Вы тут

Падлогу мыць не трэба...


Свет з'ехаў з глузду. У Амерыцы з'явіліся кампаніі, якія прапаноўваюць абдымкі... за грошы. Падобная паслуга каштуе ў сярэднім 100 долараў за гадзіну. Заказаў, як ні дзіўна, паступае тысячы. Сярод кліентаў: людзі, у якіх праблемы з сацыялізацыяй у грамадстве, якія не маюць часу на адносіны, пакутуюць на дэпрэсію...


Калі доўга заседжваюся ў працоўным кабінеце, у мяне, як правіла, пачынаецца дэпрэсія. Праглядаю навіны ў інтэрнэце, вычытваю чужыя матэрыялы, перыядычна праводзячы поглядам праз акно людзей, якія кудысьці спяшаюцца, — а на душы адчуванне, што жыццё праходзіць міма. Адно выратаванне ў такім выпадку — тэрмінова ехаць у камандзіроўку, пажадана ў вёску.

Дзе яшчэ, як не ў вёсцы, цябе сустрэнуць, як сваю, зусім незнаёмыя людзі. Пры гэтым не пашкадуюць цэлага дня, каб паказаць і расказаць усё, што можа зацікавіць сталічную госцю. Бясплатна пагодзяцца навучыць усяму таму, што самі ўмеюць — перакідваць чаўнок, вышываць процягам, ляпіць збаны з гліны... Прыдумаюць адмыслова да твайго прыезду «свята першага агурка». І нават спаць пакладуць, калі ты (захапіўшыся размовай) не паспяваеш на цягнік. З сённяшняй гераіняй — Ларысай Рыжковай — мы таксама расставаліся як даўнія сяброўкі, з абдымкамі. Па дарозе дадому погляд спыніўся на кабачку з яе невялічкага агародзіка, які вызіраў з заплечніка. І ў гэты момант я злавіла сябе на думцы, што той офіснай дэпрэсіі і след прастыў.

Калі вам таксама цяжка дыхаць у горадзе і ёсць некалькі дзён вольнага часу, раю таксама паехаць у вёску. Напрыклад, у Любкі, што на Вілейшчыне, да сям'і Палюшыных, якая загарэлася ідэяй узнавіць сядзібу сваіх дзядоў. «Мой прадзед Міхась ездзіў зарабляць грошы ў Амерыку, каб пабудаваць хату, якая з цягам часу абрасла і клеццю, і стайняй, і пуняй, і токам, і лазняй... — піша на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Вольга Палюшына. — Больш за 20 гадоў тут стала ніхто не жыў. І вось мне захацелася ўдыхнуць у Любкі новае жыццё, каб сюды ехалі турысты, — вярнуць сядзібу прадзеда да адаптаванай аўтэнтыкі. А ў гаспадарчых пабудовах зладзіць невялічкія экспазіцыі. Балазе захавалася шмат гаспадарчага рыштунку, мэбля, калядныя кажухі. Мне дапамагае мая сям'я. Але працы столькі, што ўчора аж заплакала ад роспачы, калі пачала ачышчаць рэшткі васьмі слаёў шпалераў з дрэва 1912 года... Сябры, патрэбна ваша дапамога! З нас за валанцёрства — незабыўны адпачынак на вёсцы: няспешны тэмп жыцця, птушкі, гамак у садзе, дуб, Нарачанка, ягады-грыбы... Магчыма, вы знойдзеце тут нешта сваё...»

Я захапляюся Воляй і яе сям'ёй. Гэтаксама, як і сваімі знаёмымі, якія ў нашу сайдынгавую эпоху не купляюць фабрычныя гармонікі ды гуслі. А едуць у вёску ў пошуках аўтэнтычных або робяць іх самі. Колькі папсуюць матэрыялу, пакуль навучацца, разгадаюць сакрэт нашых продкаў. Тым не менш не апускаюць рукі, не ідуць простым шляхам. Хочуць сапраўднага, бо стаміліся ад падробак.

Не ведаю, як у вас, а ў мяне таксама з узростам усё больш і больш душа прагне сапраўднага. Маладзенькай жоўтай бульбінкі з хрумсткім агурочкам з бацькоўскага агарода замест чыпсаў ці піцы. Душэўных пасядзелак з дарагімі сэрцу людзьмі за гарбаткай замест шумнай дыскатэкі... Шчырых бясплатных абдымкаў замест тысячы дзяжурных слоў выключна дзеля ветлівасці...

На днях у сеціве прачытала цудоўную параду. «Калі ў вядро з вадой дадаць 30 кропель эфірнага алею піхты і памыць падлогу, то дома будзе, як у лесе». А знізу цудоўны каментарый да яе: «Кіньце дурное і ідзіце ў лес. Там таксама пахне, як у лесе, і падлогу мыць не трэба».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.