Вы тут

Як забяспечваюць парадак у зонах адпачынку


Нягледзячы на тое, што сёлета надвор'е зусім не радуе нас пастаянствам, многія мінчане пры першай жа магчымасці імкнуцца адправіцца на прыроду. А дзе найлепшы летні адпачынак? Вядома, на моры. Вось і арыентуюцца на яго — сваё, блізкае і роднае, Мінскае мора. Тым больш што прыгажосці яму не займаць, ды і добраўпарадкаванне тэрыторыі за апошнія гады тут выйшла на новы ўзровень. Яшчэ адзін немалаважны паказчык — спакой. І сапраўды, на першы погляд, тут цішыня ды благадаць. А вось, што стаіць за гэтым і якія намаганні прыкладаюцца, каб падтрымліваць такую атмасферу, мы і пастараліся сёння высветліць.


Летняя «мекка»

Гарачы поўдзень суботняга дня. Такое надвор'е на выхадныя не выпадала ўжо даўно. Не дзіўна, што ў электрычцы, якая праходзіць праз станцыю «Мінскае мора», збіраецца шмат народу. Вось у тамбуры прымасціліся трое маладых людзей з веласіпедамі і вялізнымі паходнымі заплечнікамі. А ў канцы вагона весела перагаворваецца група падлеткаў. Мяркуючы па размовах, гэта абітурыенты, якія нарэшце выдыхнулі пасля залічэння на бюджэт. Едуць адзначаць. Насупраць іх уладкавалася шматдзетная сям'я, самае малодшае дзіця ціха дрэмле ў калысцы, у той час як дзве старэйшыя пагодкі абмяркоўваюць, якія фігуры з пяску кожная з іх збіраецца пабудаваць. Як толькі пры пад'ездзе да станцыі цягнік запавольвае свой ход, не менш за палову пасажыраў падымаецца са сваіх месцаў — наперад, да мора!

Вось каб адпачынак ва ўсіх гэтых розных людзей прайшоў аднолькава спакойна, кожны дзень, без выключэння, на тэрыторыі зон адпачынку нясуць службу супрацоўнікі міліцыі: як пешымі нарадамі, так і аўтапатруляваннем. Тэрыторыя Мінскага мора знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінскага РУУС. А дапамагаюць патруляваць яе салдаты тэрміновай службы ўнутраных войскаў МУС. Усяго ж у Мінскай вобласці шэсць вадаёмаў з абсталяванымі пляжамі: тое самае Заслаўскае вадасховішча, Дразды, Крыніца, Вяча, Пціч і Дуброўскае вадасховішча. На Мінскае мора мы адправіліся, бо традыцыйна яно лічыцца самым шматлюдным. У гэтым годзе на Дзень Перамогі, калі свята выпала на сярэдзіну тыдня, а, значыць, магчымасці з'ехаць далёка ў жыхароў сталіцы не было, тут сабралася каля 50 тысяч чалавек!

Усяго ж тут дзевяць пляжаў, з аднаго боку берагавой лініі частка з іх расцягнулася адразу на пяць кіламетраў. Кожны пляж патрулюе асобны нарад. Прычым, як падкрэслівае камандзір роты патрульна-паставой службы Мінскага РУУС падпалкоўнік міліцыі Юрый ШЧАРБАКОЎ, галоўная задача супрацоўнікаў — менавіта прафілактыка. Дарэчы, у параўнанні з тым, што было яшчэ некалькі гадоў таму, абстаноўка значна палепшылася.

На дне

Найлепшай ілюстрацыяй да гэтых слоў з'яўляецца тое, што адбываецца на беразе. Здаецца, нібыта на нейкія асаблівыя спаборніцтвы адразу па ўсіх відах спорту: тут і бадмінтон, і валейбол, і футбол, і фрысбі, і, вядома, плаванне. Людзі нарэшце пачалі змяняць сваё ўяўленне аб адпачынку на прыродзе адносна таго, што «шашлычок» не абавязкова толькі «пад каньячок», і на свежым паветры ёсць шмат іншых спосабаў цікава правесці час. Але сустракаюцца і выключэнні. Так практычна каля самай дарогі (а навошта замарочвацца?) натыкаемся на «вясёлую» кампанію: два хлопцы і дзяўчына. Адзін з маладых людзей спіць непрабудным сном, у той час як пара працягвае свой «банкет». Моцны алкаголь ідзе ўперамешку з півам, што прыкметна і па іх стане. Адзін той факт, што замест купальніка дзяўчына загарае ў бялізне, вельмі красамоўны.

— Распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах забаронена.

— Мы ж пакрыху, — ледзь вымаўляе дзяўчына. — Добра-добра, можа, і праўда пара дадому. Зараз толькі наш сябар прачнецца. Ён стаміўся.

Пакуль мы размаўляем, маладыя людзі пачынаюць спрабаваць збіраць рэчы, але выходзіць з цяжкасцю. Мне здаецца непраўдападобным іх жаданне адправіцца дадому. Але, калі пасля абыходу пляжа мы вяртаемся назад, пра іх ранейшую прысутнасць нагадвае толькі прымятая посцілкаю трава.

Больш такіх выпадкаў мы не сустрэлі. У асноўным на пляжы адпачываюць сем'і ці маладыя людзі па два-тры чалавекі. Вялікія кампаніі аддаюць перавагу альтанкам. Балазе, сёлета іх стала яшчэ больш. Як і мангалаў, лавак, дзіцячых пляцовак і ўсяго таго абсталявання, якое трэба, каб забяспечыць усе выгоды цывілізацыі.

Пільным вокам

Праходзячы ўздоўж пляжа, заўважаем два ручнікі, на якіх ляжаць адкрытыя сумкі. З адной з іх прызыўна выглядвае планшэт. Пакуль мы затрымліваемся каля рэчаў, з вады паспяваюць выйсці дзве дзяўчыны.

— Навошта вы рэчы без нагляду пакідаеце, тым больш у адкрытым выглядзе?

— Дык мы ж ненадоўга. І стараліся вачэй з берага не адводзіць.

— Няўжо нельга па адной пакупацца?

— Разам жа весялей, — смяюцца сяброўкі.

Праўда, скончыцца такая бязладнасць можа зусім нявесела. Менавіта таму прафілактыка крадзяжоў, нароўні з прафілактыкай п'янства, — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці міліцыі ў зонах адпачынку. Як тлумачыць Юрый Шчарбакоў, супрацоўнікі заўсёды прыкмячаюць пакінутыя без нагляду рэчы, імкнуцца дачакацца іх уладальнікаў і растлумачыць, што рабіць так не варта. Калі маршрут пралягае ўздоўж стаянкі машын, то праваахоўнікі звяртаюць увагу і на тое, каб няпамятлівыя кіроўцы не пакідалі адкрытымі вокны ці каштоўныя рэчы навідавоку. У гэтым выпадку яны звычайна тэлефануюць уладальнікам машын па пакінутым на лабавым шкле тэлефоне. Пазалетась была здзейснена серыя крадзяжоў з прыпаркаваных аўтамабіляў: злачынцаў хутка знайшлі, але пра тое, што захаванасць маёмасці залежыць шмат у чым ад яе ўладальнікаў, працягваюць нагадваць да гэтага часу.

Дарэчы, усім аўтаўладальнікам спецыялісты рэкамендуюць заўсёды пакідаць картку з нумарам. Гэта дапамагло б вырашыць вялікую частку канфліктаў. Бо часцей за ўсё з тэрыторыі зон адпачынку звяртаюцца ў ДАІ з праблемай, што адна машына перакрыла іншай выезд са стаянкі. Пакуль, на жаль, абсталяваных месцаў для паркоўкі ўздоўж пляжаў значна менш, чым трэба для гарачых дзён. Дарэчы, супрацоўнікі ДАІ ў цёплы перыяд таксама ўвесь час дзяжураць у межах зон адпачынку — і на сітуацыі на дарогах гэта адбіваецца станоўчым чынам.

Брыз перамен

Дарэчы, супрацоўнікі міліцыі, калі неабходна, дапамагаюць і ратавальнікам. У роты ёсць нават уласная маторная лодка. Для некаторых адпачывальнікаў просьба не заплываць за буйкі гучыць як выклік. Нават пасля ўгавораў ратавальнікаў, не кожны гатовы змірыцца і «плюхацца на мелкаводдзі з малышнёй». У гэтым выпадку эфектыўней за ўсё дзейнічае згадванне адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне ад супрацоўнікаў у форме. Адразу і патрабаванні здаюцца аб'ектыўнымі, і глыбіня сапраўды занадта вялікай.

Наогул абстаноўку можна назваць спакойнай па ўсіх зонах адпачынку. У сярэднім у цёплы дзень на іх тэрыторыі затрымліваюць не больш за дзесяць чалавек, гэта з улікам правапарушэнняў па лініі ДАІ. Што датычыцца сур'ёзных здарэнняў, то за апошнія два сезоны іх, на шчасце, не было. Хутчэй за ўсё, уплываюць усе змены ў сукупнасці...

Напрыклад, ужо рука сама цягнецца да пакета са смеццем, каб данесці яго да сметніцы, — на дарозе іх дастаткова. Ужо няма больш крыўдаў, што на тэрыторыю пляжа заязджаць на машыне нельга — бо толькі так можна адчуць сябе сапраўды расслабленым. Ужо ніхто не разводзіць вогнішчы — ёсць стацыянарныя мангалы, ды і свой, як аказалася, захапіць не так складана. Не прадаюць на тэрыторыі пляжаў больш піва, ды і з безалкагольнымі напоямі дзень не становіцца горшы. І яшчэ, і яшчэ... Нездарма кажуць, што асяроддзе вызначае свядомасць. Крыху больш намаганняў з боку гарадскіх службаў — і мінчане сталі паводзіць сябе па-іншаму. Будзем лічыць гэта такім спосабам калектыўна сказаць «дзякуй».

Што да правапарадку, то, напэўна, прыйшло разуменне, што ўсяму сваё месца і час. Адпачынак з сем'ямі на пляжы і паход у начны бар — гэта не адно і тое ж. І ўвогуле, галоўнае — памятаць, што камфортна павінна быць не толькі вам, але і тым, хто побач. А калі гэта раптоўна вылецела з галавы, ёсць каму пра гэта мякка нагадаць.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Мора больш не хвалюецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».