Вы тут

Фільм «Зоі» Дрэйка Дорымуса складаецца са смутку


Будучыня зноў уяўляецца меланхалічнай, сумнай і адзінокай, нібы тут патаптаўся Рыдлі Скот з яго «Бягучым па лязе», а ён тут сапраўды патаптаўся. І ўсе фарбы свету, прасунутасць, тэхналогіі становяцца фонам для гісторыі двух страчаных у гэтай прасторы людзей. Фільм «Зоі» Дрэйка Дорымуса складаецца са смутку: пасля прагляду вы зразумееце, што дасюль нічога не ведалі пра меланхолію. І ў той жа час узносіць каханне, якое, як вядома з «Бягучага па лязе», нават штучных людзей робіць сапраўднымі.


Спецыяльная лабараторыя стварае так званых сінтэтыкаў, якія павінны стаць ідэальнымі партнёрамі і ніколі не дазволіць чалавеку пакутаваць з-за адносін.
А акрамя таго правярае людзей на сумяшчальнасць, прагназуе будучыню пар і стварае таблеткі, якія даюць магчымасць на некалькі гадзін выпрабаваць пачуццё першай закаханасці.

Коўл у выкананні Юэна МакГрэгара з'яўляецца таленавітым навукоўцам, а шыкоўная ў сваіх суме і адзіноце Зоі, якую іграе Леа Сейду, кіруе адным з аддзелаў. Дзяўчына пяшчотна закаханая ў Коўла, але вынікам тэста, які аднойчы ўвечары яна вырашае зрабіць у сябе ў лабараторыі, аказаліся нуль працэнтаў, фундаментальная несумяшчальнасць.

Як і ў фільме «Бягучы па лязе», дзе адным з галоўных герояў была так званы рэплікант Рэйчэл, якая лічыла сябе чалавекам і з'яўлялася супрацоўнікам карпарацыі, што стварае рэплікантаў, Зоі даведваецца пра сваю штучную прыроду.

Фільм Дрэйка Дорымуса нівелюе страх і прадузятасць перад робатамі — ён ажыўляе іх, надзяляе нібыта выключна чалавечымі якасцямі, прымушае суперажываць іх бядзе. Больш за тое, «Зоі» і цікавіцца менавіта штучнымі людзьмі: іх пачуццём згубленасці і непатрэбнасці, тым, як складана ім знайсці месца ў свеце чалавека, іх татальнай адзінотай. Гэта драма лішніх людзей, якія аказваюцца кінутымі, як толькі іх функцыя сябе вычэрпвае.

Усведамленне сябе несапраўднай прыгожа становіцца асновай асабістай драмы галоўнай гераіні і лёгка параўноўваецца з глыбокімі ўзрушэннямі звычайнага чалавека. Таму і межы паміж сінтэтыкамі і людзьмі ў выніку размываюцца. Калі Зоі можа пакутаваць, адчуваць і трансляваць усёпаглынальную меланхолію, калі ў сваіх паводзінах яна праяўляе тыповыя жаночыя рашэнні і ўсё гэта пад музыку, якая разам з сюжэтам не дае вачам прасохнуць, яна становіцца бліжэй да чалавечага, чым многія з нас.

Выдатна ў гэтую ролю ўлілася Леа Сэйду, якая на сваім твары не паказала ніводнай лішняй эмоцыі, затое кожным рухам дапоўніла вобраз дзяўчыны, якая глыбока пакутуе, прычым не напаказ, не яўна, не гучна.

Коўл і Зоі ў выніку становяцца парай, пакуль у вучонага не з'яўляецца нагода ўспомніць, што ўнутры яго дзяўчына — іншая. Тады яны разыходзяцца і аддаюцца таму, што прапануюць сучасныя тэхналогіі.

Гісторыя двух герояў, якая развіваецца на фоне прасунутага свету, нязмушана стварае вобраз будучыні: хоць новыя распрацоўкі дэкларуюць, што ў ёй няма адзіноты, адзінота тут пануе. Людзі аддаюцца таблеткам, якія дазваляюць закахацца, але, здаецца, маюць справу толькі з эрзацамі пачуццяў. Усё гэта сапраўднае/штучнае абыгрываецца на розных узроўнях, але вынік толькі адзін, прадказальны ў кантэксце кінадрамы, — гэта азначэнне залежыць не ад штучнасці самой па сабе, а ад здольнасці кахаць. Таму межы перамясціліся і Зоі аказалася ў шэрагу сапраўдных. Яе калега-сінтэтык Эш пытаецца: «Як гэта — стаць чалавекам?»

Так вобраз будучыні, адзінокая Леа Сэйду за барнай стойкай, найноўшыя распрацоўкі становяцца асновай меладрамы: вось гісторыя кахання, перыпетыі і нават банальны фінал. Хоць больш бы нам такіх меладрам, з выкшталцонай працай над атмасферай, шырокай перспектывай і аглядкай на чалавецтва ўвогуле.

«Зоі» — сумны і шчаслівы фільм адначасова. Хоць гісторыя галоўных герояў завяршаецца, можна сказаць, хэпі-эндам, агульная атмасфера паказвае невядомы свет, дзе робаты шукаюць сябе, аддаюць перавагу дэактывацыі альбо аказваюцца непатрэбнымі на вуліцы. На такім фоне — праз сінтэтыка, каханне якога з'яўляецца толькі спецыяльным кодам, — сапраўдныя пачуцці сцвердзіць прасцей.

Павольнасць, вечаровыя прыцемкі, музычныя матывы, асабістыя драмы, непатрэбныя людзі, прага сацыялізацыі і сумны твар Леі Сейду робяць гэты фільм найлепшай меладрамай, якую зараз прапануе вялікі экран.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Як гэта — стаць чалавекам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.