Вы тут

Чаму даражэе кураціна?


Антыманапольнае міністэрства разгледзела ў гэтым прыкметы цэнавай змовы

У ходзе маніторынгу цэнавай сітуацыі ў чэрвені — ліпені эксперты заўважылі, што цэны на мяса птушкі істотна выраслі. Прычым рост адбыўся за кошт цаны вытворцаў. Пры тых жа гандлёвых надбаўках вытворцы павялічылі цану і адмянілі зніжкі, якія былі раней. Па асобных гандлёвых аб'ектах цана на мяса птушкі вырасла да 28 %. Такім чынам аднамомантава сябе павялі найбуйнейшыя вытворцы птушкі. Астатнія, якія не займаюць істотнай долі на рынку, падцягнуліся за лідарамі і паднялі кошты прыкладна на такім жа ўзроўні. Гэта факт. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю прадстаўніка зацікаўленага ведамства.


— Папярэдне мы не выявілі эканамічных падстаў для аднамомантавага росту цэн на мяса птушкі. Праводзіцца расследаванне, калі будуць вынікі, мы паведамім, — сказаў начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Павел Філіпаў. — У рэгіёнах зафіксаваны значны рост цэн на мяса курыцы з адменай усіх скідак, пры гэтым фактару сезоннасці выяўлена не было. Мяса курыцы падаражэла ў сярэднім на 12—15 %: павышэнне адпускной цаны на 6—7 % плюс адмена зніжак дае такі істотны рост. Гэта было заўважана спажыўцамі.

Акрамя таго, начальнік упраўлення заўважыў, што зафіксаванае ўзняцце цэн вытворцамі мяса птушкі на адну велічыню адбылося практычна ў адзін дзень. «Не могуць вырасці выдаткі прадпрыемстваў на вытворчасць птушкі адначасова ў адзін дзень. Гэта працяглы працэс. Бачацца прыкметы цэнавай змовы», — паведаміў Павел Філіпаў.

Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся ў прадстаўнікоў міністэрства, ці магчымае ў хуткім часе «адкручванне» неабгрунтавана паднятых коштаў.

Як растлумачыла начальнік юрыдычнага ўпраўлення міністэрства Таццяна Парэйка, аналагічная сітуацыя з аднамомантным ростам цэн была зафіксавана раней у сферы сувязі. «Як толькі прайшла інфармацыя пра пачатак антыманапольнага расследавання, суб'екты змянілі сітуацыю і вярнуліся да таго, што было раней», — дадала яна.

Таксама на прэс-канферэнцыі журналісты паднялі пытанне пра перабоі з пастаўкамі цэменту і пра падаражанне гэтага будаўнічага матэрыялу. Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч лічыць, што дэфіцыту цэменту ў нашай краіне ў цяперашні час няма.

Ён заявіў, што праблемы з пастаўкамі цэменту на ўнутраны рынак раней былі выкліканы часовым спыненнем вытворчасці ў ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» з-за паломкі. «Чэрвень быў вельмі гарачы, вялікі попыт быў на цэмент з-за таго, што будматэрыял хутка высыхаў. Калі пры дрэнным надвор'і яму трэба тры дні, то ў спякоту ён высыхаў за дзень. Таму падняўся ажыятажны попыт на цэмент, у некаторых месцах ён штучна падаграваўся», — сказаў першы намеснік міністра.

Паводле яго слоў, пытанне аб пастаўках цэменту абмяркоўвалася ва ўрадзе на ўзроўні віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна. Прадпрыемствы, як запэўнілі прадстаўнікі Мінбудархітэктуры, былі дастаткова забяспечаны запасамі цэменту да сезона.

Былі часовыя праблемы з продажам цэменту ў рознічнай гандлёвай сетцы. «Адзначаліся пэўныя факты яго адсутнасці. Гэта звязана з непланамернай адгрузкай з заводаў. Надвор'е сапсавалася і ажыятажны попыт на яго знік», — удакладніў Артур Карповіч.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.