Вы тут

У краіне ўжо практычна сабралі першы мільён тон збожжа


Па аператыўнай інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, 24 ліпеня ўбрана 951,1 тысячы тон збожжавых культур, што складае 15,5 % ад усёй уборачнай плошчы. Сярэдняя ўраджайнасць — 28,8 ц/га. Плануецца, што мільён тон будзе сабраны да канца гэтага тыдня.


Брэстчына лідзіруе

Варта нагадаць, што сёлета масавая ўборка пачалася раней у параўнанні з мінулым годам. У жніве лідзіруе Брэсцкая вобласць, дзе сабралі 446,4 тысячы тон збожжавых і зернебабовых культур пры сярэдняй ураджайнасці ў 29,1 ц/га. Следам ідзе Гродзенская вобласць. Там хлебаробы намалацілі 264,6 тысячы тон збожжа. На трэцім месцы размясцілася Мінская вобласць з ураджаем 133,4 тысячы тон. Чацвёртую пазіцыю займае Гомельшчына, дзе ўбралі 94,3 тысячы тон збожжавых і зернебабовых. Аграрыі Віцебскай і Магілёўскай абласцей сабралі 10,93 тысячы тон і 1,8 тысячы тон адпаведна. Лідзіруюць па ўраджайнасці гаспадаркі Гродзенскай вобласці, дзе ў сярэднім яна склала 31,8 ц/га.

Першыя экіпажы-тысячнікі

Першы экіпаж-тысячнік на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур ужо з'явіўся ў Брэсцкай вобласці. Прычым экіпаж сямейны — Валерый і Таццяна Кухты намалацілі больш за 1050 тон у ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна.

У цэлым жа на Брэстчыне ў лідарах знаходзіцца Брэсцкі раён, дзе ўбрана больш за 57 % плошчаў. Далей па спісе Бярозаўскі (53,5 %), Пружанскі (53 %) і Камянецкі (47,3 %) раёны. Самая высокая ўраджайнасць зафіксавана ў Баранавіцкім раёне (34,9 ц/га). Пры гэтым аграрыі адзначаюць, што для Баранавіцкага раёна гэта невялікая ўраджайнасць. Уборка таксама адрозніваецца і тэрытарыяльна: у паўднёвай частцы ўжо ўбралі збожжа практычна з паловы плошчаў, а паўночныя рэгіёны знаходзяцца толькі на пачатковай стадыі (убрана каля 16 % плошчаў).

Напярэдадні першы ў Мінскай вобласці 1 тысячу тон збожжа намалаціў экіпаж са Слуцкага раёна. Добра папрацавалі браты Аляксандр і Уладзімір Анціпцавы з дзяржпрадпрыемства «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі.

Поўным ходам ідзе ўборачная ва ўсёй Гродзенскай вобласці. У рэгіёне ўжо ўбралі больш за 21 % плошчаў. У лідарах Зэльвенскі (38 %), Свіслацкі (35 %) і Воранаўскі (34 %) раёны. У Гродзенскім і Карэліцкім раёнах з аднаго гектара збіраюць па 45,6 ц і 43,4 ц адпаведна.

Сочаць за тэхнікай анлайн

А ў Мінскай вобласці ў анлайн-рэжыме плануецца адсочваць работу сельгастэхнікі. Як адзначыў начальнік упраўлення механізацыі і інвестыцый камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Васіль Сысоеў, ноу-хау будзе працаваць з дапамогай датчыкаў сачэння, якія ўсталяваныя на рухавіках трактароў. Гэта дазволіць назіраць за ўзворваннем у анлайн-рэжыме.

Датчыкі дазволяць правесці аналіз загрузкі трактара, ацаніць яго работу, адзначыць, колькі гадзін ён быў у полі, які аб'ём работы выканаў, ці мелі месца прастоі і несанкцыянаваныя аперацыі.

Інавацыя стала магчымай дзякуючы з'яўленню новых трактароў у гаспадарках вобласці: усяго плануецца закупіць 150,
з іх 44 ужо паступілі ў распараджэнне гаспадарак.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Блізкія да першага мільёна

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніцца 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.