Вы тут

Не забываем летуцець...


Нямала сярод творцаў тых, чый лёс склаўся трагічна! Існуе меркаванне, што «прафесія» пісьменніка — самая небяспечная, гэта пераканаўча даводзіць Грыгорый Чхарцішвілі ў папулярным даследаванні «Пісьменнік і самагубства» (Масква: Захаров, 2013).


 У такім разе галоўнае пытанне да творцы: ці ўплывае ён праз уласныя творы на тое, як укладаецца ягонае жыццё?

Як раніца прыйшла і сонца ўстала,

Дык засталася назаўжды ў раі.

Анёлы яе здольнасць скарысталі

Прыдумваць цудадзейныя краі...

Гэтыя радкі належаць пяру Святланы Явар. Цяпер яны падаюцца прарочымі. Сёлета ў ліпені паэтэса магла б адсвяткаваць сваё 50-годдзе. Але ў чэрвені 2011 года яе не стала. Згаданае чатырохрадкоўе Святлана напісала незадоўга да сваёй раптоўнай смерці. У яе паэзіі шмат вершаў, дзе яна нібыта прадбачыла свой нешчаслівы адзінокі лёс, заўчасны сыход. Гляджу на фотаздымкі, што суправаджаюць шматлікія публікацыі, і згадваецца «ружа-кветка» з народных песень: такая ж кідкая прыгажосць. Бездакорны круглы твар, яркія цёмныя вочы і выразнымі дугамі чорныя бровы над імі, поўныя, яскрава акрэсленыя вусны, цёмна-каштанавыя пышныя валасы. Ды і розумам Бог не пакрыўдзіў: таленавітая паэтэса і празаік, Святлана таксама аўтар шматлікіх навуковых публікацый, цікавых артыкулаў на старонках айчыннага друку пра пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў. Яе пяру належаць і пераклады з польскай і англійскай моў.

...Ці маюць рацыю фаталісты? Кожны чалавек сам вызначае свой лёс, ці лёс яго прадвызначаны яшчэ да нараджэння? І ў сусветнай, і ў айчыннай літаратуры — безліч прыкладаў, калі паэты апісвалі смерць ці жудасныя падзеі, якія потым адбываліся з імі ў рэальнасці. Як вызначыць гэтую з’яву? Спрацоўвае абвостраная інтуіцыя, нярэдка ўласцівая людзям з тонкай псіхічнай арганізацыяй? Падзеі, якія маюць надарыцца ў недалёкай будучыні, кідаюць перад сабой «цень», і чалавек з чулымі душэўнымі «рэцэптарамі» можа яго «ўлавіць»? Ці, наадварот, пэўныя падзеі адбываюцца таму, што іх «праграмуюць», тым больш калі пры гэтым вызваляецца магутная творчая энергія (ёсць жа ў народзе выраз: пра воўка памоўка — а воўк і ў хатку)? А можа, гэта ўзаемаўплывовы працэс?..

Святлана Явар — аўтар двух зборнікаў паэзіі: «Раніца ў туманах» (Мінск: Б-ка часоп. «Маладосць», 1994) і «Белы месяц» (Мінск: Маст. літ., 1994). Падрыхтаваны да друку трэці яе зборнік пад назвай «Дзівосны сад», які неўзабаве пабачыць свет. У ім, акрамя ранніх вершаў, і творы апошніх гадоў жыцця пісьменніцы — яны публікаваліся на старонках айчынных перыядычных выданняў.

Цяпер, калі Святланы няма з намі, мы не можам паразмаўляць з ёй, спытаць, што ж ёй патрэбна, каб пачувацца шчаслівай, ці што яе турбуе. Таму застаецца толькі зазірнуць ёй у вочы праз вершы, каб зразумець, чым жыла яе душа і чаму на ёй было часам надзвычай змрочна, беспрасветна.

Вясна.

Не можна без цябе.

Сумую.

Удалячынь

Пішу табе лісты...

На дзіва журботная, шчымлівая, жаночая лірыка, асноўны лейтматыў — туга па каханым, немагчымасць спраўдзіцца без адчування побач роднага чалавека, сум па той спрадвечнай жаночай долі, калі аддаеш сваё жыццё абранаму, Богам дадзенаму, цалкам у ім раствараючыся:

Страшней за адзіноту ўсведамленне,

Што не знайсці больш роднаснай душы.

Калі заглыбіцца ў лірыку Святланы, узнікае ўражанне, што яна ў сваім болю хавалася ад новых расчараванняў. Як у звыклым пакоі: хай ён няўтульны, хай у ім няма таго, што хацелася б мець, але... выйдзеш за межы — і раптам будзе яшчэ горш?

У лесе ціш. Ласкавы дотык голля

Нагадвае цяпло тваёй рукі.

Бясспрэчна, што і заўтра, як і сёння,

Не будзе ні цябе, ні рук тваіх.

І ні вачэй, ні голасу... Завошта?

Роспачны крык, поўны болю, горычы і безвыходнай тугі: «завошта?»... Лірычная гераіня кранулася дна свайго адчаю. Цяпер, скарыстаўшы інерцыйную сілу руху, варта было б адштурхнуцца ўверх, а там — плынь падхопіць і вынесе на паверхню... І сапраўды, часам гучаць мажорныя ноты:

...як быццам месяц, узышла —

Надзея на Святло праз ростань.

Але ў межах гэтага ж верша:

...Загінуць —

Ці дачакацца слёз кахання?..

Відаць, цяжэй, чым свет пакінуць,

Трываць маё з табой расстанне.

Жыццё лірычнай гераіні — бясконцае ваганне. Яна нібы штохвіліну вырашае для сябе, ці варты гэты свет таго, каб цярпець невыносныя душэўныя пакуты:

Ступаю крок за крокам у бясконцасць...

Да смерці ўсё бліжэй, ды чую я

Выратавальна-зыркі промень сонца,

І страхаў разбягаецца сям’я.

...Я буду жыць! — А паміраць хацела.

Прырода, навакольныя лясы, палі, лугі, неба — фон, які ілюструе рухі душы. Бывае, прастора запоўнена празрыстай чысцінёй, калі сонца пераможа непагадзь, альбо зіхаценнем зор у ясную ноч. Але часцей (як і ў нашай звыклай рэчаіснасці) навокал — шэрань, імгла, хмары... Стан прыроды сугучны пачуццям і настрою:

І церусіць над багнай дождж:

Бо для нікога —

І першага кахання ноч,

І ўвысь дарога...

...Ці прадбачыла Святлана свой сыход? Чаму яе лёс склаўся менавіта так? Гэта ведала яе душа, а нам засталіся вершы, дзе ёсць адказы на ўсе пытанні. Як чалавек, які апускаўся на самыя глыбіні дэпрэсіі і, значыць, ведае, што там і не жадае падобнага нікому, Святлана нагадвае (і давайце ж да яе прыслухаемся і запомнім, яна мела рацыю):

Не забываем летуцець

У звабным мроіве надзеі

Аб тым, што зараз будзе днець

І шлях не замяце завеяй.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.