Вы тут

Якія пытанні хвалююць нашых жанчын?


За два гады дзейнасці інфармацыйна-прававой лініі Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы» яго юрысты дапамаглі абараніць інтарэсы 618 жанчын і апрацаваць больш як 900 запытаў ад іх.


У цэнтры канстатуюць: калі яшчэ паўгода таму назіраўся значны рост зваротаў, звязаных з дыскрымінацыяй у працоўнай сферы (каля 16 % ад усіх зваротаў), то зараз гэты паказчык зноў знізіўся да 10 % ад усіх зваротаў. На гэтым фоне істотна ўзрасла колькасць зваротаў, звязаных з парушэннем правоў у сямейна-бытавой і сацыяльнай сферах — 53,7 % і 14,1 % адпаведна.

Заўважана, што тэматыка зваротаў моцна карэлюе з інфармацыйнымі паведамленнямі, якія з'яўляюцца ў СМІ. Напрыклад, колькасць спецыфічных зваротаў на лінію прапарцыянальна вырастала пасля з'яўлення тэматычных публікацый у медыя аб дыскрымінацыі ў працоўнай сферы або аб неправамерным аднясенні сем'яў у катэгорыю «сацыяльна небяспечнае становішча».

Усё гэтак жа шмат прыходзіць запытаў у сямейна-бытавой сферы па дзецях і аліментах — за год колькасць зваротаў павялічыліся з 38 % да 42,5 %. Жанчын даводзіцца кансультаваць, пачынаючы ад тлумачэння ім паслядоўнасці дзеянняў з іх боку, да таго, як яшчэ можна паспрабаваць спагнаць аліменты з бацькі-неплацельшчыка, калі ўсе магчымыя спосабы ўжо прыменены. У 9 з 10 выпадкаў кліенткі інфармацыйна-прававой лініі скардзяцца, што мужчыны хаваюць свае даходы. І пакуль у гэтай сітуацыі цяжка нешта зрабіць: муж можа плаціць усяго па капейцы ў месяц і гэта будзе лічыцца ўжо дастатковай спробай яго ўдзелу ў жыцці дзіцяці. Бегаючы ад інстанцыі да інстанцыі і спрабуючы даказаць, што ў мужчыны ёсць крыніцы даходаў, якія ён проста хавае, жанчына сутыкаецца з бяздзейнасцю, «адфутбольваннем» у іншыя ўстановы, з нізкай зацікаўленасцю чыноўнікаў у вырашэнні падобных праблем. Калі ж мужчына ў прынцыпе не плаціць аліменты, то дзейнае заканадаўства мае на ўвазе яго пакаранне за нявыплату (пазбаўленнем волі ці папраўчымі работамі), але ніяк не тое, каб ён іх заплаціў.

Акрамя гэтага, жанчыны сутыкаюцца з сітуацыяй, калі неспагнаныя аліменты з'яўляюцца для іх перашкодай у атрыманні адраснай сацыяльнай дапамогі: каб атрымаць дапамогу, трэба спагнаць аліменты. А каб спагнаць аліменты, трэба ўстанавіць бацькоўства праз суд, заказваючы дарагую экспертызу, на якую ў большасці кліентак проста няма сродкаў. Атрымліваецца замкнёнае кола.

У шэрагу выпадкаў вырашэнне сітуацыі пагаршаецца фінансавай незабяспечанасцю, неабароненасцю і ўразлівасцю жанчыны: адсутнасцю сродкаў на аплату адваката, арэнду жылля, на зварот у суд для падзелу маёмасці, скасавання шлюбу, спагнання па камунальных плацяжах і г. д. Плюс мае месца нізкая прававая інфармаванасць жанчын.

Юрысты цэнтра працягваюць фіксаваць павелічэнне колькасці зваротаў па сітуацыях пераследавання з боку былога мужа ці партнёра (прыкладна ўдвая). Але паколькі ў беларускім заканадаўстве не прадугледжана абарона ад пераследавання, а факт хуліганства адсутнічае, зрабіць штосьці досыць складана.

Таксама на інфармацыйна-прававую лінію працягваюць паступаць звароты па факце выяўлення прыкмет сексісцкай рэкламы — штомесяц фіксуецца па некалькі такіх зваротаў. У сувязі з гэтым цэнтрам быў распрацаваны тыпавы зварот у адпаведныя інстанцыі, які можна самастойна дапрацаваць у адпаведнасці з канкрэтным выпадкам. Але да гэтага часу ў нас афіцыйна не замацавана паняцце «сексісцкая рэклама», таму даводзіцца кожны раз трактаваць такую рэкламу як неэтычную (п. 3 ст. 26 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе»).

За два гады арганізацыя падрыхтавала і накіравала каля 10 калектыўных зваротаў у розныя структуры, аб'ядноўваючы тэматычныя звароты ў адзін шэраг, па такіх тэмах, як сексісцкая рэклама, рэпрадуктыўныя правы жанчын, сацыяльна небяспечнае становішча, хатні гвалт і іншых.

У цэлым за два гады дзейнасці цэнтру ўдалося не толькі дапамагчы жанчынам абараняць іх правы, але і прасунуць гэту тэму наперад па многіх напрамках на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Юрысты канстатуюць, што «работа ў полі» дае самую каштоўную інфармацыю пра тое, якія існуюць перашкоды на шляху да рэалізацыі жанчынамі іх правоў і з якой дыскрымінацыяй сутыкаюцца беларускі. Праз непасрэдную камунікацыю з жанчынамі юрысты бачаць, як працуе ці не працуе закон, чаго ў заканадаўстве не хапае альбо што трэба змяніць.

Звярнуцца па дапамогу ў цэнтр «Яе правы» можна з панядзелка па чацвер з 09.00 да 17.00 па тэлефонах:

(8 017) 327-77-27, velcom (029) 635-56-62, МТС (033) 675-56-62

Таксама гэта можна зрабіць па электроннай пошце help@eeprava.by

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».