Вы тут

Рай, якому ніколі не суджана стаць явай


Алена Лось пазбягала ў мастацтве ўсяго вострага, сумнага, жалобнага. У той час як яе жыццё па сваім болі нагадвала трагічную графіку нямецкіх мастакоў-экспрэсіяністаў.


Яе дзіцячыя і дарослыя страхі, комплексы, сямейнае бязладдзе ніколі не з’яўляліся (як для пераважнай большасці творцаў) крыніцай натхнення. Алена Георгіеўна надзейна аберагала сваё мастацтва ад хваравітага ўдзеяння ўласнага надламанага жыццяпісу.

У яе ніколі не было шчаслівай сям’і.

Першы муж, цудоўны графік Гары Якубені, з якім яна супольна афармляла многія кнігі, памёр ад хваробы сэрца ў сярэдзіне 60-х. Калі мастачка вярнулася позна вечарам дамоў, то ўбачыла яго нежывое цела.

Яе другі чалавек таксама меў кволае сэрца і пайшоў з жыцця ў сярэдзіне 90-х.

Адзіны сын патанаў у балоце разводаў, турэмных адсідак, заўсёднага безграшоўя, а дарослы ўжо ўнук не праяўляў асаблівай увагі да яе творчасці.

І ў той самы час, нягледзячы на гэтыя жыццёвыя буры, мастацтва Алены Лось падкрэслена бесканфліктнае, выразна-пастаральнае, адкрыта ідылічнае. Яно ўспрымаецца як пэўны выклік той нязменна-жахлівай рэчаіснасці, што неадчэпна яе пераследавала.

Алена Лось была цвёрда ўпэўнена: шчасце, безумоўна, ёсць. Але толькі... калі ты сама яго намалюеш, і яго існаванне магчымае толькі ў строгай прасторы малюнка, за межы якога ніколі гэтае шчасце не пяройдзе.

Тое, чаго Алене Георгіеўне так нехапала ў рэальным жыцці, яна з фанатычнай паслядоўнасцю выяўляла ў сваіх надзвычай гарманічных, пазбаўленых і намёку на смутак, творах.

У яе ілюстрацыях пануе культ шчаслівай сям’і.

Паглядзіце, напрыклад, на адзін з дзівосных малюнкаў да кнігі «Залатая яблынька» (1974 г.).

Перад намі сямейная пара: тата-гусар гушкае дзіця, юная мама папраўляе свае валасы і мочыць ножкі ў рэчцы. Вада, сцябліны фантастычных кветак, дрэвы закалыхваюць нас у сваім хвалепадобным рытме, яны быццам абдымаюць гэту шчаслівую сям’ю, аберагаюць ад заўсёдна-атрутнай будзённасці...

Паводле сваёй акварэльнай лёгкасці, тонкага, сімфанічнага гучання блакітнага, жоўтага, стрымана-пастэльнага чырвонага і карычневага колеру, гэтае цудоўнае выяўленне раю нагадвае жывапіс Мары Ларансен, якая таксама пазбягала ў творчасці вострых кутоў, крыклівага каларыту ці нейкага намёку на канфлікт. Чароўныя адценні блакітнага, якімі запоўнены малюнак, прымушаюць успомніць яшчэ аднаго паэта гэтай нябеснай фарбы — нямецкага жывапісца Франца Марка.

Яго многае яднае з Аленай Лось і перш за ўсё абсалютнарэлігійнае стаўленне да жывёлы і прыроды.

Заўсёдна-рахманыя, мудра-засяроджаныя быкі, коні, сабакі, мядзведзі, кошкі, лісы, касулі, дзікі, тыгры ўтвараюць адно гарманічнае цэлае з тым райскім садам (больш абстрактным у Марка і тапаграфічна-паляшуцкім у Лось, дзе на шчыце кожнай хаты выяўлена абавязковае сонца), куды мастакі змяшчаюць сваіх герояў.

Франц Марк, як і гераіня нашага артыкула, разумеў, што перайначыць рэчаіснасць немагчыма, а таму лічыў, што мастацтва і штодзённасць — рэчы несумяшчальныя і трэба заставацца апошнім вартым жалю рабом пратакольнагастраномнай явы, каб выкарыстоўваць гэтую сумнеўную праўду ў сваім мастацтве.

Падобную пазіцыю можна называць утапічнай, а яе прыхільнікаў — слабакамі, якія маладушна ўцякаюць у здрадніцкі свет казкі. Але я схільны лічыць такую філасофію своеасаблівым выклікам нашай штодзёншчыне.

Алена Лось з нязломнай прынцыповасцю адстойвала сваё права на фантазійнае мастацтва і нават адмаўлялася ад некаторых выгадных заказаў (напрыклад, ад афармлення кнігі Васіля Быкава «Трэцяя ракета» ў 1963 годзе).

І сапраўды, навошта яшчэ раз паказваць тое, што ў літаратуры завецца «жахамі вайны»? Асабліва калі перажыў іх сам. Асабліва калі бачыў, як маці, рызыкуючы жыццём, схавала падчас акупацыі яўрэйскую дзяўчынку, ратавала (працуючы ў нямецкім лясніцтве) сялян ад смерці.

Для чаго памятаць яшчэ большыя кашмары пасляваеннага бытавання? Бо пасля страху штодзённага расстрэлу з боку нацыстаў прыйшоў не менш востры жах арышту (і верагоднай пагібелі), якім пагражалі НКУС. Так, маленькую Алену за тое, што яна малявала і вывешвала на сцяне сваёй хаты гумарыстычную газету «Цыцохины новости», адзін НКУСавец хацеў у 1945 годзе арыштаваць (выратавалі суседзі), а яе маці за «супрацоўніцтва з ворагам» меліся саслаць у Сібір (адбілі выратаваныя ёй у вайну людзі).

Калі будзеш ілюстраваць выкрывальна-балючага Васіля Быкава, міжволі мусіш прыгадаць перажытае. А ці ёсць у гэтым сэнс? Ды і ці вельмі патрэбнае такое мастацтва? Каб лішні раз паказаць, што людзі ў сваёй заалагічна-агрэсіўнай хваравітасці не мяняюцца? Але гэта ж так прымітыўна — маляваць заўсёдна-нязменнае!

Пачынаючы з 90-х гадоў асабліва блізкай Алене Лось была падкрэслена невострасюжэтная, медытатыўнаапісальная проза Уладзіміра Ягоўдзіка, да якой мастачка з радасцю рабіла ілюстрацыі (можна згадаць іх цудоўную кнігу «Грыбок, грыбок, выстаў лабок», 1997 г.). У размове з гэтым пісьменнікам Алена Лось казала пра прычыну адмовы ілюстраваць Быкава: «Прачытала на адным дыханні. Уражанне магутнае. А назаўтра раніцай вярнула папку з машынапісам у рэдакцыю. Зразумела — быкаўская проза патрабуе зусім іншай, не характэрнай для мяне пластыкі, лініі, штрыха. Навошта хапацца не за сваё? Так, нястомна шукай, эксперэментуй, памыляйся, але беражыся ад танных падробак, фальшу» (Уладзімір Ягоўдзік. «Каб не маўчала душа...» // Наша вера, No 7, 2007 г.).

І сапраўды, ці не лепей паглынацца ў свет беларускіх народных казак, вясёлых вершаў Васіля Віткі, па-эстраднаму лёгкіх загадак Ніла Гілевіча, казак Авяр’яна Дзеружынскага, Міколы Янчанкі, Дануты Бічэль-Загнетавай ці Петруся Макаля?

Цікава назіраць за тым, як па-свойму перапісвае Алена Лось гэтыя творы, каб яны цалкам адпавядалі яе ідэалістычнай філасофіі.

Возьмем, напрыклад, беларускую народную казку «Разумная дачка» (1988 г.), якая выйшла асобным выданнем у літаратурнай апрацоўцы Алеся Якімовіча. Дарэчы, з гэтым пісьменнікам мастачка вельмі ахвотна і неаднаразова супрацоўнічала. З Якімовічам звязаныя яе сапраўдныя творчыя ўдачы («Ох і залатая табакерка», 1967 г.; згаданая «Залатая яблынька», 1974 г.; «Курачка-рабка», 1976 г.) І гэта нядзіўна: Якімовіч як мог літаратурна залагоджваў вострую, гратэскную брутальнасць нашага фальклору, а спадарыня Лось з той жа самазабыццёвасцю «гарманізавала» гэтую залагоджанасць сваімі малюнкамі.

У адным з эпізодаў «Разумнай дачкі» страшны, жорсткі садыст пан нацкаваў на дзяўчынку зграю сабак, але яна ўратавалася, выпусціўшы зайца, і ганчакі кінуліся за ім.

Як гэту сцэну ілюструе Алена Лось?

Перад намі па-святочнаму яркая выява панскай сядзібы. Тоўсценькі гаспадар нагадвае больш лагоднага шляхціца Завальню, а не маньяка ў стылі «Бутрыма Няміры» Францішка Аляхновіча ці «Пана Сурынты» Уладзіслава Галубка. Дзяўчынка прыветна яму махае, быццам запрашае ў такі шыкоўны сонечны дзень пагуляць, пагарэзіць. Вясёлыя, ласкавыя сабачкі бягуць навыперадкі за такім жа слаўным зайчыкам. Перад намі эпізод мілай цудоўнай гульні. Сінякронавыя дрэвы ізноў жа ласкава хінуцца да герояў, а чырвоны палац, намаляваны на ўвесь разварот, арачна выгінаецца з такой пяшчотай, што пачынае нагадваць вялікі німб, які абдымае персанажаў і надае дзейству безумоўную сакральнасць.

А як вам такая цудоўная ў сваёй свядомай неадпаведнасці тэксту ілюстрацыя да «Загадак» Ніла Гілевіча (1971 г.)? Чытаем, якое там дадзена апісанне ваўка: «Асцярожна, / Шэры, / Хітры, / Век галодны, / Шчэрыць іклы...» А на ілюстрацыі бачым, як гэты драпежнік шчасліва і неяк нават безабаронна ўсміхаецца, калі глядзіць у бок курачкі і пеўня, качкі і качара, як быццам ізноў жа хоча запрасіць іх разам падурэць.

Алену Лось мала цікавіла задача перадаць вясёлую эмоцыю драпежнай вастрыні паэзіі Ніла Гілевіча (і яна дакладна б адмовілася ілюстраваць яго спрэчны «Сказ пра Лысую гару»). Для яе галоўнае ў чарговы, няхай сабе тысячны, раз, паказаць прастору, дзе ніхто нікога не крыўдзіць, не палохае, не б’е і тым больш не есць.

Добра, скажаце вы, а як жа славутыя малюнкі да шэдэўра Васіля Віткі «Ладачкі-ладкі» (1977 г.)? Напрыклад, ілюстрацыя да класічнага «Прыйдзе шэранькі ваўчок, / Цябе схопіць за бачок»? Тут жа проста з відавочнай дакладнасцю паказана мастачкай, як згаданы «ваўчок» трымае ў пашчы за кашулю напалоханага хлопчыка з голай срачкай, а іншыя дзеці ад жаху хочуць схавацца пад коўдру.

Так, фармальна перад намі хорар-малюнак.

Але ж першае ўражанне падманлівае. Па-мацісаўску чырвоная коўдра нагадвае своеасаблівую тэатральную заслону, на фоне якой адбываюцца гэтыя падзеі, а стылізавана-масачныя абліччы хлопчыкаў і дзяўчынак, морда драпежніка надаюць усяму дзейству характар вясёлай карнавальнай несапраўднасці, жарту. Такое адчуванне, быццам героі дзеля ўласнай радасці разыгралі гэты вершык і не столькі «палохаюцца», колькі смяюцца, што ў іх атрымаўся такі вясёла-зладжаны спектакль.

Я нездарма тут згадаў пра Анры Маціса.

Яшчэ ў 1967 годзе мастацтвазнаўца Міхась Забораў, калі пісаў пра творчасць Алены Лось, прыгадваў не толькі гэтага слаўнага фавіста, але і ўцекача ў казачную прастору Палінэзіі Поля Гагена: «Асобнай увагі заслугоўвае каляровае вырашэнне ілюстрацый. Можна ўпэўнена гаварыць аб бясспрэчным жывапісным таленце мастачкі. /.../ Побач з яркімі, чыстымі колерамі раптам загучыць які-небудзь складаны зялёны або охрысты. Асабліва выразна і высакародна гучыць у гэтым асяроддзі чорны. Калі, напрыклад, узяць, такія кніжкі, як “Дударык” В. Віткі або “Маша і мядзведзь” (народная казка), аформленыя разам з Г. Якубені, дык, мне здаецца, тут, шчасліва спалучыліся традыцыі беларускага выяўленчага фальклору і тое разуменне колеру, якое прынеслі ў мастацтва Гаген і Маціс» (Міхась Забораў. У свеце казак. // Літаратура і мастацтва. Пятніца, 15 верасня, 1967 г.).

Дарэчы, на самым пачатку свайго творчага шляху, калі Алена Лось рабіла ілюстрацыі супольна з першым мужам, у малюнках яшчэ не было той ідылічнай заспакоенасці. Якубені любіў гратэск, кантраснае спалучэнне чорнага і белага, чырвонага і шэрага. Быў майстрам гравюры, эстэтычна блізкай Эмілю Нольдэ. З гэтым мусіла лічыцца Алена Лось.

У ілюстрацыі да згаданай Міхасём Заборавым казкі «Маша і мядзведзь» (1963 г.) цікава назіраць за тым, як спалучаюцца ў адным малюнку гэтыя два розныя мастацкія тэмпераменты.

Вось перад намі падкрэслена маршчыніста-характарная бабуля, дзе асаблівы акцэнт зроблены на яе босыя ногі і рукі, якія нагадваюць крону старога дрэва. Відавочна, што яе маляваў Якубені. А побач сядзіць унучка, якая размалёўвае матрошку. Аблічча дзяўчынкі тоесна лялечнаму тварыку яе цацкі, і гэтая мілая стылізаванасць паказвае, што аўтарам была менавіта спадарыня Алена.

Не ўсе пісьменнікі, чые кнігі ілюстравалі Лось і Якубені, былі задаволеныя іх работай. І калі Уладзімір Караткевіч з уласцівым яму юначым пафасам пісаў у лісце да мастакоў пра аздабленне сваёй кнігі «Блакіт і золата дня» (1961 г.): «Знаете что, я видел обложку и шмуцтитулы к “Блакіту...” и прямо восхищен ими: современно, лаконично, чисто — просто здорово. Это первая работа над моей книгой, которая мне понравилась...» (Уладзімір Ягоўдзік. «Каб не маўчала душа...» // Наша вера. No 7, 2007 г.), то былы сталінскі вязень Язэп Пушча не хаваў засмучэння. Паэт Мікола Хведаровіч успамінаў: «Гартаючы зборнік [“Пачатак легенды” (1963 г.) — В. Д.-М.], я заўважыў, што на вокладцы вельмі невыразны малюнак. Трэба было доўга ўгледзецца ў вялікую чорную пляму, каб распазнаць ледзь прыкметныя абрысы нейкага дрэва, ушчэнт разбітага перуном... [Язэп Пушча згаджаўся]: — Я таксама не задаволены вокладкай. Калі кніжка амаль што была надрукавана, мне паказалі малюнак. Давялося пагадзіцца, што будзеш рабіць?» (Хведаровіч. М. Незабыўнае, 1976 г.).

Вобраз «разбітага перуном» абгарэла-скалечанага дрэва (відавочна, ідэя Гары Якубені) раздражняла Язэпа Пушчу, бо, хутчэй за ўсё, нагадвала аўтару «Лістоў да сабакі» пра ягоны зламаны творчы лёс, з яскравай навязлівасцю паказвала тое, што аднавіць свае творчыя сілы не атрымаецца (паэт менш чым праз год памёр).

А таксама гэты выразны, жалобна-трагічны малюнак служыў страшна-прарочым сімвалам таго, што і ў асабістым жыцці мастачкі настане час бясконцага суму...

У 1984 годзе выходзіць яе аўтарская кніга «Дзесяць дзён у Барку», своеасаблівыя дзесяць запаветаў Алены Лось. Сюжэт тут не галоўнае. Змест амаль прымітыўны: хлопчык на дзесяць дзён прыехаў з горада на летнія канікулы ў родную вёску. Як і ў «Міхасёвых прыгодах» Якуба Коласа і ў вершаванай казцы згаданага ўжо Язэпа Пушчы «На Бабрыцы», галоўнае тут не сюжэт, а тое светлае, амаль будысцкае адчуванне радасці, што ты трапіў у сапраўдную казку, дзе жывёлы, дрэвы, людзі, неба і вада жывуць у заўсёднай гармоніі: «Часам бабуля пасвіць сваю жывёлу каля рэчкі. Сядзіць на беражку, галінкай камароў адганяе, парсючок Дзюдзя каля бабулі ў пясочку качаецца, а казёл з казою альшанік ды вербалоз аб’ядаюць. Ад бабулі нікуды не ідуць. Добра ім разам на беражку». Малюнкі ў гэтай кніжцы цяжка назваць графікай. Гэта сапраўдныя палотны, якія набліжаюцца па сваім манументальным хваласпеўным гучанні да шэдэўраў класіцызму.

Алена Лось як ніхто ўмела выяўляць рай на зямлі і пры гэтым не закранала ніводнай фальшыва-сентыментальнай ноткі.

У гэтым сэнсе яе чыстае, па-дзіцячы цнатлівае, шчырае мастацтва перагукалася з такой жа шчымлівай і вонкава безабароннай паэзіяй Аляксея Пысіна:

Ёсць на свеце мой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды ў аленя,

Цёмны мох і светлы дзень!

 

Вы, разумныя браты, —

Я і сам страляць умею —

Дайце жыць майму аленю

Пад галінкай дабраты.

 

Вось у цішыні лясоў

Ліст трапеча счырванелы.

Можа, гэта страх аленя

Тут асінкаю ўзышоў?...

Шкада, што Алена Лось ніколі не ілюстравала вершы Аляксея Пысіна.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.