19 Верасень, серада

Вы тут

Кватэру, машыну і нават завушніцы з дыяментамі можна ўзяць у лізінг


Свет паступова змяняецца, і сёння футуролагі кажуць пра тое, што ў будучыні людзі паспрабуюць менш абцяжарваць сябе маёмасцю, але пры гэтым карыстацца ўсім неабходным для камфортнага жыцця. Людзі хочуць быць больш мабільнымі, а ўласная маёмасць — гэта свайго роду якар. Карыстацца, але не мець ва ўласнасці дазваляе лізінг. Пра тое, як развіваецца гэты сегмент рынку, наколькі ён запатрабаваны ў насельніцтва, распавёў дырэктар Асацыяцыі лізінгадаўцаў Беларусі Сяргей ШЫМАНОВІЧ.


— Што такое лізінг і чым ён адрозніваецца ад крэдыту?

— Лізінг дае магчымасць узяць патрэбную маёмасць у арэнду з правам ці без права выкупу. На практыцы гэта выглядае так — чалавек выбірае маёмасць, напрыклад, кватэру і звяртаецца ў лізінгавую арганізацыю. Яна выкупляе гэта маёмасць у прадаўца, затым здае лізінгаатрымальніку ў арэнду з правам ці без права выкупу па заканчэнні тэрміну арэнды. На перыяд дзеяння дагавора лізінгу маёмасць з'яўляецца ўласнасцю кампаніі-лізінгадаўца. У некаторых выпадках лізінгаатрымальнікі маюць бонусы ў выглядзе сэрвісных паслуг, ільгот па страхаванні маёмасці.

Крэдыт — гэта прадастаўленне грашовых сродкаў на ўмовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці. Прасцей кажучы, лізінг адрозніваецца ад крэдыту тым, што пры крэдыце ў “карыстанне” перадаюцца грошы, якія крэдытаатрымальнік траціць на набыццё неабходных яму рэчаў, а пры лізінгу —маёмасць.

Адна з пераваг лізінгу перад крэдытам у тым, што лізінгавыя кампаніі больш лаяльныя да кліента. Тэрмін дагавора лізінгу можа быць даўжэйшым, чым у банку, разлікі можна ажыццяўляць па зручным для кліента графіку, які да таго ж можна змяняць з улікам цыклічнасці атрымання даходаў. Кожная кампанія сама ўсталёўвае правілы, але часцей за ўсё пры заключэнні дагавора лізінгу не патрабуюцца паручыцелі і заклад.

— Раней было непапулярна браць у лізінг жыллё з-за высокай камуналкі, бо уласнікам нерухомасці з'яўлялася юрыдычная асоба, адпаведна і тарыфы былі даволі высокія. Зараз гэтая праблема вырашана. Ці павялічылася колькасць здзелак па афармленні кватэр у лізінг?

— Так, такая праблема была. Аднак пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 109 ад 06.04.2017 г і Палажэння аб лізінгу аднакватэрных жылых дамоў і кватэр у Рэспубліцы Беларусь ўмовы лізінгу жылля досыць поўна ўрэгуляваны, але пакуль рана казаць, што такія здзелкі атрымалі вялікае распаўсюджанне. Па стане на 1 студзеня бягучага года было перададзена 97 аб'ектаў жылога фонду, у першым квартале фізічным асобам было перададзена 43 аб'екты. Лізінг жылля пакуль не атрымаў распаўсюджвання па шэрагу прычын. Па-першае, пакуль гэта яшчэ адносна новы прадукт для рынку і далёка не ўсе патэнцыйныя кліенты гатовыя скарыстацца альтэрнатыўным механізмам набыцця жылля. Па-другое, дагаворы на лізінг жылля прапануюць тэрмінам на 20-25 гадоў, а ўлічваючы сярэдні ўзровень заробкаў у краіне, сярэдні кошт квадратнага метра і пры існуючых цэнавых прапановах лізінгавых арганізацыяў не кожны, каму патрэбна жыллё, здужае выплаты па дамове лізінгу. Па-трэцяе, у нас толькі адна кампанія актыўна працуе ў гэтым сегменце рынку, яшчэ 3-4 кампаніі заключалі толькі разавыя здзелкі. Мой прагноз такі, што чакаць прыкметнага росту аперацый у сферы лізінгу жылой нерухомасці ў кароткатэрміновай перспектыве не даводзіцца.

У той жа час, наяўнасць альтэрнатыўнага механізму набыцця жылля ў выглядзе лізінгу, яго заканадаўчае ўрэгуляванне, ужо само па сабе з'яўляецца станоўчым аспектам для эканомікі і насельніцтва краіны. А які спосаб набыцця жылля абярэ чалавек — гэта ўжо яго права.

Нацбанк Беларусі, як рэгулятар лізінгавай галіны адэкватна і своечасова рэагуе на тыя моманты, якія стрымліваюць развіццё галіны, і прымае кампетэнтныя рашэнні па ліквідацыі ўзнікаючых перашкод. Таму, калі дадзены сегмент не будзе развівацца ў сілу вышэйзгаданых ці іншых прычын, то, думаю, будуць прынятыя адпаведныя крокі для іх ліквідацыі.

Якія перспектывы лізінгу аўтамабіляў для насельніцтва?

— Па выніках працы лізінгавай галіны за 1 квартал 2018 г. у сегменце лізінгу аўтамабіляў фізічным асобам было перададзена 724 машыны, за мінулы год было 2802. Гэта сведчыць аб высокай папулярнасці ў насельніцтва лізінгу аўтамабіляў. Улічваючы гнуткасць працы лізінгавых арганізацый і іх цеснае супрацоўніцтва з аўтадылерамі, якое дазваляе рэалізоўваць розныя праграмы, накіраваныя на зніжэнне канчатковых выдаткаў лізінгаатрымальніка, з вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што гэты сегмент і далей будзе запатрабаваны ў насельніцтва.

Так склалася, што чалавек ездзіць на адным аўто 3-5 гадоў. Уласны аўтамабіль трэба прадаваць, дадаваць грошы, каб купіць новы. У выпадку з дамовай лізінгу такой праблемы няма. Напрыклад, тры гады чалавек ездзіў на малалітражцы па дамове лізінгу, затым павялічыліся даходы і ён перасеў на седан. У лізінг можна браць новыя і старыя аўто і нават набываць іх у фізічных асоб.

— Мэбля, завушніцы з дыяментамі, футра, халадзільнік, хатні кінатэатр - што з гэтых прадметаў можна ўзяць у лізінг? І што больш за ўсё бяруць?

— Абсалютна ўсё. Паводле звестак па выніках працы лізінгавай галіны за 1 квартал 2018 г. у сегменце лізінгу з фізічнымі асобамі было перададзена 83.573 прадметы, якія адносяцца да вышэйназваных, на агульную суму 42.050.912 беларускіх рублёў (20,1% ад сукупнага значэння 2017 года). У 2017 г. было перададзена 373.562 прадмета на агульную суму 209.712.725 рублёў. Асобнай статыстыкі па канкрэтных прадметах пакуль не вялося, таму складана сказаць, якія прадметы займаюць лідзіруючыя пазіцыі.

Які пакет дакументаў трэба падаць у лізінгавую кампанію для заключэння дамовы?

— Для папярэдняй ацэнкі праваздольнасцьі і плацежаздольнасці ад фізічнай асобы могуць запатрабаваць пашпарт, даведку аб заробку за пэўны перыяд, анкету, згоду на запыт даных з Крэдытнага рэестра Нацбанка, для ваеннаабавязаных - ваенны білет.

Нядаўна бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага выступіў з ініцыятывай ўзмацніць прававую абарону суб'ектаў гаспадарання ад так званага спажывецкага экстрэмізму. Ці сутыкаліся з гэтай з'явай лізінгавыя арганізацыі?

 — Масавага характару дадзеная з'ява пры лізінгу не носіць, бо ў адпаведнасці з заканадаўствам рызыкі, звязаныя з выбарам прадмета лізінгу і прадаўца, нясе лізінгаатрымальнік. Такім чынам, у лізінгаатрымальніка няма законных падстаў для прад'яўлення прэтэнзій лізінгадаўцу ў частцы якасці прадмета лізінгу і іншых пытанняў, звязаных з яго выкарыстаннем.

Як вы думаеце, якія асцярогі могуць быць у чалавека пры заключэнні дамовы лізінгу?

— Першае, што можа бянтэжыць нашых людзей, гэта тое, што прадмет лізінгу да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора з'яўляецца ўласнасцю кампаніі-лізінгадаўца. Беларусы аддаюць перавагу таму, каб маёмасць была іх уласнасцю. У нас у краіне больш за 93% жылога фонду знаходзіцца ва ўласнасці насельніцтва, а, напрыклад, у Германіі доля уласнікаў жылля складае 53%, у Швейцарыі - 44%.

  Падводзячы вынікі нашай гутаркі, скажыце, Сяргей Уладзіміравіч, ці можна ў цэлым казаць пра запатрабаванасць лізінгу сярод фізічных асоб. І якія перспектывы гэтага рынку?

— Статыстыка Асацыяцыі лізінгадаўцаў адназначна сведчыць аб высокай папулярнасці лізінгу сярод фізічных асоб у сілу яго даступнасці ў параўнанні з іншымі механізмамі. Гэта абумоўлена меншымі бюракратычнымі працэдурамі і патрабаваннямі пры афармленні дагавораў, аператыўнасцю і гнуткасцю працы лізінгавых арганізацый, якія максімальна падладжваюцца да патрэбаў кліентаў. Грунтуючыся на дадзеных папярэдніх трох гадоў, можна з упэўненасцю сказаць, што спажывецкі лізінг і далей будзе запатрабаваны ў насельніцтва, а тэмпы росту гэтага сегмента будуць супастаўныя з тэмпамі росту папярэдняга года.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.