Усім — ад грамадскіх арганізацый да школьнікаў — прыняць удзел у ахове навакольнага асяроддзя хутка стане прасцей. У найбліжэйшы час па ўсёй Беларусі запрацуе сем клубаў экалагічнага маніторынгу і адзінаццаць рэсурсных цэнтраў для «зялёных» школ, мэта якіх — далучыць усіх неабыякавых да экалагічных праблем, у першую чаргу забруджвання атмасфернага паветра.
9 з 10 чалавек сёння дыхаюць брудным паветрам — такія несуцяшальныя лічбы прыводзіць Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Шкодныя рэчывы, якія трапляюць у паветра, могуць выклікаць інсульт, рак, зніжаць імунітэт і ўплываць на псіхічнае здароўе дарослых і дзяцей. Каб прадухіліць рызыку захворванняў, неабходна праводзіць маніторынг атмасфернага паветра. Але без грамадскасці тут не абысціся, упэўнены спецыялісты. Гэта і стала прычынай старту чатырохгадовага праекта, які арганізатары коратка называюць «Зялёныя школы», афіцыйна ж назва гучыць так: «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні».
Адна з галоўных задач праекта — развіццё «зялёнай» адукацыі.
— Мы плануем вельмі цесна працаваць з дзіцячымі садкамі, арганізацыямі дадатковай і дашкольнай адукацыі, школамі. Нават неабавязкова, каб гэтыя ўстановы мелі дыпломы, галоўнае — прытрымлівацца экалагічных прынцыпаў, — падкрэсліла кіраўнік праекта Вольга Чаброўская. — Ужо выбраны, напрыклад, першы дзіцячы сад у якасці пілотнага. Таксама мы хочам падключыць людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў стане першым, дзе мы пратэсціруем праграмы навучання для гэтай катэгорыі насельніцтва.
Дарэчы, у рамках праекта будуць распрацаваны навучальныя і асветніцкія матэрыялы для дзяцей, педагогаў і моладзі. Акрамя гэтага, плануецца ўдасканаліць існуючыя і распрацаваць новыя школьныя факультатывы, павысіць кваліфікацыю настаўнікаў па экалагічнай тэматыцы. Каб ахапіць як мага больш людзей, арганізатары створаць сем клубаў і 11 рэсурсных цэнтраў, якія ўкамплектуюць абсталяваннем для маніторынгу паветра. Абапірацца ўся гэта сетка будзе на ўжо існуючыя структуры: мясцовыя ініцыятывы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС), Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму і г. д. Многія з іх маюць вопыт паспяховай працы ў праграме «Зялёныя школы» (рэалізуецца з 2012 года). У ідэале прадугледжана супрацоўніцтва гэтых арганізацый з мясцовымі органамі ўлады.
— Права на здаровае навакольнае асяроддзе павінна спалучацца з адказнасцю за яго. І тут мала працаваць толькі з прамысловымі прадпрыемствамі, неабходна вучыць наша грамадства правільнаму дыялогу з суб'ектамі гаспадарання. Пажадана з самага дзяцінства, каб будучае пакаленне было не толькі экалагічна адукаваным, але і экалагічна адказным, — адзначыла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна. — Таксама неабходна далучаць інстытуты грамадзянскай супольнасці да прыняцця экалагічных рашэнняў і актывізаваць працу на рэгіянальным узроўні ў частцы развіцця «зялёнай» эканомікі. Гэта толькі некаторыя з задач рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, якія Беларусь прасоўвае ў нацыянальную эканоміку.
Кацярына ЦІТОВА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.