Вы тут

Як адно імгненне...


Можа, неба ў душы пасяліць,

Каб акрыліць ілюзорнае?..


На першы погляд падаецца, што ўзнёслыя «завоблачныя» мроі — занятак далёкіх ад сапраўднага жыцця паненак, якія ніколі не сутыкаліся з сур’ёзнымі праблемамі. Але ж у рэальнасці бывае і па-іншаму: мары чалавека сягаюць настолькі высока, наколькі цяжкім і складаным грузам ён прыціснуты да зямлі, да лёсу...

«Свяці, свяці, сонейка!» — такую вясёлую назву мае зборнік твораў Івана Монціка, што сёлета пабачыў свет (Баранавічы: Выдавец А.Г. Хахол, 2018). Пад яго вокладкай — вершы, казкі (у тым ліку і для дзяцей), апавяданні, аўтабіяграфічныя замалёўкі і лісты з сямейнага архіва.

Творы аб’ядноўваюцца ў «Першы сшытак» (па-беларуску) і «Другі сшытак» — (па-руску за выключэннем «Павучальных гісторый»). Пісьменнік азіраецца на юнацтва, маладосць, сталасць і нанова перажывае шчасце, падоранае каханай, стваральнай працай, магчымасцю невялікіх адкрыццяў у штодзённасці. Душа яго поўніцца любоўю да родных мясцін і да жыцця, хоць было яно няпростым, нялёгкім, а сам аўтар заўчасна страціў самых дарагіх людзей — жонку і брата.

Цёплыя згадкі пра сяброў маленства, родную школу і настаўнікаў, замілаванне навакольнай прыродай — вось асноўныя матывы вершаў І. Монціка. Нямала твораў прысвечана памяці «любай жонкі Надзеі» — яны кранаюць шчымлівым пачуццём страты і ў той жа час светлым сумам: паэт удзячны лёсу за ўсё, што ў ім было і ёсць — і шчасце блізкасці, і радасныя ўспаміны:

Памяць мая...

Памяць, што ты робіш са мною?

Плачаш?.. І я

Плачу замоўклай струною.

Цяжкое ваеннае і пасляваеннае дзяцінства сталася лёсам аўтара і яго жонкі. Яно з ім заўжды, праз усе гады. У размовах з сябрамі, у светаадчуванні, у свядомасці, якую нельга «вымкнуць з сеціва»:

...Басанож у маленстве бягу

Поруч з маці ў сорак чацвёртым.

З палаючай вёскі ў лес,

А ранак ліпнёвы пранізваюць кулі.

Тым не менш пісьменнік жыве напоўніцу, аддаючы сябе і радасці жыцця, і карпатлівай штодзённай працы. Многія яго вершы прысвечаны аднавяскоўцам, якія нястомна шчыруюць на зямлі, дзякуючы якім родныя палеткі родзяць хлеб і на стале заўжды ёсць кубак малака. А яшчэ аўтар любіць пажартаваць, прыкмячае дробныя дэталі, з каторых і складаецца побыт, непаўторнае гучанне кожнага дня. На вершы І. Монціка напісана не адна песня, ды і ў зборніку ён падае некаторыя фальклорныя ўзоры з уласных запісаў. Варта адзначыць, што кніга аздоблена цудоўнымі аўтарскімі малюнкамі, а на вокладцы — здымак, зроблены аўтарам: маляўнічая выява роднай мясціны.

«Сусвет вялікі. А жыццё чалавека ў ім, як адно імгненне трапяткіх крыльцаў матылька, сагрэтага вясновымі промнямі сонца», — зазначае І. Монцік. Хай жа свеціць і свеціць сонейка, доўжачы імгненне!

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?