Вы тут

5 пытанняў аб тэхнічных сродках сацыяльнай рэабілітацыі


Міністэрства працы і сацабароны адказала людзям з інваліднасцю.

У Беларусі на сёння пражывае амаль 566 тысяч людзей з інваліднасцю, і іх колькасць з кожным годам, на жаль, не змяншаецца. Многія маюць патрэбу ў пратэзах, бандажах, слыхавых апаратах і інвалідных калясках. І не ўсе ведаюць, куды звяртацца па іх і хто можа ім дапамагчы.

Нядаўна на пытанні, звязаныя з забеспячэннем тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, падчас анлайн-канферэнцыі адказалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, начальнік упраўлення па справах інвалідаў Аляксандра Шаўцова і кансультант упраўлення па справах інвалідаў Тамара Гардзеня.


— З'яўляюся інвалідам ІІ групы, баляць ногі, хачу атрымаць артапедычны абутак і кій, але не ведаю, куды трэба звяртацца...

Тамара Гардзеня:

— У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, зацверджаным пастановай Саўміна ад 11.12.2007 № 1722, інваліды ІІ групы забяспечваюцца артапедычным абуткам і кіем бясплатна за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Артапедычны абутак выдаецца ў колькасці адной пары ў каляндарным годзе, а апорны кій для перамяшчэння хворых з парушэннямі функцый ніжніх канечнасцяў выдаецца на два гады.

У Дзяржаўны рэестр тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі ўваходзяць крэсла-каляска з электрапрывадам, апорны кій, матрац спецыяльны супрацьпролежневы, пратэзы верхніх і ніжніх канечнасцяў, бандажныя вырабы, слыхавыя апараты і многія іншыя прадметы (усяго 72 пазіцыі), якія значна палягчаюць жыццё людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Пры наяўнасці індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб патрэбе ў артапедычным абутку і кіі вы можаце іх атрымаць у РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр» (ці яго філіялах) у адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання). Галаўное прадпрыемства цэнтра знаходзіцца па адрасе: г. Мінск, вул. Адоеўскага, д. 10. Тэлефоны для даведак 308 14 32, 308 14 33.

— На якія сродкі рэабілітацыі могуць разлічваць інваліды І і ІІ груп па зроку?

Тамара Гардзеня:

— У адпаведнасці з заканадаўствам, інваліды І і ІІ групы, у тым ліку па зроку, забяспечваюцца бясплатна і на льготных умовах сродкамі рэабілітацыі, уключанымі ў Дзяржаўны рэестр (пералік) тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, які ў цяперашні час уключае ў сябе 72 найменні розных сродкаў.

У Дзяржаўным рэестры для інвалідаў па зроку прадугледжаны такія тыфлатэхнічныя сродкі рэабілітацыі, як дыктафон (плэер), мабільныя тэлефоны, у тым ліку з праграмным забеспячэннем, якое сінтэзуе гаворку, і (або) з функцыяй навігацыі (смартфоны); прылада для праслухоўвання агучанай літаратуры (плэер), гадзіннік з сінтэзатарам гаворкі.

Выдаюцца сродкі рэабілітацыі, у тым ліку тыфлатэхнічныя, на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя.

Звяртацца па атрыманне тыфлатэхнічных сродкаў неабходна ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

— У сувязі з хваробай не магу хадзіць, жонцы цяжка мяне даглядаць. Ці магу я атрымаць крэсла-каляску?

Аляксандр Румак:

— У адпаведнасці з заканадаўствам, крэслы-каляскі выдаюцца інвалідам І групы бясплатна на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У выпадку адсутнасці інваліднасці вы можаце, пры наяўнасці неабходных дакументаў, узяць каляску ў пункце пракату ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства.

Для вырашэння пытання атрымання крэсла-каляскі неабходна звяртацца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

— З'яўляюся інвалідам ІІ групы па зроку. Зараз вучуся ў ВНУ, на вочнай форме навучання. Хацелася б мець сучасны тэлефон. Ці магу я яго атрымаць і на якіх умовах?

Тамара Гардзеня:

— У адпаведнасці з заканадаўствам, інваліды ІІ групы па зроку забяспечваюцца смартфонам з аплатай 20 % кошту дадзенага сродка рэабілітацыі на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя.

Па стане на 1 мая 2018 года ў нашай краіне пражывала 565 920 людзей з інваліднасцю, у тым ліку 31 471 дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў.

Смартфоны набываюцца камітэтамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў на конкурснай аснове ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Камітэты з дня набыцця смартфонаў выдаюць іх грамадзянам у парадку чарговасці, што вызначаецца ў залежнасці ад даты падачы заявы, не пазней за 15 рабочых дзён пасля ўнясення частковай платы з улікам устаноўленых
ільгот.

З улікам выкладзенага, па атрыманне смартфона вам неабходна звяртацца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

— Хто і па якіх крытэрыях вызначае марку мабільнага тэлефона, які выдзяляюць для інвалідаў па зроку? Хто вызначае гэтыя крытэрыі? Як пры такім падыходзе ўлічваюцца індывідуальныя патрэбы інваліда? Ці магчыма атрымаць грашовую кампенсацыю на куплю мабільнага тэлефона і спецыяльных праграм для яго? Чаму інваліду па зроку тэлефон выдзяляецца на 10 гадоў, калі яго тэрмін службы не больш за пяць гадоў?

Тамара Гардзеня:

— У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, інваліды І і ІІ груп па зроку забяспечваюцца смартфонамі з аплатай 20 % кошту дадзенага сродку рэабілітацыі. Пры гэтым 80 % кошту, г. зн. большая частка, аплачваецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Камітэты па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама набываюць смартфоны на конкурснай аснове ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Выбар крытэрыяў і мадэляў смартфонаў вызначаюць камітэты па ўзгадненні з грамадскімі аб'яднаннямі інвалідаў па зроку. У цяперашні час грашовая кампенсацыя на куплю мабільнага тэлефона не ажыццяўляецца. Пытанне аб пераглядзе тэрмінаў эксплуатацыі смартфонаў будзе разглядацца пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову № 1722.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».