Вы тут

Нас яднае і футбол!


Актывісты самарскай суполкі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска- Беларускае Братэрства 2000” былі ў ліку валанцёраў, калі праходзіў чэмпіянат свету па футболе FІFA 2018 у Расіі


Чэмпіянат, як вядома, праходзіў з 14 чэрвеня па 15 ліпеня ў 11 гарадах Расіі, у тым ліку й Самара гасцінна прымала футбалістаў і футбольных фанатаў. Самарская зямля, на якой жывуць прадстаўнікі 157 нацыянальнасцяў, вітала балельшчыкаў, футбалістаў з Аўстраліі, Бразіліі, Даніі, Коста- Рыка, Калумбіі, Мексікі, Сербіі, Сенегала, Уругвая ды іншых краін. Сярод тых валанцёраў, хто дапамагаў асвоіцца на новым месцы ўдзельнікам і гасцям чэмпіянату, былі й кіраўніцы ды і актывісты моладзевага аддзялення беларускай суполкі: Юлія Цяплянская, Вольга Данкеева, Кацярына Стрынакова, Кацярына Міхайлава, Андрэй Зыкаў, Яўген Курмакоў, Сяргей Аверын. А таксама салісткі беларускіх вакальных ансамбляў “Каданс” і “Сузор’ е” Анастасія Гуркіна, Арына Камісарава, Анастасія Асташына, Марына Кашаева. “Нашы хлопцы й дзяўчаты сустракалі, суправаджалі футбольныя зборныя, афіцыйныя дэлегацыі, узаемадзейнічалі з гледачамі на стадыёне “Самара Арена”, з футбольнымі фанатамі ў фан-зоне на плошчы імя Куйбышава, выступалі на шматлікіх забаўляльных імпрэзах”, — з гонарам кажа Георгі Курмакоў, намеснік кіраўніка моладзевага аддзялення суполкі “Руска- Беларускае Братэрства 2000”.

Гэта й нашы суайчыннікі-беларусы ў Самарскім міжнародным аэрапорце “Курумоч” сустракалі й зборную каманду Расіі. У складзе яе, дарэчы, гуляе Сяргей Ігнашэвіч: хоць нарадзіўся ў Маскве, аднак у беларуска- чувашскай сям’і. Неяк Сяргей Мікалаевіч казаў, што практычна кожнае лета праводзіў у Беларусі, у вёсцы Хорастава на Міншчыне, адкуль родам ягоны бацька. Увогуле ж у “футбольныя” дні ў самарскіх беларусаў выявіўся ў словах новы дэвіз “Дружба, творчество, спорт и мир — наш жизненный ориентир!”. А гуртам “Каданс” і “Сузор’ е”, пад кіраўніцтвам адпаведна Іны Сухачэўскай ды Алены Кірылашавай, давялося выступаць на розных пляцоўках. Спявалі беларускія й рускія народныя песні, творы сучасных аўтараў. Вельмі гасцінна прымалі гэтыя гурты гледачы вялікай канцэртнай праграмы, што ладзілася для футбольных фанатаў і гасцей ЧС-2018. Тое было 30 чэрвеня ў парку імя Юрыя Гагарына, у плыні татарскага свята Сабантуй.

Беларускія гурты Самары спалучаюць цудоўнае выкананне песень з арыгінальнай харэаграфіяй. Скажам, Алена Кірылашава з сяброўкамі ярка прадставілі беларускія народныя песні “Я скакала, плясала”, “Цячэ вада ў ярок” і “З-пад шэрага камушыка”. Грала й флейта, шумавыя інструменты. А ў адказ — мора апладысментаў! Гледачы доўга не адпускалі салістак са сцэны. Спрацавалі на задуму й новыя сцэнічныя касцюмы салістак, якія шылі... з улікам рэпертуару ансамбля.

Беларускі песенны блок у праграме прадоўжыў гурт “Каданс”: гучалі песні “Гармонік грае”, “Лявоніха”, “Бульбачка”. Гледачы ж нават танчылі пад іх прама ля сцэны. А вядомую песню “Я, ты, он, она — вместе целая страна” гурты “Каданс” і “Сузор’ е” спявалі сумесна з мардоўскім вакальным ансамблем “Віяна” з Мардоўскага НКЦ “Масторава”. Пад тую песню на пляцоўцы ўтварыўся Карагод дружбы з арганізатараў свята, удзельнікаў, гледачоў і гасцей. Уліліся ў яго й ганаровыя госці: кіраўнік рэгіёну Дзмітрый Азараў, кіраўнік гарадской акругі Самара Алена Лапушкіна, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Ігар Станкевіч.

Карацей, хораша гуляла-спявала Самара! Прычым разам з мамамі- татамі на шматлікіх беларускіх і міжнацыянальных імпрэзах былі таксама іх дзеці. “Пераемнасць пакаленняў — як творчая, так і дзелавая — у нас закладваецца з малых гадоў!” — з усмешкай кажа Алена Кірылашава, заснавальніца й першая мастацкая кіраўніца заслужанага беларускага вакальнага ансамбля “Каданс”, а цяпер і беларускага вакальнага ансамбля “Сузор’ е”. Яе сыночку Ванечку толькі тры гады, а ён ужо атрымлівае першыя ўрокі па вакале і практычна заўсёды — сярод гледачоў, калі мама на сцэне выступае са сваімі ансамблямі.

Самары выпаў гонар прымаць удзельнікаў і гасцей ЧС-2018 па футболе, і гэта была важная падзея для ўсёй краіны, вобласці, горада. “На стадыёне “Самара Арена” — “Космическая” праходзілі гульні, тэлетрансляцыю з якіх глядзелі па ўсім свеце! — гаворыць прэзідэнт суполкі “Руска- Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. — Цэлы месяц мы былі ў ліку актыўных футбольных заўзятараў: дружна радаваліся перамогам, суперажывалі, калі былі паразы. Але мушу ўсім нагадаць: гэта ж толькі гульня! А дружба — яна ж пераадольвае ўсе межы, калі сапраўдная. Вельмі прыемна чуць, як замежныя футбольныя фанаты прызнаюцца: ім абяцалі ўбачыць панурых, злых людзей у расійскіх гарадах. Але ж прагнозы не спраўдзіліся, прызнаюцца яны, і госці ўбачылі лагоднасць і клопат, радасць ад сустрэч, нашу гатоўнасць дапамагчы ў любой жыццёвай сітуацыі. Мне прыемна, што такую атмасферу гасціннасці актыўна дапамагалі ствараць і беларусы Самарскай вобласці”.

Мікалай Бойка, г. Самара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».