20 Верасень, чацвер

Вы тут

Чарнавокі — сястра Хатыні


Вёска Чарнавокі Верхнядзвінскага раёна – ціхі і ўтульны куток на беразе лясной рэчкі Свольны, ягадная і грыбная мясціна. Некалькі хат на адной вуліцы. Зімой і летам у ёй жывуць тры жанчыны і адзін дзядуля. У дачны сезон насельніцтва, хоць і не нашмат, павялічваецца. 


У гэтую вёску мяне прывяла звяздоўская рубрыка “Трэба дома бываць часцей” і напамін пра жахлівую старонку лёсу Асвейшчыны: Чарнавокі – сястра Хатыні. На лясной дарозе каля вёскі стаіць сціплы помнік, як напамін: на гэтым месцы ў сялянскім хляве згарэлі болей за дзвесце шэсцьдзясят жыхароў Рэвутаў, Глінцоў, Чарнавокаў, Дабраплёсаў і іншых навакольных вёсак. Так у 1943-м нямецкія захопнікі ажжыцяўлялі палітыку “выпаленай зямлі” і здзяйснялі карную аперацыю пад назовам “Зімоавае чараўніцтва”. Пасля трагэдыі адрадзіліся толькі адны Чарнавокі. 

Вясковыя жыхары — дзве Марыі, 88-гадовы Пётр Мароз – колішні ляснік і былая мінчанка Святлана жывуць, як кажуць, у згодзе і міры. У свае сорак гадоў Святлана Герасімчык свядома змяніла сталічную прапіску на вясковую, каб кожнае імгненне адчуваць дотык прыроды. Зімою любіць пасядзець з мармышкай на лёдзе, летам прымае ад насельніцтва грыбы і ягады. 

Тытульнае прозвішча – Чарнавок — толькі ў 79-гадовай Марыі Мікалаеўны. Жанчына была сведкай, як у 1949 годзе вёска перасялялася з зямлянак у нанова адбудаваныя дамы і хаты. У былой калгаснай даяркі і цялятніцы прыгожы голас, яна ведае аўтэнтычны фальклор, час ад часу спявае. Тут можна паслухаць, як Марыя Мікалаеўна выконвае купальскія і летнія песні. Яе цёзка - Марыя Ярошкін -а чвэрць стагоддзя таму пакінула Ленінград і перабралася ў бацькоўскі дом. Яна лічыць: “Родная хатка, як родная матка!” Часта чарнавокцы збіраюцца разам — пагаварыць, паспяваць, паўспамінаць. Летам да іх далучаюцца і дачнікі. 

Калі вёску наведвае аўталаўка, усе да аднаго, як па камандзе, жыхары збіраюцца каля машыны. Гэты зручны момант я выкарыстаў, каб сфатаграфаваць вяскоўцаў разам. На агульным здымку — сталыя жыхары і дачнікі: Пётр Мароз, Марыя Чарнавок, Марыя Ярошкіна, Валянціна Чарнавок, Ірына Цясцюк са сваімі сынамі, Зінаіда Калмычэўская. На іншых фота - Святлана Герасімчык на квадрацыкле – яна едзе па чарніцы, прадавец аўталаўкі Ала Козікава, якая двойчы на тыдзень наведвае вёску, а таксама нашчадак вёскі, жыхар Наваполацка Леанід Чарнавокі, які клапоціцца пра захаванасць памяці і любіць адкрываць невядомыя факты з мінулага вёскі. Дарэчы, гэта ён адшукаў звесткі, што напачатку васямнаццацага стагоддзя пасяленне Чарнавокі ўжо існавала — немалаважны факт для асэнсавання такога паняцця, як малая радзіма. 

Анатоль Кляшчук

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.