Вы тут

Як кніжніцам пашырыць прастору?


Сёння для бібліятэкі як ніколі актуальны трэнінгі, майстар-класы, дыскусійныя пляцоўкі, творчыя сустрэчы. На першы план выходзяць нефармальныя зносіны. Летняя пара — выдатная магчымасць знайсці новых чытачоў. Бібліятэка на вольным паветры, ды яшчэ ў кампаніі калег?!. Выхад кніжніц у парк мог бы падацца шараговай з’явай, калі б не адмысловая нагода. Для жыхароў Савецкага раёна Мінска год юбілейны: раён існуе ўжо 80 гадоў.


Музычна-літаратурная алея «Год малой радзімы», што разгарнулася ў скверы імя Уладзіміра Мулявіна каля Белдзяржфілармоніі, — плён знаходлівасці і крэатыву сталічных бібліятэк — Цэнтральнай імя Янкі Купалы (асноўны арганізатар), Мінскай абласной імя А. С. Пушкіна, Цэнтральнай дзіцячай імя М. Астроўскага. Такія выхады зараджаюць энергіяй, даюць новыя ідэі магчымасць супрацоўніцтва. Разам з бібліятэкамі — артысты Белдзяжфілармоніі (ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам віртуоза балалаечніка Ігара Іванова; вядучы свята — Уладзімір Радзівілаў). Натхніцца жывой музыкай, наталіцца непаўторнай экспазіцыяй жывапісу, даведацца, якім быў Мінск у мінулым стагоддзі, папрактыкавацца ў беларускай мове, адолець займальны квэст і віктарыны і абавязкова атрымаць прызы...

— Мы хочам паказаць, на што кніжніцы здольныя, — адзначае Наталля Канашук, загадчыца аддзела абслугоўвання Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы. — Цяпер думаюць: ну што такое бібліятэка? Узяць кнігу, вучэбны дапаможнік, мастацкую літаратуру... Але публічныя бібліятэкі становяцца цэнтрам сямейнага чытання: мы працуем як з дарослымі, так і з юнацтвам. У нас ёсць дзіцячыя пляцоўкі, залы, літаратура для самых маленькіх. Наша бібліятэка абслугоўвае ўсе катэгорыі насельніцтва. Да нас прыходзяць сем’ямі. Ды ёсць тэндэнцыя: у канцы 1990-х — пачатку 2000-х мы не ведалі адбою ад студэнтаў, чэргі былі па гадзіне, але ў сярэдзіне 2000-х пайшоў адток (вузаўскія бібліятэкі рэканструяваліся, рэарганізаваліся, аснасціліся сучасным абсталяваннем, камп’ютарамі, закупілі шмат дапаможнікаў). Цяпер студэнты ад нас амаль сышлі, затое навідавоку прыток зусім маленькіх чытачоў.

Інтэрнэт, камп’ютар цяпер кніжніцам у дапамогу. «Калі раней да нас прыходзілі па даведкі, неабходна было гартаць энцыклапедыі, то цяпер адзін клік, і любое пытанне вырашана. Інфармацыя даступна. Але ў чым перавага: бібліятэка дасць дакладную, правераную інфармацыю, а інтэрнэт — не заўсёды. У інтэрнэце выкладзены не ўсе дапаможнікі, не ўсе кнігі. Цяпер жа манаполія, асабліва ў Расіі: “ЛітРэс” “паглынуў” усё, скачаць амаль немагчыма, толькі купіць, а гэта нятанна, і таму да нас вяртаюцца», — расказвае Наталля Канашук.

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна асаблівае значэнне надаюць краязнаўству. На свяце прадставілі адмысловую інтэрактыўную карту. Гарады на ёй адзначалі наведвальнікі: з малой радзімы складаецца вялікая. «Краязнаўчыя пошукі выклікаюць цікавасць да кніжніцы, — упэўнена Марына Будай, вядучы бібліятэкар аддзела краязнаўчай літаратуры Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. — Ладзім выстаўкі, акцыі: Пушкінскі дзень, акцыя да дня роднай мовы».

Якое возера ў Мінскай вобласці называюць Беларускім морам? На якой рацэ разгромлены рэшткі напалеонаўскай арміі вайны 1812 года? Самая высокая кропка Беларусі, якая знаходзіцца ў Мінскай вобласці, недалёка ад Дзяржынска? Змястоўная віктарына ад Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна правярала наведвальнікаў на кемлівасць.

Кніжніцы дапамагаюць ажыццяўляць многія асветніцкія мэты, у прыватнасці зберагаць культурную спадчыну. Прыклад гэтаму — квэст «Камароўскія таямніцы» — захапляльная вандроўка і прыемныя сюрпрызы. «Вылічыце, колькі гадоў мінула з таго часу, як упершыню згадваецца Камароўка», — пытанні на імправізаваных скрутках адсылаюць да кнігі ў экспазіцыі, дзе і знойдзецца адказ. А яшчэ — скласці мазаіку з фрагментаў артэфакта, на адваротным баку ўважліва разгледзець фотаздымак і адшукаць яго на фотавыстаўцы «Мой раён для мяне». Пераможцам — узнагароды. Пажаданні малой радзіме — на інтэрактыўнай дошцы: кожны мог падарыць свае зычэнні з дапамогай фламастараў. У кніжнай экспазіцыі — выданні беларускіх пісьменнікаў: Алеся Карлюкевіча, Генрыха Далідовіча, Артура Вольскага, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Яўгена Хвалея, Анатоля Бутэвіча.

На свяце ў парку разгарнулася арыгінальная цікавая фотавыстаўка, дзе можна было разгледзець рэдкія, унікальныя здымкі Мінска: від на старую Камароўку (1946 г., аўтар Л. І. Папковіч), будаўніцтва Камароўскага рынку (1974 г.), плошча Якуба Коласа падчас рэканструкцыі (1958 г., В. Лупейка), будынак ЦУМа (1964 г., М. Л. Мінковіч).

— Акрамя імпрэз традыцыйных — культурных прэзентацый, сустрэч з пісьменнікамі, літаратурна-музычных гасціных, — у розных бібліятэках нашай сістэмы шмат гурткоў: ад тэматычных, адукацыйных да арганізацыі вольнага часу, — адзначае Наталля Канашук. — У Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Купалы 5 гурткоў. Амаль 4 гады карыстаўся вялікім поспехам гурток для людзей старэйшага ўзросту «Старая пласцінка» (лідар — Святлана Фёдараўна Васілёнак — збірала матэрыял, расказвала пра пэўнага выканаўцу). Усе вельмі пасябравалі, прыходзілі пагаварыць. З адукацыйных гурткоў — «Англійскі клуб». Літаратурны гурток аб’ядноўвае 60—70 чалавек. Па выніках яго дзейнасці выпушчана 2 альманахі. Шмат зацікаўленых, бо многія пішуць. Ёсць фотагурток. Мы знайшлі валанцёра, які згадзіўся вучыць людзей старэйшага ўзросту лічбавай фатаграфіі. Гэта Мікалай Міхайлавіч Ліннік. Плён гуртка — фотавыстаўкі чытачоў. Экспазіцыя мяняецца кожны месяц.

Заўсёднікі ведаюць: калі бібліятэкі прапануюць узяць летам удзел у інтэлект-гульнях ці квэсце, сумна не будзе! Ці можна ўявіць сучасную бібліятэку без нестандартных рашэнняў?

 Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Паркавы настрой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».