Вы тут

На мяжы рэальнасці


На мяжы рэальнасці

У серыі «Пункт адліку» ў 2017 годзе выйшла дэбютная кніга Зараславы Камінскай «Русалкі клічуць». У 2018 годзе кніга атрымала прэмію «Дэбют». Прэмія, мабыць, і завы­шае ўзровень аўтарскага дэбюту, праз што можна пачуць, што аўтарка «не дацягвае». Але тут ёсць і тое, што паказ­вае: Зараслава Камінская можа зрабіць нешта значнае ў літаратуры.

«Русалкі клічуць» — пра русалак, што пазначана ў назве, і пра мастачку Алену Кіш, пра якую часцей за ўсё ка­жуць, калі ўспамінаюць гэтую кнігу. Але, разам з тым, гэта прывабная гульня, прыгожа выбудаваная гісторыя, у якой няма лішняга. Аўтарка бярэ беларускі караткевічаўскі ра­мантызм, якім дагэтуль так захапляюцца, і стварае на яго аснове сучаснасць. Ці не спроба гэта вырвацца з шэрагу настальгічнай літаратуры?

Часта аўтары спрабуюць ўкладаць у свае творы думку «Любіце нашу культурную спадчыну». І гэтая «спадчына» за­стаецца абагульненай неакрэсленай ідэяй, хаця і ўзнёслай, але эфемернай. Палюбіць ідэю — складана. Чытач можа палюбіць нешта ачалавечанае, прыземленае і матэрыяль­нае. А што можа быць больш матэрыяльным і прыземле­ным, чым людзі? Эмоцыі выклікаюць не ідэі, а людзі. І не палюбіць Алену Кіш вельмі цяжка.

Зараслава Камінская напісала містычна–дэтэктыўную кнігу на аснове міфалогіі і гісторыі. Выдатна, што аўтарка змагла адлюстраваць мадэль народнага мыслення, у якім хрысціянства натуральна спалучаецца з язычніцтвам, а ўяўленне пра русалак — з нацельным крыжыкам, што ратуе ад погані. Так з гэтага русалкі перастаюць быць вобразам фальклору і становяцца часткай аб’ектыўнай рэальнасці мастацкага твора.

Нягледзячы на містычныя элементы, вызначальны на­прамак твора — рэалістычны. У аўтаркі атрымалася ства­рыць гэты рэалізм праз бытавыя дэталі. Але часта не хапае канкрэтнасці і прывязак да месцаў, не хапае дэталей для стварэння канкрэтнай вёскі ў канкрэт­ным месцы Беларусі.

Дзеянне кнігі разгортваецца ў двух хранатапічных пластах: у гарадской сучаснасці і ў пасляваеннай вёсцы. Су­вязь між імі рэалізавана ў дэтэктыўным сюжэце. Гэтыя складнікі хранатопу запа­ралеленыя і раскрываюцца адзін праз аднаго. Чым бліжэй да канца твора, тым ярчэйшым становіцца пласт мінулага, побач з ім зусім ужо блякне сучаснасць, якая спачатку была хоць і не радаснай, але жывой. І гэта можна трактаваць як адлюстраванне ў тэксце дэпрэсіўнага стану гераіні: пражыванне мінулага лепш, чым пражыванне сучаснасці. Тое ж можна сказаць у дачыненні да твораў многіх іншых беларускіх аўтараў. Але Камінская паглыбляецца ў мінулае настолькі, што страчвае кантроль над падзеямі сучаснасці, праз што мы атрымліваем слабаваты фінал.

Форма твора заслугоўвае асобнай увагі. Так, у наяўнасці «кліпавая» пада­ча інфармацыі (з уключэннем асабістых паведамленняў), праз гэтую форму добра рэалізуецца сюжэт. Кніга завярша­ецца лістом галоўнай гераіні, якая, у той жа час, аказваецца ўмоўным аўтарам аповесці. Апошні фрагмент выварочвае тканіну твора, задаючы новы кантэкст.

Шмат якія дэбютныя тэксты маюць адну і тую ж праблему: недапрацаваны псіхалагізм. Героі ў такіх творах паводзяць сябе не так, як вынікае з іх характараў, вобразаў і бэкграўнду, а так, як неабходна аўтару, каб рухаць сюжэт. Часцей за ўсё менавіта па гэтай прыкмеце «маладая» проза адрозніваецца ад «сталай». Мы не можам не за­даваць пытанні: чаму галоўная гераіня кідаецца кудысьці ехаць з малазнаёмым хлопцам? Чаму мы толькі чытаем пра дэпрэсію, але не бачым яе, чаму не адбіваецца душэўны стан на паводзінах гераіні? Можна згадаць і не самыя моцныя дыялогі, у якіх удзельнічае Алесь. Тым не менш, ідэя рэалізаваная.

Дарэчы, у тэксце Камінскай можна ўбачыць штосьці амаль стральцоўскае ў стылістычным па­дыходзе. Яшчэ, праўда, празмерна шматслоўнае ў вобразным рашэнні, вучнёўскае, але з абяцан­нем на будучыню. Аўтарка здольная ствараць яркія, рэчыўныя, пазнавальныя вобразы: пакеты, якія падобныя да пельменяў, партрэт кватэрнай гаспадыні, старая, пакрытая тлушчам, пліта. Апеля­цыя да рэчаў, якія знаёмыя ўсім, — ход тыпова ма­савай літаратуры, але тут можна ўбачыць большае: назіральнасць аўтаркі. З гэтай прычыны сустрака­ецца ў тэксце мноства метафар і параўнанняў — ёмістых і разгорнутых. На гэтым і трымаецца стылістыка Зараславы Камінскай, простая, але ў той жа час не пазбаўленая вытанчанасці, са спро­баю падагнаць класічныя прыёмы пад сучаснасць. Парадавала ўключэнне ў тэкст сучаснага слэнгу і жартаў: «гадзіннічкі цікаюць» — можна не па­спець пагуляць з імі.

Праца Зараславы Камінскай з тэкстам выклікае калі не захапленне, то добразычлівае стаўленне да яе таленту. Можна чапляцца да некаторых нюансаў персанажнай, сюжэтнай логікі — ёсць да чаго. Але прыдзірацца залішне я не хачу: усё–такі гэта збольшага тыя шурпатасці, якія і ўласцівыя дэбютным работам і ад якіх вельмі часта нікуды не дзенешся.

Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».