Вы тут

Пахудальны кактэйль


Сядзім на прысядзібным участку, дзеці корпаюцца ў зямлі. Пытаюся ў іх:

— Дзеці, што вы там усё капаеце?

— Мы хаваем камара.

— Якога камара?

— Якога Вера забіла.

— А хаваеце нашто?

— Дык ён жа памёр.

Гэта была рубрыка «Гарадскія дзеці выехалі на прыроду».


Жаночая логіка. Старэйшая дачка:

— Тата, ты мяне любіш?

— Так.

— А калі я цябе папрашу сёння ўвечары не глядзець футбол, ты не будзеш глядзець?

— Буду.

— Вось як ты, татачка, выконваеш свае абяцанні.


— Нам за канікулы сказалі вывучыць па геаграфіі назвы ўсіх прыліваў і адліваў.

— А хіба ў прыліваў і адліваў бываюць назвы?

— Вядома! Ты што не ведаў?

— Ану прачытай, што ў дзённіку запісана.

Дачка прынесла дзённік, чытае:

— Вывучыць назвы ўсіх праліваў і заліваў.

— Ну вось бачыш.

— Што «бачыш»? А я што сказала?

— Ты сказала: прыліваў і адліваў.

— Ну падумаеш, пераблытала крыху.

P. S. А наогул, шкада, што ў прыліваў і адліваў не бывае назваў. Трэба было б іх неяк назваць таксама, каб дзецям было чым заняцца на канікулах.


Старэйшая дачка шуміць на кухні міксерам. Пытаюся ў яе:

— Што ты там такое робіш?

— Пахудальны кактэйль.

— Каля адзінаццатай ночы?

— Проста есці захацелася.

Чым добры пахудальны кактэйль, дык гэта тым, што яго можна піць у любы час дня і ночы і пры гэтым усё роўна худнець.


Чарговы раз канфіскаваў у сына ўсе яго гаджэты. Ён традыцыйна панаракаў, але на ўсе ягоныя нараканні я сказаў:

— Нічога, у нас у дзяцінстве гаджэтаў не было — і ніхто не памёр.

Ён падумаў-падумаў і кажа:

— Затое ў вас быў Савецкі Саюз!

Дарэчы, так. Мала таго, што ў нас не было гаджэтаў, дык у нас яшчэ і Савецкі Саюз быў.

Увогуле, выгнаў яго на вуліцу гуляць у футбол — каб усё як у Савецкім Саюзе.


Малодшыя:

— Тата, а адкуль бяруцца грошы?

— З чароўнай скрыні.

— З якой яшчэ скрыні?

— Хадзем пакажу.

Падыходзім да найбліжэйшага банкамата. Непрыкметна ўстаўляю картку, уводжу код і кажу:

— А ну ж, чароўная скрыня, выдай нам сто рублёў на кішэнныя выдаткі.

Скрыня пачынае шумець (тыпу думае) і выдае пачак дробных купюр.

Я, прадчуваючы трыумф:

— Ну як?

Вера:

— Тата, мы цябе спыталі, адкуль бяруцца грошы, а ты прывёў нас да звычайнага банкамата.


З жыцця двайнятак. Вера:

— Мне сёння цёця ў краме падарыла каляндарык! (Паказвае.)

— А Полі?

— Полі не падарыла.

— Чаму?

— Бо яна падумала, што гэта зноў я.


Малодшыя дзеці прынеслі некалькі манет і сказалі:

— Тата, а гэта ў нас шмат грошыкаў?

— Калі шчыра, не вельмі. Усяго дзесяць капеек.

— А можаш нам дадаць, каб стаў рубель? А то мы збіраем на марозіва.

— Магу, вядома.

Жонка:

— Вы лепш раскажыце тату, як даўно вы збіраеце. Толькі што папрасілі ў мяне дзесяць капеек, а цяпер просяць крыху дадаць да рубля.

P. S. Па-мойму, за вынаходлівасць можна і дадаць. Хоць гэта і стварае небяспечны прэцэдэнт.


Падарылі двайняткам на дзень нараджэння тэлефоны і навушнікі. Яны ўключылі музыку: ходзяць, слухаюць. Потым Поля прыходзіць:

— Тата, а чаму ў навушніках музыку чуваць горш, чым без навушнікаў?

Адказваю пытаннем на пытанне:

— А ты штэкер ад навушнікаў у тэлефон устаўляць не спрабавала?

І, галоўнае, ходзіць такая, слухае, і ўсе ў кватэры слухаюць разам з ёй.

P. S. Сучасныя дзеці прывыклі да бесправадных дэвайсаў, драты іх бянтэжаць.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».