». Яна заўсёды чакала нас. Мы паказвалі ёй аформлены фотаальбом, пісалі пра яе ў газету. Калі працуем з людзьмі, то часта завязваюцца асаблівыя адносіны. Мы ўзаемна патрэбныя адно аднаму».

Увесь невялікі калектыў гэтай установы імкнецца асвоіць кожнае рамяство, а потым — развіць яго. І дырэктар Таццяна Сіроціна, галоўны настаўнік па лозапляценні, і Валянціна Маісеева, майстар па пляценні лапцей, і Жанна Жорава, якая кіруе дзіцячым гуртком «Лапаточак», і метадыст Галіна Хальцова, і Валянціна Паўлюк — пастаянна ў пошуку, у працэсе навучання або выкладання. Забыўшыся пра час, яны гадзінамі праседжваюць каля носьбітаў традыцыйных рамёстваў, часам да поўначы, пакуль тыя паказваюць ім тэхналогію: крок за крокам. Тое, чаму навучыліся рукі, падмацоўваюць фотаздымкамі і апісаннем.

У 2011 годзе кароўчынскі Дом рамёстваў прадставіў уласны праект «Адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі пляцення лапцей майстрамі Дрыбінскага раёна» на навукова-практычнай канферэнцыі «Рамёствы Магілёўшчыны. Традыцыі і сучаснасць». У тым жа годзе тэхналогіі пляцення дрыбінскіх лапцей быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Навучыўшыся нейкаму рамяству, жанчыны вучаць дзяцей і дарослых у Кароўчыне, турыстаў, ладзяць выязныя майстар-класы. Дзецям вельмі падабаецца, захапляюцца і малыя, і падлеткі, і дзяўчаткі, і хлопчыкі. Напэўна, дзіцячая душа цягнецца да сапраўднага. А можа, справа ў геннай памяці?

Абутак для праграміста

— Зараз не толькі ў нас, а ва ўсім свеце падымаецца хваля вяртання да традыцыйных каштоўнасцяў, — тлумачаць майстрыхі Дома рамёстваў цікаўнасць да сваіх вырабаў. — Людзі стаміліся ад серыйнай, фабрычнай вытворчасці, і рэчы, якія зроблены рукамі, набылі новае жыццё. Да нас прыязджалі госці з далёкага замежжа — італьянцы, немцы — і казалі: «Так, і ў маёй бабулі былі такія рэчы. І ў нас гэта зараз вельмі цэніцца». Так што гэта павеў часу.

Жанчыны сцвярджаюць, што зробленыя імі рэчы карыстаюцца попытам не толькі як сувеніры, музейныя экспанаты або сцэнічны рэквізіт, але і вяртаюцца ў побыт.

— Мы не проста аднаўляем рамёствы, але ўносім у вырабы свае ідэі, каларыт. Нашы рэчы вельмі папулярныя ў якасці сувеніраў, разам з тым лапці, дарожкі, вышыванкі, кошыкі ўваходзяць у моду. У нас набываюць лапці, каб насіць іх на прыродзе. Нядаўна жанчына купіла лапці зяцю-праграмісту, у якога баляць ногі. Ён пераабуваецца ў іх на працы, каб адчуць палёгку. Некаторыя заказваюць у нас лапці і тлумачаць: да мяне на дачу прыязджаюць госці, я сустракаю іх у нацыянальнай кашулі, але ж хачу фарсануць лапцямі. Бывае, што ёсць ужо лапці ў суседзяў, сяброў, але людзі шукаюць адмысловыя. Менавіта такімі з'яўляюцца дрыбінскія.

Дрыбінскія лапці вырабляць лягчэй, і выглядаюць яны прасцей, чым, скажам, смаленскія. Называюцца яны «зырачыя», бо падчас пляцення пакідаецца дзірачка — «вочка» — наперадзе. Яны без пяткі і ў адрозненне ад тых, што плялі на тэрыторыі Расіі, плецены прамым пляценнем, а не касым. Лапці зношваюцца хутка, таму падэшву ў іх робяць з падплётам — больш тоўстую.

Валянціна Паўлюк дэманструе кароўчынскую саламяную ляльку.

«Многія памылкова думаюць, што лапці насілі летам, — адукоўваюць мяне жанчыны. — Насамрэч у цёплую пару года сяляне хадзілі басанож, а абуваліся толькі падчас пакосу або ў лес. Лапці часцей насілі ў халады: увосень і ўзімку. Ногі загортвалі ў анучы (кавалак палатна), а каб было яшчэ цяплей, падкладалі аўчыну, калі такой не было — салому. Канешне, такі абутак прапускаў вільгаць, таму, напрыклад, у школе дзеці (як правіла, гэта была звычайная вясковая хата), здымалі лапці і анучы і развешвалі, каб тыя прасохлі, а на ўроках сядзелі босыя».

Яшчэ адно прызначэнне лапцяў, актуальнае і сёння — выкарыстанне ў якасці абярэгу. Яны, дарэчы, былі задзейнічаны ў некаторых народных абрадах, напрыклад на плот вывешвалі ношаны лапаць як сродак ад паганага вока. У Кароўчыне многія купляюць маленькія лапцікі, каб павесіць на лабавое шкло ў машыне.

Застанецца пасля нас

Кароўчынскі Дом рамёстваў штогод ладзіць не менш за дзве (а часам тры, чатыры) персанальныя выстаўкі навакольных майстроў, не абавязкова з самой вёскі. Гэта могуць быць самыя розныя вырабы. Выстаўкі праходзяць пад дзвюма рубрыкамі: «Вачэй зачараванне» (экспазіцыя работ майстроў, якія зараз жывуць і працуюць) і «Захоўваем цяпло вашых рук» (работы тых, каго ўжо няма з намі). «Калі мы ходзім з экспедыцыямі, то сустракаем людзей, якія кажуць: «Вось, я трошкі вышываю. А вось гэта вышывала мая сястра». Глядзім — а там творы мастацтва. Тады мы дамаўляемся са сваякамі, ладзім выстаўку, і яе бачаць усе — і дзеці, і дарослыя».

Яны асвоілі і навучаюць іншых не толькі пляценню лапцей. Быў перыяд, калі цікавіліся беларускай вышыўкай, асаблівасцямі яе тэхнікі. Вывучалі сімволіку. У Доме рамёстваў добрая калекцыя мясцовых ручнікоў. Амаль усе — мінулага стагоддзя, кожны мае апісанне і сваю гісторыю. Нядаўна ручнік, на якім вышыта дата, прынесла дзяўчынка, але растлумачыць, адкуль ён і што гэта за лічбы, не змагла. Цяпер супрацоўніцы Дома рамёстваў плануюць экспедыцыю да сваякоў дзяўчынкі, каб даведацца пра ручнік больш.

«Кожны ручнік унікальны: гэта і ткацтва, і карункі, і вышыўка, — звяртае ўвагу Валянціна Паўлюк. — Вось гэты — узор традыцыйнага ручніка для нашай мясцовасці. Мы яго рэстаўрыравалі і ў 2010 годзе бралі ўдзел у конкурсе «Традыцыйны рэстаўрыраваны ручнік». Занялі першае месца, і наш ручнік аб'ездзіў усю Беларусь і нават пабываў за яе межамі».

Рэстаўрыравалі той ручнік першы дырэктар і заснавальнік Дома рамёстваў Ларыса Заклікоўская разам з вучаніцай Дзіянай Шындзікавай. Ларысы Заклікоўскай, на жаль, ужо няма, яна рана пайшла з жыцця, пакінуўшы пасля сябе вялікую жывую справу ў Кароўчыне. Дзіяна ўжо скончыла Горацкую акадэмію.

Увогуле, рабоце з дзецьмі тут удзяляюць асаблівую ўвагу. Два разы на год праводзяць святы для дзяцей і дарослых «Вялікдзень у нашым доме» і «Каляды», а таксама конкурсы дзіцячых работ «Велікодны сувенір».

На экспазіцыі ў Доме рамёстваў прадстаўлены работы выдатнага майстра разьбы па дрэве Віктара Ліпскага. Багатая калекцыя беларускай лялькі з саломкі. Дарэчы, у Кароўчына і наваколлі няма майстроў па саломапляценні, гэтым рамяством тут не займаліся. Тым не менш супрацоўніцы Дома рамёстваў зацікавіліся, наведалі семінар, навучыліся і цяпер ствараюць уласныя непаўторныя вырабы.

Цяжка пералічыць усё, што можна ўбачыць і чаму здзівіцца, навучыцца ў Кароўчыне. Несумненна адно: з гэтага Дома рамёстваў кожны выходзіць трошкі іншы, трошкі багацейшы. Па-першае, выносіць цяпло сустрэчы і зносін з людзьмі, якія тут працуюць. Гонар за зямлю, на якой жыве. Упэўненасць, што зямля гэта вытрымае ўсе выпрабаванні і абавязкова расцвіце, падорыць тым, хто жыве на ёй, простае і яснае шчасце. Шчасце жыць і любіць. Дзяліцца радасцю з іншымі. У тым ліку — праз цяпло спрацаваных рук.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

аг. Кароўчына Дрыбінскага раёна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!