Вы тут

Супляменнікі з Даўгаўпілса павіншавалі з юбілеем горад Наваполацк


Які сёлета мае статус Культурнай сталіцы Беларусі.


Шанцуе нам на сяброў, добрых людзей. А яшчэ Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) актыўна выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці такі каштоўны “інструмент” для наладжвання стасункаў, як пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне культуры. Таму й гасцюем у Беларусі часта — у розных гарадах. Менавіта дзякуючы Пагадненню, што заключана паміж ЦБК і адкрытым акцыянерным таварыствам “Нафтан” з Наваполацка, мы й гасцявалі ў маладым горадзе. Там 9–10 чэрвеня наш ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” паўдзельнічаў у святочных імпрэзах, прысвечаных 60‑годдзю Наваполацка — Культурнай сталіцы Беларусі- 2018.

Як і наш Даўгаўпілс, што калісьці называўся Дзвінскам, Наваполацк стаіць пры Дзвіне: на левым яе беразе, на захад ад старажытнага Полацка. Развіваецца як цэнтр нафтахіміі, мае крыху больш за 100 тысяч жыхароў, лічыцца буйным прамысловым і навуковым горадам Віцебшчыны. Не раз ужо станавіўся пляцоўкай для правядзення конкурсаў, фэстаў ды выстаў розных узроўню. Гэта ж адзін з наймаладых гарадоў Беларусі, таму ягоным жыхарам усё цікава. Сярэдні ўзрост іх, дарэчы, каля 40 гадоў. Наваполацк першым у Беларусі атрымаў статус “Горад, які дружалюбны дзецям”. А пра тое, што развіваецца горад- юбіляр гарманічна, сведчыць і наданне яму ў Беларусі статуса Культурнай сталіцы‑2018.

У суботу, сонечным ранкам і рушыла творчая дэлегацыя з Даўгаўпілса на Бацькаўшчыну. І з першых хвілін гасцявання свайго ў маладым горадзе трапілі мы ў атмасферу сапраўднай беларускай гасціннасці, хлебасольнасці, ветлівасці, любві ды клопату. Нас закруціў рознакаляровы вір імпрэзаў: было яркае шэсце, святочныя канцэрты па ўсім горадзе, пляцоўкі з вулічнымі тэатрамі, горад майстроў, майстар- класы. Праходзіў канцэрт папулярнай беларускай спявачкі Жанэт і легендарнага ансамбля “Сябры”, а вечарам быў маляўнічы феерверк. На другі ж дзень гаспадары зладзілі для нас экскурсію па Полацку, знаёмілі з ягонай багатай гісторыяй. Наведалі мы Спаса- Еўфрасіннеўскі манастыр, іншыя слаўныя мясціны.

А пачалося гарадское свята з маляўнічага шэсця працоўных калектываў. Ярка ўпрыгожаная калона, у якой былі й кіраўніцтва, госці горада, прадстаўнікі арганізацый, устаноў, прайшлася па вуліцы Маладзёжнай, працягласць якой каля 15 кіламетраў, выстраілася на цэнтральнай Плошчы будаўнікоў. Ва ўрачыстым адкрыцці свята паўдзельнічалі Кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава (працоўная дзейнасць якой раней звязана была з Наваполацкам), Міністр культуры Юры Бондар, мэр Наваполацка Дзмітры Дзямідаў, архіепіскап Полацкі й Глыбоцкі Феадосій ды іншыя высокія асобы, грамадскія дзеячы.

Творчая дэлегацыя з Даўгаўпілса ў Наваполацку

Пасля прамоў ды ўзнагароджання заслужаных новапалачан прагучаў гімн горада — і быў святочны канцэрт як зорак беларускай эстрады, так і заслужаных аматарскіх калектываў. Наш фальклорны гурт “Купалінка”, якім кіруе Вячаслаў Пятроў, прывёз у падарунак музычную праграму “Беларусі — з любоўю!”. То былі не проста словы: так выявіўся стан душы ўдзельнікаў гурта. Яны падарылі Наваполацку, роднай Беларусі як лірычныя, так і жартоўныя беларускія, латышскія ды латгальскія народныя песні. Як вядома, цяпер у Беларусі — Год малой радзімы, для беларусаў замежжа ён асаблівы. Бо памяць пра родныя мясціны заўсёды ў нас жывая. Мы не забываем пра родныя карані, пра той куток на зямлі, адкуль пайшлі ў свет. Пра тое й казала я, вітаючы гараджан і гасцей горада, пажадаўшы дабра ўсім і працвітання гораду. Пра сыноўскую любоў да Бацькаўшчыны казаў, выступаючы, і даўгаўпілскі паэт Яўген Голубеў, які ў плыні нашай праграмы прачытаў некалькі сваіх вершаў.

Мы вельмі ўдзячны за добрую арганізацыю паездкі, цудоўны прыём кіраўніцтву таварыства “Нафтан”, дырэктару Палаца культуры “Нафтан” Алене Выхаванец, загадчыцы вытворча-масавага аддзела Алене Шчапінскай, кіраўніцы заслужанага аматарскага калектыву Беларусі, узорнага вакальна- харэаграфічнага гурта “Камарыкі” Святлане Багаслаў, культурнаму арганізатару Палаца культуры Людміле Драўніцкай ды іншым добрым людзям, якія зрабілі нашу паездку насычанай, прадуктыйнай — і незабыўнай. У гутарках з сябрамі мы сыходзімся ў меркаванні: усё, што мы робім супольна па абодва бакі мяжы, спрыяе ўмацаванню сяброўскіх, партнёрскіх стасункаў між нашымі народамі, суседнімі краінамі. Нам цікава захоўваць і пашыраць багатыя традыцыі, звычаі свайго народа не толькі ў Латвіі — па ўсім свеце. За межамі ж Бацькаўшчыны мы яшчэ вастрэй адчуваем, як любім яе — і заўсёды ёй ганарымся. Так што — да новых сустрэч, родная Беларусь!

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтрабеларускай культуры, г. Даўгаўпілс 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».