Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Чыпсы двойчы падпалілі завод

Пажарныя амерыканскага горада Остын (штат Тэхас) двойчы за тыдзень выязджалі тушыць завод з-за самаадвольнага ўзгарання кукурузных чыпсаў, паведамляе «Русская служба Би-би-си».

На заводзе тэсціравалі новыя спосабы ўтылізацыі адходаў вытворчасці, аднак «штосьці пайшло не так», адзначаецца ў паведамленні пажарнага дэпартамента горада. «Кукурузныя чыпсы іграюць важную ролю для мясцовага бізнесу. І мы іх успрымаем сур'ёзна, таму што з імі мы спажываем такую важную ежу, як чылі кон кеса, соус сальса, нача і іншыя прысмакі, неабходныя тэхасцу для паўнавартаснага жыцця і камфорту. Так што ўявіце наша хваляванне, калі нас выклікалі на пажар з-за ўзгарання на фабрыцы па вытворчасці кукурузных чыпсаў. І не адзін раз, а двойчы!» — адзначаецца ў паведамленні. Шкоду ад пажару ацанілі як нязначную: згарэлі толькі скрынкі з адходамі і пацярпеў фасад будынка. Астатнія скрынкі пажарныя вырашылі ўтапіць, каб не дапусціць новых выпадкаў самазагарання.


У Вялікабрытаніі прайшлі традыцыйныя гонкі слімакоў

У графстве Норфалк прайшлі штогадовыя спаборніцтвы паміж слімакамі на хуткасць. Забегі адбываюцца там ужо больш за паўстагоддзя.

Слімакі павінны былі пераадолець дыстанцыю ў 33 сантыметры — выпаўзці з маленькага круга і дапаўзці да самага вялікага. На такіх спаборніцтвах сапраўды можна заснуць, калі не хварэеш за сваю падапечную. «Спартсменаў»-бегуноў рыхтуюць задоўга і трымаюць на асаблівай дыеце: шмат лісця і вады. Удзельнічаць можа кожны. Пры гэтым слімакоў можна было прынесці з сабой ці выбраць сярод ужо прафесійных спартсменаў, якіх прапаноўвалі арганізатары. У гэтым годзе перамог слімак, якога ўладальнік знайшоў у сваім садзе ў дзень спаборніцтваў. Яму дастаўся прыз у выглядзе пучка салаты.

Рэкорд спаборніцтваў быў усталяваны ў 1995 годзе. Тады слімак Арчы прапоўз 33 сантыметры за дзве хвіліны і 20 секундаў. Дарэчы, мінулай зімой у брытанскім Плімуце адмянілі гонкі слімакоў з-за маразоў. Высветлілася, што слімакі пачалі ўпадаць у спячку і сталі занадта млявымі для таго, каб поўзаць навыперадкі.


Стагадовая бабуля прагнала зладзеяў палкай

Састарэлая жыхарка нямецкага Берліна накінулася на зладзеяў з палкай, паведамляе выданне Thе Lосаl.

Дзве зламысніцы ўварваліся ў кватэру 103-гадовай немкі, калі тая адкрыла ўваходныя дзверы. Яны адвялі яе на кухню і запатрабавалі падпісаць нейкія дакументы. Яшчэ адзін злачынец застаўся на лесвічнай клетцы. У паліцыі лічаць, што ён меў намер вынесці каштоўныя рэчы, пакуль яго напарніцы адцягвалі ўвагу гаспадыні. Бабулька адмовілася падпісваць паперы, а калі адна з жанчын падышла занадта блізка, з нечаканай жвавасцю схапіла кій і з яго дапамогай выгнала абедзвюх за парог. Пасля гэтага ўсе трое зламыснікаў збеглі. Доўгажыхарка не пацярпела.


Пажарныя выратавалі француза ад горнага казла

У французскай камуне Бадзінар-сюр-Вердон на мясцовага жыхара напаў горны казёл. Каб дапамагчы мужчыну, прыйшлося выклікаць выратавальны верталёт, паведамляе Frаnсе Blеu.

Жывёла напала на 56-гадовага пенсіянера, калі той рабіў ранішнюю прабежку. Ратуючыся ад казла, мужчына залез на дрэва і патэлефанаваў у экстранныя службы. На месца прыбылі медыкі і верталёт пажарнай службы, які выкарыстоўваецца для эвакуацыі людзей у небяспечных умовах. Мужчына абышоўся некалькімі сінякамі і ўдарамі.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?