Вы тут

Звычка (не)быць шчаслівымі


Часам бывае, што трапляеш у кнігу — нібы ў пакой з крывымі люстэркамі, дзе бачыш камічныя абліччы сучаснасці. Іншы раз нібы трапляеш у найскладанейшы кватэрны квэст, дзе аўтарская задума настолькі цьмяная, што ключ ад самых галоўных дзвярэй можна так і не адшукаць... І ўсё гэта па-свойму цікава. Аднак усё-ткі самыя лепшыя чытацкія ўражанні — калі з аўтарам на адной хвалі, паглыбляешся ў сюжэт, нібы ў прахалодную марскую ваду.


Менавіта гэта чакае таго, хто возьме ў рукі новую кнігу Анатоля Разановіча «Танга ля мора» («Танго у моря», Выдавецкі дом «Звязда», 2018), у якую ўвайшлі аднайменны раман і аповесць «Аб чым іграе піяніст». Абодва творы вельмі розныя — і на сюжэтна-тэматычным узроўні, і на псіхалагічна-настраёвым. Калі раман уводзіць чытача ў стракаты свет разнастайных праяў мыслення сучаснага чалавека на фоне дэтэктыўнай гісторыі, то аповесць прапаноўвае прыслухацца да тужлівых мелодый кахання і адзіноты. Аб’ядноўвае сюжэты хіба толькі мора, пошум якога наводзіць філасофскі роздум на галоўных герояў.

Танга ля мора — прыгожая метафара нязбытнай мары пра вечнае шчасце. Беларускі тэлежурналіст Алег Рублёў і ўнучка багатага калекцыянера бурштынавых вырабаў Крысціна Бжэнькоўска вырашылі разам знайсці забойцу дзеда дзяўчыны. Пошукі адказаў прывялі іх са старога дома з патаемнымі пакоямі да патанулага падчас Другой сусветнай вайны нямецкага карабля, на якім вывозіліся музейныя каштоўнасці, у тым ліку і вырабы мастацтва з бурштыну. Алег і Крысціна багата часу бавяць у размовах пра жыццё, каханне, палітыку, будучыню... Часам, праўда, аўтар так настойліва паварочвае дыялагічную плынь у патрэбны для далейшага развіцця сюжэта кірунак, што чытачу хочацца запратэставаць: фразы страчваюць натуральнасць жывога маўлення, і перастаеш верыць у створаную пісьменнікам рэальнасць.

Героям урэшце ўдаецца разгадаць бурштынавую загадку, а вось узаемныя пачуцці не становяцца пачаткам новай шчаслівай гісторыі, пакідаючы горкі прысмак незваротнасці. Аднак гэта не галоўнае ў рамане, як, дарэчы, і сама дэтэктыўная лінія. У творы вельмі шмат аўтарскіх адступленняў і маналогаў герояў, дзе яны выказваюць сваё ўспрыманне сучаснасці. Нягледзячы на тое, што СССР і паняцце «выхадзец з Савецкага Саюза» выкарыстоўваецца ў творы даволі часта, героі не жывуць мінулым: і злодзеі, і дабрадзеі. Мы сустрэнем на старонках імёны сучасных еўрапейскіх палітыкаў, актыўнае абмеркаванне праблем міграцыі і талерантнасці, асэнсаванне ролі СМІ ў фарміраванні светапогляду чалавека ХХІ стагоддзя. Галоўны злодзей Станіслаў Шалецкі, пазбаўлены сентыментальнага ўспрымання мінулага і веры ў лепшую будучыню, увогуле перакананы, што самы надзейны спосаб вырашэння любой праблемы — сіла зла, гвалт.

Ад Шалецкага цягнецца сюжэтная нітка да падзей на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён быў паліцаем, меў дачыненне да многіх жорсткіх распраў з мясцовым насельніцтвам. Аднак споведзь яго жонкі прадстаўляе нам не гісторыю, апісаную ў падручніках, а гісторыю чалавечай штодзённасці, калі кожная хвіліна жыцця вымагала адзіна правільнага погляду, слова, учынку. Тое, што ў творы, дзе героі даюць ацэнку палітычным поглядам Марын Ле Пен, вялікая ўвага прысвечана падзеям 1939—1945 гг. (і менавіта ў гэтым часе героі знаходзяць адказы на многія пытанні), яшчэ раз пацвярджае думку, наколькі актуальнай застаецца для нашых сучаснікаў тэма той вайны.

Крысціна ў выніку замаху на яе жыццё апынаецца ў інвалідным крэсле і пераязджае да маці ў Амерыку. Алег, са спустошанай душой і разбітым сэрцам, вяртаецца ў Беларусь. І ўсё, што ім застаецца, — успамін пра пачуццёвае танга ля мора. Гэты рамантычна-скрушны матыў стварае своеасаблівую мастацкую раўнавагу заблытанай дэтэктыўнай лініі, у якой раскрываецца чалавечая жорсткасць і небяспека гардыні.

Затое аповесць «Аб чым іграе піяніст» цалкам прысвечаная тэме кахання. Беларускі бізнесмен Андрэй нечакана для сябе самога знаходзіць ва ўтульным польскім рэстаранчыку на баржы цікавага суразмоўцу, таленавітага піяніста пана Тадэвуша, і каханую — спявачку Марту, якая падпрацоўвае там вечарамі. Андрэй з прыемнасцю слухае музыку ў выкананні немаладога ўжо пана Тадэвуша, і гэта вельмі добра кладзецца на яго роздумны перыяд у жыцці: ён захлынаецца пяшчотай кахання да Марты. Чытач (як і галоўны герой) нават і не здагадваецца, што перад ім класічны любоўны трохкутнік, бо яго новых знаёмых з рэстарана на баржы аб’ядноўвае не толькі музыка, але і шлюбныя колцы...

Такім чынам, няспешная сюжэтная плынь набывае нечаканы паварот, і ўсе фразы, прамоўленыя героямі, паўстаюць у новым святле. У творы вельмі шмат тэкстаў песень, якія нібы прадвызначаюць далейшае развіццё падзей, супадаюць альбо, наадварот, кантрастуюць з настроем галоўнага героя. Для таго каб дазволіць сабе быць шчаслівым з каханай жанчынай, герою трэба адмовіцца ад ранейшага жыцця, што ён пакінуў на радзіме, у Беларусі. Вырашыць гэтую маральную праблему няпроста, бо таму, з кім давядзецца развітацца, каго прыйдзецца пакінуць у мінулым, будзе балюча. У аповесці паміж радкоў увесь час гучыць сцвярджэнне: мы не маем звычкі быць шчаслівымі, баімся мяняцца, пераадольваць межы. Менавіта таму і Андрэй, калі зрабіў свой выбар на карысць кахання, адчуў не палёгку, а «страх з непрывычкі жыць так, як хочаш».

І ў рамане, і ў аповесці, такіх непадобных на тэматычным узроўні, пісьменнік пакідае сваіх герояў сам-насам з адказнасцю за здзейснены жыццёвы выбар. Мы не ведаем, будуць яны рухацца наперад, ці, ачомаўшыся ад эмацыянальных імпульсаў, кінуцца даганяць такое ўтульнае і знаёмае мінулае. У кожнага з нас ёсць сваё «танга ля мора». Пытанне толькі ў тым, што яно для нас цяпер: успамін, рэальнасць, мара, надзея?.. Новая кніга Анатоля Разановіча, безумоўна, прымусіць над гэтым задумацца.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.