Вы тут

Адкрыты другі сезон парку забаў «Кукуполіс»


Пагуляць па казінай ферме, пашукаць пікеты ў кукурузе, пастраляць з лука – гэта яшчэ не поўны спіс актыўнасцяў, якія чакаюць гасцей забаўляльнага парку “Кукуполіс”. Нядаўна ён адкрыў другі сезон у абноўленым фармаце, таму зацікавіць нават леташніх наведвальнікаў.


Цяжка ўявіць, што калісьці на тэрыторыі амаль у 100 га было толькі чыстае поле. Цяпер тут размяшчаецца фермерская гаспадарка “ДАК” і той самы парк “Кукуполіс” з кукурузным лабірынтам. У мінулым годзе арганізатары прынялі ажно 10 тысяч чалавек! У гэтым, па іх словах, хочуць бачыць у два разы больш.

– Наш парк падрос. Мы пашырылі лабірынт – зараз яго плошча складае 4 га, і знайсці ўжо трэба не 10 пікетаў, а 16. Таксама зрабілі яго больш заблытаным, падзяліўшы на простую і складаную зоны, паміж якімі паставілі драўляныя мосцікі, – адзначыў ініцыятар стварэння парку Аляксандр Пажарэнка. – Яшчэ мы па-іншаму “выразалі” лабірынт: у мінулым годзе ён быў у выглядзе карты Беларусі, а зараз гэта замак.

Перад уваходам у кукурузны лабірынт трэба абавязкова прайсці інструктаж і атрымаць карту. Менавіта на ёй неабходна адзначаць знойдзеныя пікеты. Аднак не ўсё так проста. Каб зрабіць квэст больш цікавым, арганізатары змясцілі на карту ўсяго толькі некалькі кропак з пікетамі, астатнія трэба шукаць “па інтуіцыі”. І блукаць у такіх пошуках можна некалькі гадзін, бо даўжыня дарожак складае 3,5 км. А некаторыя пікеты і ўвогуле з першага разу не заўважыш – так добра яны схаваныя за травой.

Трэба адзначыць: калі вы чакаеце выкіду адрэналіну ад думкі, што можаце згубіцца, то лабірынт вас расчаруе: сцябліны кукурузы там не вельмі высокія, таму гуляць па ім зусім не страшна. Затое гэты мінус для аматараў хорараў, хутчэй за ўсё, стане плюсам для сем’яў з дзецьмі.

– Вядома, мы маглі “бахнуць” хімікатаў, і тады б кукуруза вымахала ростам з чалавека. Але мы займаемся арганічным земляробствам, якое пацвярджаецца сертыфікатам. Ён забараняе выкарыстоўваць мінеральныя ўгнаенні, – падкрэсліў арганізатар парку, фермер Дзмітрый Крылоў. – З гэтай прычыны мы і праполку праводзім уручную. Гэтак жа робім і сам лабірынт, пакуль кукуруза яшчэ маленькая. Зараз мы ўдасканалілі тэхналогію: не выразаем кукурузу, а перасаджваем. Атрымліваецца амаль безадходная вытворчасць.

Аднак не толькі кукурузны лабірынт чакае гасцей у “Кукуполісе”. Арганізатары падрыхтавалі яшчэ шмат цікавых прапаноў для сямейнага адпачынку. Гэта і экскурсіі па казінай ферме з дэгустацыяй мясцовай прадукцыі, і кантактны заапарк з сапраўднымі беларускімі жывёламі (выключна свойскімі!), і цікавыя актыўныя гульні накшталт перацягвання канату, стральбы з лука і інш., а таксама дэльтапланы і квадрацыклы. Для маленькіх дзяцей тут абсталяваны батуты і надзіманыя горкі. Перакусіць, купіць фермерскую прадукцыю і сувеніры таксама ёсць дзе.

– Мы спрабуем зрабіць дамашні адпачынак, таму завозіць нейкіх экзатычных жывёл не плануем. Спадзяемся, што людзі будуць прыязджаць нават і пасля марскіх курортаў, каб дакрануцца да беларускага, – падкрэсліў Аляксандр.

Парк “Кукуполіс” знаходзіцца на хутары Лізавецін у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці.

Кацярына ЦІТОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.