Вы тут

Сяброў вітае Гервачай


Беларусы з латышскага горада Ліепая пабывалі на Купаллі, якое традыцыйна ладзіць штогод Беларуская суполка “Крыніца” з літоўскай Клайпеды.


Беларускае Купалле – гэта свет прыгожых людзей

Купалле — гэта ў беларусаў заўсёды супольнае свята. Яно дае магчымасць кожнаму з нас адчуць сябе жывою часцінкаю грамады, свайго народа. І нават усяго Сусвету. І ў тым пераканаліся мы, пабываўшы на Купаллі ў сяброў. Свята ўжо 14‑ы раз ладзіла Беларуская суполка “Крыніца” з літоўскай Клайпеды. Праходзіла ж яно на гэты раз у ноч з 23 на 24 чэрвеня ў паселішчы Шарнай (Клайпедскі раён), у жывапіснай сядзібе Гервайчай на беразе рэчкі Мінія.

Сядзіба Гервачай — удалая пляцоўка для масавага свята

Пачалося Купалле 23 чэрвеня ў 18 гадзін — з канцэрту. З беларускімі песнямі выступілі ансамблі з Клайпеды: “Купалінка”, што дзейнічае пры суполцы “Крыніца”, ды ансамбль- трыа “Лад”. Далучылі свае галасы ў святочную дзею й госці: ансамбль беларускай песні з Ліепаі “Паўлінка”, спявак з літоўскага Вісагінаса Сяргей Шабадалаў (у якога, дарэчы, родавыя карані з Браслаўшчыны, з Відзаў). Самымі ж далёкімі, але ж вельмі блізкімі ўсім па духу гасцямі на тым Купаллі былі артысты з беларускага горада Ліды і раёна: фальклорны гурт “Гудскі гарамонік”, якім кіруе Андрэй Калышка, і артысткі з Тэатра мініяцюр “Балагур” Святлана Шмукста і Ганна Булай. Святкавалі Купалле разам з намі й прадстаўнікі беларускай суполкі з расійскага Калінінграда.

Кіраўніца гурта “Паўлінка” Жанна Буйніцкая, пабачыўшы “Гудскі гарамонік”, была ў захапленні. Вось бы запрасіць, казала, яго ў Ліепаю! Тады б можна было й і гараджан парадаваць, і нечаму павучыцца ў калег. Мы даведаліся, што самабытнаму гурту з Ліды ўжо 30 гадоў, ён шмат гастралюе па Польшчы, Літве, быў лаўрэатам і дыпламантам многіх конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку й міжнародных. Акрамя беларускіх і польскіх народных песень, якія мы пачулі, вельмі ўразіла ўсіх, як віртуозна граюць артысты з Ліды на сваіх інструментах: а гэта гармонік, баян, цымбалы, скрыпкі, барабаны, дудка- сапрана, жалейка, дуда. Былі яшчэ ў іх, падказалі нам, і тамбурын, трашчоткі ды скрыпічны кантрабас.

Сяброўкі за Купальскім сталом

Пад час канцэрту гучалі словы падзякі арганізатарам, удзельнікам свята. Выказваючы падзяку й падносячы беларускія сувеніры гурту “Паўлінка”, старшыня суполкі “Крыніца” Мікалай Логвін адзначыў актыўнасць ліепайскіх сяброў, нагадаў пра цеснае супрацоўніцтва з гуртом, якое доўжыцца шмат гадоў. Артысты ж “Паўлінкі” былі аднымі з першых гасцей на тым першым Купаллі, што ўзяліся праводзіць актывісты “Крыніцы”. Дарэчы, адметныя беларускія сувеніры выйгравалі й гледачы, у тым ліку ліепайчане, калі ўдзельнічалі ў Купальскіх конкурсах і гульнях.

Прыгожае вогнішча – адзін з яркіх сімвалаў Купалля

Пасля канцэрта Мікалай Логвін, які разам з сябрамі й ладзіў свята, запрасіў усіх артыстаў за агульны стол на святочную Купальскую вячэру. Там госці з Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі змаглі бліжэй пазнаёміцца. А крыху пазней свята прадоўжылася. Ярка палала Купальскае вогнішча. Былі карагоды вакол яго, танцы, гульні, песні. Сцэнар гэтай часткі Купалля быў падрыхтаваны з улікам народных традыцый. Таму на Купаллі мы шукалі чароўную Папараць- кветку, кідалі ў ваду Купальскія вянкі, скакалі праз вогнішча.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Фота аўтара


Ад рэдакцыі

Пра літоўскія гастролі напісалі на сваім сайце ў нэце таксама й артысты гурта “Гудскі гармонік”. З тэкста “Купальскае свята з сябрамі ў Клайпедзе” можна даведацца, што шанцуе артыстам- удзельнікам народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” у апошнія гады: “Не кожны ж мае шчасце адзначаць такое вясёлае й па-сапраўднаму любімае ўсімі свята Купалле двойчы на год. А мы — маем! І ўсё таму, што ў суседняй Літве і ў нашай Беларусі гэты народны фэст праводзіцца ў розныя даты. Вось і сёлета 23 чэрвеня ў Клайпедзе мясцовая беларуская суполка “Крыніца” зладзіла літоўскае Купалле на беларускі лад. І ўжо другі раз па запрашэнні кіраўніка беларускай дыяспары Мікалая Логвіна завітаў у госці на свята гурт “Гудскі гармонік”. Далей прыводзяцца словы спадара Мікалая пра тое, што Купалле пад Клайпедай стала ўжо традыцыйным і любімым не толькі сярод мясцовых жыхароў, але й гасцей з іншых рэгіёнаў Літвы, суседніх краін. Таму й цяпер у сядзібе Гервайчай было вельмі шматлюдна й весела.

Лідчане заўважаюць: нягледзячы на сталае месца правядзення, кожнае Купалле ў Клайпедзе — адметнае. Ім падалося, што на гэты раз Купальскае свята для ўсіх удзельнікаў прайшло пад знакам асаблівай цеплыні, сяброўства — і неймавернай асалоды ад сустрэч адначасова з далёкімі ды такімі блізкімі па духу людзьмі. На гэты раз “Гудскі гармонік” закрываў канцэрт. У выступленні гурта былі й новыя беларускія народныя песні — з юбілейнай праграмы, што абкаталася перад тым у Лідзе. Як і летась, паміж песнямі гурта да слёз весяліў гледачоў народным сакавітым гумарам Тэатр мініяцюр “Балагур” з Ганчарскага дома культуры Лідскага раёна.

З цеплынёй згадваюць у Лідзе традыцыйныя забавы, абрады Купалля: і пусканне вянкоў на ваду, і скачкі праз велізарнае вогнішча ў надзеі ачысціць душу й цела, а таксама незабыўныя пошукі Папараць- кветкі. А гукі беларускіх песень і мелодый, пішуць лідчане, аж да глыбокай ночы разносіліся над Мініяй у розныя бакі.

Спадзяемся, што, як і планавалася, актывісты суполкі “Крыніца” завіталі ўжо й на беларускае Купалле ў Ліду, што цёплыя сустрэчы сяброў прадоўжыліся. Вось так хораша, гарманічна Купалле збліжае людзей, якія паважаюць і творча прадаўжаюць традыцыі продкаў.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.