Вы тут

Галоўныя набыткі Беларусі на «Славянскім базары ў Віцебску»


Захаванне традыцый і папулярызацыя славянскай культуры — тое, што не выходзіць з моды, у тым ліку дзякуючы фестывалю, што праходзіць у Беларусі, але застаецца цікавым прадстаўнікам розных краін свету.


Народны артыст Беларусі Валянцін Елізар'еў — лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы.

Ужо ў самым пачатку XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» былі названыя першыя імёны яго трыумфатараў — асоб, якія сталі ўладальнікамі Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017—2018 гады. Адзначаны ўнёсак, які зрабілі ў развіццё культуры народны артыст Расіі, кампазітар Алег Іваноў, аўтарскі калектыў у складзе народнага артыста Расіі, дырыжора Валерыя Палянскага і заслужанага работніка культуры Расіі Аляксандра Шаніна. З айчынных творцаў прэмію атрымаў народны артыст Беларусі і Савецкага Саюза, балетмайстар Валянцін Елізар’еў.

І гэта быў толькі пачатак...

Ад пачатку

 — Цяперашні форум сабраў у Віцебску прадстаўнікоў больш за сорак краін. Акрамя найбліжэйшых суседзяў да нас прыехалі госці з Вялікабрытаніі, Канады, Паўночнай Карэі, Егіпта, Калумбіі і Гвінеі. Гэта несумненна пацвярджае душэўную шчодрасць беларусаў, гасцінных і адкрытых для сяброўства з усім светам, талерантнасць славянскіх народаў, — адзначыў падчас адкрыцця фестывалю Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. — У Беларусі рады сустракаць замежных гасцей, прымаць у сваю вялікую фестывальную сям’ю ўсіх, хто едзе з чыстымі думкамі і добрымі намерамі. Мы шчаслівыя, што з кожным годам такіх людзей становіцца толькі больш, а іх знаёмства з Беларуссю працягваецца таксама ў іншых гарадах і рэгіёнах.

Усё трэба захаваць: своеасаблівым сімвалам гэтага жадання стаў уручаны Прэзідэнту Беларусі пояс-абярэг — галоўны дар мужчыну ў славянскіх народаў.

Большасць музычных нумароў у гэтым канцэрце былі прысвечаныя Году малой радзімы, што яшчэ раз пацвярджае: Віцебск на некалькі ліпеньскіх дзён стаў Радзімай мастацтва для многіх народаў.

І ёсць імкненне, каб так было яшчэ доўга. Нездарма ж і конкурсная праграма для дзяцей, якія дэманструюць сваё майстэрства. А калі вырастаюць, прыязджаюць у Віцебск ужо артыстамі. Не выключана, што мы яшчэ пабачым на фестывалі ўладальніка Гран-пры XVI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2018» Аляксандра Балабанава з Украіны, які на працягу двух дзён дэманстраваў унікальныя вакальныя здольнасці.

Фестываль пачаў зачароўваць з самага адкрыцця: Эмір Кустурыца, Алег Меньшыкаў, Наталля Арэйра і іншыя вядомыя зоркі з розных краін свету.

На плошчы зорак

Сёлета ў Віцебску каля Летняга амфітэатра з’явілася іменная пліта народнай артысткі Казахстана Розы Рымбаевай. Цырымонія адкрыцця памятнага знака сабрала нямала прыхільнікаў творчасці артысткі. Роза Рымбаева стала чатырнаццатым прадстаўніком, чыё імя заняло пачэснае месца на сімвалічнай Плошчы зорак.

Роза Рымбаева на Плошчы зорак.

— Для мяне вялікі гонар мець сваю зорку побач з зоркамі вялікіх людзей, у многіх з якіх я вучылася, — падкрэсліла Роза Рымбаева. — Гэта прызнанне любові ўсяму казахстанскаму народу, нашаму творчаму свету. Але такая ўзнагарода і да многага мяне абавязвае: трэба апраўдваць гэтую зорку. Многія маладыя таленты, якія ўдзельнічалі ў «Славянскім базары», сення яркія зоркі казахстанскай эстрады і на сусветным узроўні ўслаўляюць сваю краіну і яе творчасць. У Беларусь я прыязджала яшчэ ў гады Савецкага Саюза, у мяне было шмат гастроляў па сталіцах рэспублік. І ў Беларусі заўсёды вельмі цёпла прымалі. Пакуль будуць запрашаць, я гатовая прыязджаць сюды зноў і зноў.

Сёлета спаўняецца 43 гады з моманту, калі Роза Рымбаева ўпершыню выйшла на вялікую сцэну. Нягледзячы на такую працяглую кар’еру, яна застаецца адной з самых запатрабаваных спявачак Казахстана.

 — Зорка Розы Рымбаевай натхніць маладых артыстаў на такое ж шчырае і адданае служэнне мастацтву, якое дэманструе сама народная артыстка Казахстана, — падкрэсліў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. — Спявачка сапраўдны адданы сябра нашай краіны. Сваім талентам, плённай творчай дзейнасцю яна робіць асабісты ўнёсак ва ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва паміж брацкімі народамі Беларусі і Казахстана.

На адкрыцці фестывалю артыстцы была ўручана спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

Конкурсны фармат

Галоўнай інтрыгай «Славянскага базару ў Віцебску» сёлета стаў XXVII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2018». Пераможцаў не называлі да апошняга, вынікі былі агучаны толькі ўвечары 16 ліпеня. За Гран-пры ў межах конкурсу змагаліся маладыя спевакі з 21 краіны. Прыехалі нават артысты з афрыканскіх Гвінеі і Егіпта, а таксама з далёкіх Кубы і Мексікі.

Першы фінал у летнім амфітэатры прайшоў 14 ліпеня, на гэтым канцэрце канкурсанты спявалі музычныя кампазіцыі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і выконвалі песні славянскіх кампазітараў.

Падчас конкурсу маладых выканаўцаў.

Заўважна, што рэпертуар, які выкарыстоўвалі ўдзельнікі конкурсу, адыходзіць ад традыцыйнага эстраднага фармату. Сёлета канкурсантка з Грузіі праспявала «Зязюлю» Віктара Цоя, а спявак з Малдовы выканаў «Абдымі» Святаслава Вакарчука. Гучалі таксама кампазіцыі Сасо Паўліяшвілі, Валерыя Меладзэ і Райманда Паўлса. Расіянка Аляксандра Карабешкіна нечакана стала спяваць па-польску, выканала песню «Далоні». І было б так натуральна, каб у рознагалоссі моў конкурсу гучала беларуская...

На другім канцэрце фіналу, які адбыўся ўвечары 15 ліпеня, удзельнікі выконвалі сусветныя хіты пад фанаграму «-1».

Уладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2018» стаў румынскі спявак Марчэл Рошка. Артыст вярнуўся дадому са спецыяльнай статуэткай «Ліра» і 20 тысячамі долараў ЗША. 1-ю прэмію конкурсу (15 тысяч долараў) заваяваў 23-гадовы спявак з Казахстана, студэнт Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Аmre (Ернар Садзірбаеў). Дарэчы, Марчэр Рошка і Ернар Садзірбаеў набралі ў вакальным спаборніцтве аднолькавую колькасць балаў — 156. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай конкурсу, старшыня міжнароднага журы, народны артыст Расіі, Малдовы, Украіны Аляксандр Марозаў падкрэсліў, што абодва выканаўцы — годныя артысты, і ён марыць, каб у будучыні яны спявалі яго песні.

2-ю прэмію (10 тысяч долараў) журы прысудзіла ўкраінцы Мілі Ніціч (набрала 154 балы). У 17 гадоў дзяўчына стала салісткай аркестра ў горадзе Хмяльніцкім, а ў 2009 годзе атрымала спецпрыз Алы Пугачовай на «Новай хвалі» ў Юрмале. 3-ю прэмію (5 тысяч долараў) падзялілі беларус — педагог Мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яўген Курчыч і полька — студэнтка Кракаўскай акадэміі музыкі Сільвія. Яны таксама набралі аднолькавую колькасць балаў (151). Уладальнікамі спецыяльнай прэміі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі сталі Яўген Курчыч і расіянка Аляксандра Карабешкіна. Расійская канкурсантка таксама стала ўладальніцай спецыяльнай прэміі «Славянская надзея». Кубінка Рэбэка Эмбіль атрымала спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна «За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства». Грузінка Тамрыко павязе дамоў на памяць пра Віцебск спецпрэмію тэлерадыёкампаніі «Мір».

Галоўны вектар

У межах «Славянскага базару» прайшлі не толькі забаўляльныя мерапрыемствы. Так, напрыклад, былі абмеркаваны пытанні стану сучаснай культуры і мастацтваў. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусі і Выдавецкім домам «Звязда» правялі круглы стол на тэму «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў».

Павел Лёгкі і Павел Сухарукаў падчас круглага стала.

— Апошнім часам на тэрыторыі ўсходнеславянскіх дзяржаў чамусьці не вельмі модна стала гаварыць пра тое адзінства, якое ў нас калісьці было, пра нашы агульныя карані, гэта тэма чамусьці гучыць не так моцна, як павінна, — адзначыў падчас круглага стала першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі. — Але ў нас найбагацейшая агульная культура, а таму ёсць што захоўваць і развіваць і пра што гаварыць.

Удзельнікі круглага стала адзначылі, што гэтаму спрыяе фестываль «Славянскі базар».

 — Для мяне фестываль — гэта жыццё. Калі сюды прыязджаеш кожны год, то ўлюбляешся ў сам працэс. Кожная песня тут пражыла маленькае жыццё, — падкрэсліў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. — Самае галоўнае сёння — захаваць атмасферу ўзаемаразумення, якая зарадзілася тут у самым пачатку. Менавіта яна адрознівае фэст ад многіх іншых. Ведаеце, чым яшчэ ўнікальны «Славянскі базар»? Падчас фестывалю ў Віцебску няма недаступных зорак, тут усе адкрытыя для размоў, разважанняў. Можна на вуліцы сустрэць артыста і проста па-чалавечы з ім пагаварыць. Няхай кожны ведае гэта і, магчыма, прыедзе паглядзець наступны раз на рамантычны горад на Дзвіне.

Замежныя госці таксама падкрэслівалі дух адкрытасці «Славянскага базару» і заўважалі пэўныя дэталі, якіх ім не хапала ў сваіх краінах у межах развіцця таго ж фестывальнага руху. Напрыклад, расійскі рэжысёр і прадзюсар Ліна Арыфуліна прызналася, што шкадуе наконт таго, што раней не прыязджала на фестываль у Віцебск, бо тут няма пафасу і перад жывым гукам усе роўныя. Госця падкрэсліла бездакорную арганізацыю на ўсіх узроўнях і заявіла, што бачыць шмат магчымасцяў для супрацоўніцтва.

Старшыня Міжнароднага фестывалю вакалу і музыкі для моладзі «Riga Symphony» Алена Швілпе (Латвія) адзначыла, што яе музычнаму фэсту ёсць чаму павучыцца і што пераняць ад арганізатараў «Славянскага базару»: «Ваш фестываль — унікальная з’ява, аналагаў якой у Еўропе я не ведаю, ён уразлівы і творчы, дзе ўсё гучыць, ствараецца і паказваецца на шматлікіх выстаўках. Я настолькі “загарэлася” ўбачаным, што ўжо двойчы праводзіла нацыянальны адбор на конкурс маладых выканаўцаў, а на лета планую агульны прыбалтыйскі адбор для Літвы, Латвіі і Эстоніі».

Удзельнікі круглага стала звярнулі ўвагу таксама на якаснасць арганізацыі фестывалю, падкрэсліўшы, што захаваць фестываль — гэта палова справы, неабходна яшчэ з году ў год трымаць планку, развівацца і рухацца наперад.

— Сёння падобныя мерапрыемствы часта ладзяцца шмат дзе, але якасць далёка не заўжды адпавядае заяўленаму ўзроўню, — адзначыў у межах круглага стала віцэ-прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WAF), дырэктар фэстаў «Ezerski Biseri» і «Asterisks» у Македоніі Мар’ян Катароскі. — Таму, я лічу, надзвычай важна, што «Славянскі базар у Віцебску» падтрымліваецца дзяржавай і дэманструе міжнародны ўзровень, да якога трэба імкнуцца.

Галоўны дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў падкрэсліў, што ва ўсе часы трэба не толькі разумець сучасныя культурныя і інфармацыйныя тэндэнцыі, але і ўкладаць душу і розум у тое, што робіш: ці гэта мастацкая творчасць, ці матэрыял пра яе ў СМІ.

Шматузроўневае партнёрства

Традыцыйна на «Славянскім базары» арганізавалі дзень Саюзнай дзяржавы, у межах якога адбылося шмат разнастайных мерапрыемстваў: ад ускладання кветак да Вечнага агню ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, ветэранаў і падпольшчыкаў Віцебшчыны да наведвання сядзібы мастака Ільі Рэпіна.

Ад новых праектаў саюзных праграм да магчымасці рэгулявання кошту на праезд чыгуначным транспартам па тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Намеснік Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Мікалай Корбут падкрэсліў, што ў полі дзейнасці Пастаяннага камітэта застаюцца разнастайныя і важныя праекты: эканамічныя, асабліва ў сферы высокіх тэхналогій, сацыяльныя, адукацыйныя, маладзёжныя.

— Мы з калегамі, нашай творчай інтэлігенцыяй, безумоўна, будзем працаваць над тым, каб разнастаіць творчую частку праграмы Дня Саюзнай дзяржавы на «Славянскім базары ў Віцебску». Напоўніць яе новымі творчымі праектамі дапамогуць лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва розных гадоў, — падкрэсліў Мікалай Корбут.

Сёлета ў Віцебску ў асобнай выстаўцы ў будынку Віцебскага мастацкага музея прадставілі экспанаты Валагодскага музея карункаў і карункавай фабрыкі «Сняжынка». Тут жа прайшоў паказ калекцыі адзення. Мадэлі дэманстравалі дзіўныя ўборы з лёну ад беларускіх дызайнераў, а таксама разнастайныя сукенкі, аздобленыя валагодскімі карункамі. Кожны выраб унікальны. Жакеты, манто і палярына шыкоўна спалучаюцца з сучаснымі сукенкамі. Плануецца, што ў наступным годзе выстаўка зробіць падарожжа па ўсіх абласных гарадах Беларусі. Акрамя карункаў, плануецца прывезці ў Беларусь валагодскі роспіс і разьбу па дрэве.

Падчас канцэрта на сцэне Летняга амфітэатра былі ўручаны дыпломы ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Сярод узнагароджаных — беларуская артыстка Алена Ланская.

З акцэнтам на нацыянальны каларыт

Часта «Славянскі базар» успрымаюць як музычны фестываль. Але гэта не так. За межамі Летняга амфітэатра жыццё віруе. Музыканты, тэатралы, танцоры, мастакі — усе разам ствараюць атмасферу грандыёзнага свята. Калі шпацыруеш па горадзе, з’яўляецца адчуванне, што патрапіў у абсалютна іншы свет, дзе ўсе аб’яднаныя мастацтвам, любоўю, жыццём.

Віцябляне і госці маглі паўдзельнічаць у адкрытым абласным турніры нацыянальных танцаў і свяце-конкурсе народнага традыцыйнага касцюма. На турніры па танцах артысты звярнуліся да ўзораў харэаграфічнага мастацтва з рамантычнымі назвамі, такімі як «Каханачка», «Ночка», «Субота», «Кракавяк», «Ойра», «Падэспань», «На рэчаньку» і іншых. Многія рухі танца ўдзельнікі турніру вывучалі з дапамогай спецыялістаўвяскоўцаў Віцебшчыны. Напрыклад, так узнік танец з арыгінальнай назвай «Крыўлянская кадрыля» з Талачынскага раёна альбо танец калектыву з Янковічаў, які танцоры паставілі паводле расповеду 80-гадовага жыхара вёскі.

На свяце-конкурсе народнага традыцыйнага касцюма «Сцяжкі майстэрства» майстры прадставілі рэканструяваныя традыцыйныя строі розных раёнаў і саслоўяў: народны, шляхетны, верхнюю вопратку і абрадавы строй. Таксама ўдзельнікі паказвалі майстэрства ў тэхналогіі вырабу, праводзілі майстар-класы. Да касцюмаў прыкладаліся аксесуары: галаўныя ўборы, упрыгажэнні.

Запамінальным стаў IV Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які ўразіў буйствам колераў і мерапрыемстваў. Фаер-шоу, ветраныя танцы, квэст-перформансы, вулічныя спектаклі — і гэта далека не ўсё, што маглі пабачыць жыхары і госці Віцебска ў выкананні артыстаў з розных краін свету.

Горад майстроў, як заўсёды, разгарнуўся з размахам. Гліняныя і саламяныя вырабы, упрыгажэнні, дызайнерскае адзенне... Многія майстры праводзілі майстар-класы, і наведнікі маглі самі паспрабаваць стварыць той жа жбан ці сплесці з саломы невялічкую скульптуру. У межах Горада майстроў праходзіў Міжнародны конкурс па кераміцы і ганчарстве «Гліна спявае».

Асаблівай увагай карыстаўся «Лялечны квартал». Усе пастаноўкі як для маленькіх дзетак, так і для дарослых прайшлі з аншлагам. Дырэктар Беларускага тэатра «Лялька» Аляксандр Грыгор’еў расказаў, што сёлета ў Віцебск прывезлі самыя моцныя пастаноўкі, праз якія гледачы маглі зразумець тэндэнцыі тэатральнага мастацтва, што існуюць у свеце.

У межах фестывалю прайшлі дні карэйскага кіно, а рэжысёр Эмір Кустурыца прэзентаваў драму «Па млечным шляху».

Музычныя канцэрты — на любы густ: можна было паслухаць выключна славянскую музыку ці адправіцца на канцэрт любімага артыста альбо калектыву. Па водгуках наведнікаў канцэртаў, самым арыгінальным і дынамічным было выступленне Кубанскага хору, а самым цёплым і душэўным стаў юбілейны канцэрт Ігара Лучанка.

Апладысменты

Сёлета Летняму амфітэатру споўнілася 30 гадоў, таму цырымонія закрыцця была асабліва святочная: кожны артыст, хто выступаў у канцэрце, дзякаваў публіцы, усёй Беларусі за магчымасць выступаць на легендарнай сцэне.

— 30 гадоў таму я выступіла ўпершыню на гэтай сцэне. І ганаруся тым, што «Славянскі базар» не забыты, — адзначыла на закрыцці заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева. — Кожны год я прыязджаю сюды і атрымліваю сапраўднае задавальнне ад усяго, што адбываецца.

Канцэрт закрыцця сабраў на сцэне вялікую колькасць знакамітых і любімых артыстаў: Аляксандр Малінін, Аляксандр Буйноў, Дзіяна Гурцкая, Іна Афанасьева, Руслан Аляхно і многія іншыя. Спявачка Тамара Гвердцытэлі прэзентавала новую песню. А легендарны Раберціна Ларэці, вядомы такімі сусветнымі хітамі, як «O sole mio», са сцэны падзяліўся ўражаннямі пра «Славянскі базар» і Беларусь у цэлым:

— Віцебск — горад неверагоднай прыгажосці і сціпласці. Вы жывяце ў раі, я бачу кіламетры выдатных некранутых лясоў. Беларусь — адна з самых прыгожых краін, якія я калі-небудзь наведваў...

Горад вяртаецца да звыклага рэжыму жыцця, а арганізатары ўжо прадумваюць, якім будзе наступны фестываль.

Вікторыя АСКЕРА

Фота аўтара і БЕЛТА 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.