Вы тут

Як у Глыбоцкім раёне ахоўваюць унікальныя краявіды


Кантраляваць мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў старых прадпрыемстваў, падтрымліваць парадак на сваёй тэрыторыі — гэта толькі малая частка тых задач, якія вырашае Глыбоцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


— Маё меркаванне такое: навядзенне парадку пачынаецца не з афарбоўкі плота, а з больш глабальных пытанняў, — кажа начальнік інспекцыі Аляксандр КАЗАК. — У прыватнасці, за апошні час праведзена першая чарга каналізавання горада Глыбокае, пабудаваны і ўжо працуюць ачышчальныя збудаванні з глыбокай біялагічнай ачысткай за кошт крэдытаў Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця. Дзякуючы правядзенню каналізавання ў ААТ «Глыбоцкі аграсэрвіс» спынены выпуск сцёкавых вод у возера Кагальнае, ажыццяўляецца іх скід у гарадскую каналізацыю, чым забяспечваецца нарматыўная ачыстка сцёкавых вод і паляпшэнне якасці паверхневых вод, скарачаецца і аб'ём недастаткова ачышчаных сцёкавых вод. Адбылася таксама маштабная рэканструкцыя цэха сухой сыроваткі УП «Глыбоцкі МКК», таму цяпер малочная сыроватка не трапіць у каналізацыю. Праведзены рамонт ачышчальных збудаванняў з закрыццём выпуску сцёкавых вод у паверхневы водны аб'ект — раку Бярозаўку — у аб'ёме 1262 тыс. м3. Для прадухілення забруджвання падземных вод выкананы ліквідацыйны тампанаж чатырох артэзіянскіх свідравін, якія цяпер не выкарыстоўваюцца.

— У раёне нямала прамысловых прадпрыемстваў, пабудаваных у той час, калі патрабаванні да экалагічнай бяспекі былі не такія высокія. Якое становішча спраў сёння на гэтых прадпрыемствах?

— На шасці вытворчых аб'ектах праведзены мерапрыемствы па мадэрнізацыі, аптымізацыі і замене тэхнічна і маральна састарэлага абсталявання, што дазволіла знізіць выкіды шкодных рэчываў у атмасфернае паветра на 1,1 тоны. З усіх прадпрыемстваў раёна найбольшы валавы выкід забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра складаюць аб'екты УП ЖКГ. Асноўныя крыніцы выкідаў — трубы кацельных установак, таму кацельныя цяпер рэканструююцца і мадэрнізуюцца. Сёлета на ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» праведзена замена трох цыклонаў; замененыя вентылятары на аспірацыйнай сістэме, на элеватары заменены састарэлыя маторарэдуктары на стужачных транспарцёрах, што зніжае хуткасць і памяншае выкіды; праведзена замена шлюзавых засавак аспірацыйнай устаноўкі ў адным з цэхаў. Сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў, у раённых улад ёсць разуменне таго, што трэба мадэрнізаваць старыя прадпрыемствы, у тым ліку, а часам і перш за ўсё, па экалагічнай лініі.

— Ці атрымліваецца ў раёна прыцягваць гранты для фінансавання экалагічных праектаў?

— Так, мы імкнёмся ўдзельнічаць у міжнародных праектах з мэтай вывучэння цікавага вопыту і прыцягнення фінансаў. Напрыклад, у мінулым годзе інспекцыя прымала ўдзел у рабочай групе праекта Еўрасаюза «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь. Устойлівае кіраванне цвёрдымі камунальнымі бытавымі адходамі ў г. п. Падсвілле» ў сувязі з экалагічнай скіраванасцю гэтай праграмы. У выніку рэалізацыі праекта рэкультываваны міні-палігон Воранава, высаджаны чатыры тысячы сеянцаў хвоі. Таксама набыта 45 еўракантэйнераў для паасобнага збору адходаў, добраўпарадкавана дзевяць кантэйнерных пляцовак з цвёрдым пакрыццём і агароджай з металапрофілю.

— На мой погляд турыста, Глыбоцкі раён — адзін з самых добраўпарадкаваных і прыгожых, пачынаючы ад гарадскіх вуліц і завяршаючы прыватнымі падворкамі. Вам, напэўна, нават штрафы не даводзіцца выпісваць нядбайным гаспадарам?

— На жаль, парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ўсё ж бываюць. Навядзенне парадку на зямлі — адзін з нашых прыярытэтаў, таму з пачатку года праведзены выбарачныя абследаванні 1315 аб'ектаў, у тым ліку 621 сельскагаспадарчага, 72 водных аб'ектаў, 45 міні-палігонаў ЦКА, 320 сельскіх населеных пунктаў. У той жа час хочацца адзначыць сістэматычную працу раённых улад, інспекцыі ў частцы навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання. Прыгажосць роднай зямлі — гэта, можна сказаць, брэнд нашага раёна. Таму ёсць і пацвярджэнне: па выніках правядзення конкурсу па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі ў 2013 годзе Глыбокае заняло першае месца ў краіне. Зона адпачынку на возеры Кагальнае ў 2015 годзе заняла першае месца ў Беларусі па добраўпарадкаванні. У 2016 годзе аграгарадок Удзела па добраўпарадкаванні сярод населеных пунктаў 5-й катэгорыі прызнаны адным з найлепшых у краіне. У мінулым годзе Глыбоцкі раён па культуры земляробства заняў першае месца ў Беларусі. Нашы людзі не шкадуюць сіл, сродкаў і фантазіі для добраўпарадкавання, таму што любяць сваю зямлю і хочуць жыць у прыгожым навакольным асяроддзі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прыгажосць наваколля як брэнд

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.