Вы тут

Прадмет. Лялька. Артыст.


Тэатры лялек без лялек — гэта сённяшняя рэчаіснасць лялечнага мастацтва Беларусі. У лепшых яго творах. У лепшых спектаклях нашых зорных рэжысёраў, якія нарасхват за межамі краіны: Аляксея Ляляўскага, Аляксандра Янушкевіча, Ігара Казакова, Яўгена Карняга, Юры Дзівакова, Алега Жугжды. Усіх, акрамя двух апошніх, можна зразумець. На іх ляжыць, так бы мовіць, адбітак настаўніка, Ляляўскага. Яго светапогляд, яго мастацкі густ, яго выбар літаратуры не мог не паўплываць на творчасць яго вучняў.


Дык вось пра стасункі з лялькай. У гісторыі чалавецтва лялька з’явілася рана. Магічнае стварэнне чалавека, які хаваў у абліччы лялькі свае пачуцці, пакуты, страхі. Гульнявыя лялькі шматаблічныя і шматсэнсавыя. Чаму ж лялечнікі выпусцілі артыста з-за шырмы ў самастойнае жыццё? Што, цяпер усё будзе так, як у драматычных тэатрах? Раней лялька павялічвала маштаб чалавека. Што не зможа сыграць артыст, дапоўніць лялька. Пераўтворыць. Узбуйніць, удакладніць, прымусіць паверыць. А цяпер артыст-лялечнік вырашыў абысціся без яе і ўсё ўзяць на сябе?

Тэатры лялек грунтоўна пасталелі і робяць цікавыя спектаклі не толькі для ўсёй сям’і, але і для прасунутых інтэлектуалаў. Пацвярджэннем таму стаў Х Міжнародны фестываль тэатраў лялек.

Лялькі распавядалі казкі дзецям толькі два-тры разы. У асноўным лялькі вырашылі гаварыць пра дарослыя праблемы і з дарослымі. Часам лялек не было зусім або іх замянялі прадметы. Калі пералічыць, колькі разоў пісьменнікі, мастакі, філосафы звярталіся да лялькі, становіцца зразумела, што толькі з яе дапамогай можна вырашыць некаторыя праблемы. І вось, калі ласка, ляльцы далі адстаўку самыя адданыя лялечнікі. Дакладней, яны замянілі звыклую чалавекападобную ляльку прадметамі. Прадметы сталі выкарыстоўвацца як лялькі. Па сутнасці, прадметы зусім не бутафорыя, а лялечныя персанажы. Часта, асабліва ў Юры Дзівакова, з’яўляюцца статуі, вялікія скульптурныя партрэты. Гэта ж лялькі. Часам яны ажываюць. Часам застаюцца абыякавымі.

Трысцінавыя лялькі, пальчатачныя і марыянеткі амаль зніклі. Яшчэ з’яўляюцца самыя простыя планшэтныя лялькі і развіваецца тэатр ценяў. Падчас фестывалю думалася, што самыя прасунутыя рэжысёры шукаюць новыя спосабы кіравання лялькамі і прадметамі. Сёй-той нават знайшоў новыя спосабы ў свеце абстрактных формаў.

У светапоглядзе лялечніка лялька становіцца нейкім сімвалам незалежна ад таго, з чаго і як яна зроблена. Чым мацнейшы лялечнік, тым больш сэнсаў і сімвалаў. Надыходзіць момант, калі лялька, здаецца, пачынае замінаць і акцёр сам становіцца чымсьці накшталт лялькі. Ён можа надзець маску. Магчыма, гэта новыя спосабы рэалізацыі задумы.

Мастацтва тэатра лялек сёння — гэта аб’ёмныя маскі, манекены, кубікі, тканіна, пёры, дошчачкі, кухоннае начынне, нават калготкі.

Вялікі тэарэтык тэатра лялек Хенрык Юркоўскі лічыў, што лялька прымае сістэму знакаў жывога акцёра. Яна дзейнічае, калі можна сказаць, паводле падабенства. Часам закрадаецца абсурдная думка, што рэжысёры тэатраў лялек проста хочуць ставіць спектаклі ў дарослых драматычных тэатрах. І яны гэта з поспехам робяць (Ляляўскі, Жугжда, Дзівакоў, Карняг). Але чаму ж вяртаюцца ў альма-матар?

Ёсць і больш празаічная прычына адмовы працаваць з лялькамі. Сёння акцёраў не вучаць лялькаводству. Майстры ва ўзросце яшчэ не забыліся пра навыкі прафесіі, а моладзь проста не навучана.

Усе гэтыя праблемы тэатраў лялек агаліліся падчас фестывалю, але не пакінулі адчування катастрофы. Наадварот. Стала зразумела, што гэты від тэатральнага мастацтва рашуча і беспаваротна мяняецца. Новыя камп’ютарныя тэхналогіі паўплывалі на ўсе віды тэатральных паказаў. І, больш за тое, мы можам казаць пра з’яўленне новай тэатральнай мовы.

Вельмі коратка пра замежныя спектаклі, якія працуюць у іншых умовах, чым нашы айчынныя рэпертуарныя тэатры.

У нас ёсць планы па абслугоўванні гледачоў і колькасці пастановак. Акцёры трапляюць на своеасаблівы канвеер, дзе адбываецца штампоўка, паўторы і немагчымасць захаваць асаблівую эстэтыку і высокі мастацкі ўзровень. Да гонару і адвагі нашых лялечнікаў, свой выбар, сваю смеласць, свой стыль яны стараюцца захаваць і гэтым пастаянна здзіўляюць іншых.

Уся замежная лялечная прадукцыя адрозніваецца мінімалізмам формаў, выразнасцю акцёрскай працы, што дазваляе разумець сэнс без перакладу з незнаёмай мовы. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне. Многія спектаклі гасцей — штучны тавар. У тэатра — адзін, два спектаклі. З імі ездзяць па свеце, паказваючы, удакладняючы, адпрацоўваючы дэталі. Часта гэта бываюць міфы або казкі. Варта толькі адгадаць сюжэт. Усё становіцца вядома, бо гэта суцэльная карціна свету, якая перагукаецца з касмалагічнымі мадэлямі, прадстаўленымі ў міфалогіі розных народаў або ў традыцыйнай славянскай культуры. Да таго ж там утрымліваецца і тлумачэнне маральных каштоўнасцяў.

Напрыклад, тэатр з Ізраіля выдатна ведае дзіцячую псіхалогію і вельмі дакладна працуе з дзецьмі («Кравец», Іерусалім). Лялечнікі Ірана працуюць на плошчы і рынкі, накшталт нашай батлейкі («...І ён сказаў», Тэгеран). Іспанцы і балгары аддаюць перавагу пантамімы і танцам з аб’ектамі («Хутка, але не занадта», Барселона; «Я, Сізіф», Сафія).

І ўсё ж для нас кожны міжнародны фестываль важны як своеасаблівы экзамен айчынных лялечнікаў. Па добрай традыцыі гэта заўсёды шырокі паказ усяго, што зроблена добрага ў нашых тэатрах лялек, і магчымасць рэжысёраў і дырэктараў прысутнічаць на фэсце ўвесь яго тэрмін.

Пра «Новую зямлю», прадстаўленую Брэстам, і «СініСіні» з Магілёва няма сэнсу гаварыць доўга, бо гэтыя спектаклі ўжо грунтоўна адрэцэнзавалі і прадставілі на розных фестывалях. Пранізлівая казка-сон для дарослых на аснове аповеду Уладзіміра Караткевіча, зробленая ў форме монаспектакля акцёра Мікалая Сцешца і рэжысёра Ігара Казакова, — прыклад універсальнасці (для ўсіх узростаў і ўсіх узроўняў гледачоў). І годны ўзор патрыятычнага выхавання для школьнікаў.

«Новая зямля» рэжысёра Аляксандра Янушкевіча — эпічнае палатно. Іграе ўся трупа і па некалькі роляў. Тэатры лялек упершыню звярнуліся да твора Якуба Коласа. У яркім маштабным тэатральным праекце не ўсё атрымалася. Перш-наперш літаратурны сцэнар запатрабаваў разбіўкі на 22 эпізоды, у якіх губляецца асноўная думка беларускага класіка. Па-другое, акцёры выйшлі практычна без лялек, не ўмеючы размаўляць вершамі, што пацвердзіла думку, з якой пачаўся гэты артыкул. Да такой формы маштабнага спектакля патрабавалася рыхтавацца больш старанна.

Яшчэ больш расчаравалі гродзенцы, якія маюць у рэпертуары вельмі няпростыя і цікавыя фестывальныя спектаклі. Яны прывезлі блазенскія байкі «Залатыя ілбы», бенефісны спектакль акцёра Васіля Прабадняка, далёка не лепшую працу рэжысёра Алега Жугжды, хоць і цікавую па прыкладзе пацешных лялек, але вельмі просценькую па іх ваджэнні. Ад нашага знаўцы і аматара тэатра марыянетак можна было чакаць большага.

Гэтым разам галоўны мэтр і натхняльнік фестывалю Аляксей Ляляўскі пажадаў аддаць сваё майстэрства Расіі і схаваўся ў мілым яму «Карлсан-тэатры» Санкт-Пецярбурга.

«Біяграфія», створаная ў садружнасці з найвядомейшым сцэнографам Эмілем Капялюшам, ператварыла знакамітую андэрсанаўскую казку «Гадкае качаня» ў жорсткую праўду жыцця. Яго качаня ніколі не стане лебедзем, можа быць, толькі ў раі. А яшчэ ён замахнуўся на Вільяма нашага Шэкспіра, будучы ўпэўнены, што Шэкспір — наш сучаснік. Яго «Wanted Гамлет» — у дыялогу з кожным гледачом, захапляючы, правакуючы, прымушаючы думаць і спрачацца. Скажу шчыра, думаю па сённяшні дзень і не магу выказаць сваю крытычную адзнаку. У Ляляўскага заўсёды так: трэба глядзець яго работы два-тры разы. Пасля аднаго прагляду застаецца безліч пытанняў. Але тэатр з’ехаў.

Засталіся нашы, беларускія, якія можна глядзець і пераглядаць, думаць і спрачацца. Больш за ўсё прымушаюць гэта рабіць лялькі Гомеля ў Юры Дзівакова і лялькі Маладзечна ў Яўгена Карняга. Свабодны мастак, рэжысёр без тэатра Юрый Дзівакоў паставіў у Гомелі сатырычны верш нямецкага паэта Вільгельма Буша, якога лічаць адным з заснавальнікаў коміксаў. Нездарма тэкст перавёў знакаміты Данііл Хармс.

Дзівакоў пачаў здалёк. Вельмі здалёк, забыўшыся або махнуўшы рукой на тое, што ставіць класіка дзіцячай літаратуры ў тэатры лялек для дарослай аўдыторыі 12+. У праграмцы напісаў наступнае: «Стагоддзю Дадаізму прысвячаецца. Камедыя з элементамі чорнага гумару “Пліх і Плюх”, паводле аднайменнага верша Вільгельма Буша ў перакладзе Данііла Хармса, у якім распавядаецца пра выхадкі двух шчанюкоў, Пліха і Плюха, і іх уладальнікаў, братоў Паўля і Петэра. Акрамя сюжэтау ўсёй гісторыі, мы наўмысна, спецыяльна, з вялікай настойлівасцю, з невялікай доляй іроніі, з зажмуранымі вачыма, вельмі тонка выкарыстоўвалі элементы, кірункі і стылі з твораў сусветнага мастацтва, такіх аўтараў, як: Курт Швітэрс, Аляксандр Колдэр, Марсэль Дзюшан, Ота Дыкс».

Уяўляю, як знямелі ў школах, якім тэатр прапаноўваў свой спектакль. Ды хто акрамя спецыялістаў сёння ведае пра гэтую мадэрнісцкую літаратурна-мастацкую плынь з налётам хуліганства і бессэнсоўнасцю слоў і гукаў? Праўда, у гэтым французскім «да-да» заключаны дзіцячы лепет. Хармс пісаў вясёлыя вершы для дзяцей, і сёння некаторыя дарослыя мала чым адрозніваюцца ад маленькіх гарэз. Але па вялікім рахунку абывацелі адчуваюць глыбокую пагарду да паэзіі, не разумеючы, навошта яе яшчэ трэба перакладаць на іншыя мовы. З-за далікатнасці нават інтэлігенты гатовыя прамаўчаць. На ўзроўні жывёльнага адчування вершы навяваюць бязмежную нуду. Калі нешта надта незразумела, то можна пагадзіцца, што перад вамі геній.

Што хочаце думайце: не будзе шалёнага поспеху у дадаістоў, Хармса, Дзівакова, калі тэатр не ўхопіць гледача ў эмацыянальныя і рацыянальныя ціскі на 45 хвілін сцэнічнага часу. На жаль, не ўхапілі. Артысты старанна выкрыквалі тэкст. Зразумець яго было цяжка. Шчанюкі Пліх і Плюх і браты Паўль і Петэр не выклікалі сімпатыю. Вельмі шкада, што таленавіты рэжысёр, апантаны цяжкімі эксперыментамі і рухомай скульптурай, які робіць абсалютна фестывальныя (разавыя) спектаклі, пакуль мае зусім нешматлікую аўдыторыю прыхільнікаў. Любові ён не чакае і не шукае. Думаю, што хоча толькі разумення.

Працягнуў адкрыцці на лялечным полі Яўген Карняг. Пра спектакль «Сёстры Граі» ў Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» даволі нахабна напісана: «Міфы старажытнай Грэцыі». Крытыкі нервова націскаюць кнопкі лічбавай апаратуры ў пошуках зместу міфаў. У праграмцы нешта там пішуць, што ў сясцёр замест чатырох вачэй усяго адно агульнае, затое яны ўсё ведаюць пра таямніцы лёсаў. Заблытаўшы даверлівага глядача канчаткова, Карняг распавядае незвычайнай мовай цудоўную гісторыю пра ўзнікненне жыцця на зямлі, нараджэнне Адама з рабра Евы (звярніце увагу — усё наадварот). Далей узаемаадносіны чалавека з багамі, зямнымі і нябеснымі, пра каменныя громы, якія змятаюць чалавечы натоўп. Аповед займае 70 хвілін. У ім няма слоў. Толькі складаная тэхнічная партытура. Пры чым тут міфы і Грэцыя? Гэта наша гісторыя, а не казка. Гэта наша краіна. Так у мастацтве здараецца вельмі рэдка: пачынаюць здалёк, ці ледзь не са стварэння свету. Усё бліжэй і бліжэй. Праз антычныя артэфакты ідзе зусім сучаснае самастойнае апавяданне.

Чаму прыцягальныя казкі і міфы для сучасна мастацтва? У іх з пункту гледжання старажытных людзей нічога не прыдумана, а толькі аголена і выяўлена ў слове. Дарэчы, міф па-грэчаску — «слова». З ім, з гэтым канкрэтным словам, абыходзяцца вельмі вольна. Яго чытаюць, выслухоўваюць... і адкідаюць, пераводзячы ў пластыку і бачныя формы. Чаму? У прыродзе ўсё мае душу і жыве сваім жыццём, валодае чалавечым тварам. Вада мае голас. У дрэў сок — гэта кроў. А значыць, любая казка і любы міф могуць распавесці чалавеку пра час і пра сябе. Гэта прыцягвае. Міфалогія дае падставу злучыць жывыя і ўяўныя нежывыя прадметы. А што гэта, як не тэатр лялек?

Вось і ў Карняга тэатр лялек. Нязвыклы, але менавіта тэатр лялек з усёй яго атрыбутыкай.

Прастора сцэны паменшана да памераў экрана. Гэта дыктавала рэальная прылада тэатра «Батлейка». Выкарыстанне частак уласнага цела патрабуе выдатнай пластычнай падрыхтоўкі. Рука, нага, галава становяцца асобнымі незалежнымі аб’ектамі — то злітымі з целам чалавека, то аддзеленымі ад яго. Карняг прапануе цалкам самадастатковае пластычнае рашэнне, якое не патрабуе ні тэксту, ні выхаду з рамак акрэсленай прасторы. Можна лічыць, што гэта тэатр форм, якія ажылі. Справа не ў назве. За формай стаіць жывы чалавек. Лялькі палюбілі скульптуру. Яна перастае быць мёртвай, нерухомай. Скульптура ажывае ў прасторы.

Адначасова ўспамінаюцца цікавыя работы гэтага і мінулага тэатральных сезонаў з драматычнымі акцёрамі. «Войцек» у купалаўцаў, «Крыжовыпаходдзяцей» у тэатральнай прасторы ОК16, «Антыгона» і «З вучылішча» Аляксандра Марчанкі, «Сіндром Медэі» Кацярыны Аверкавай. Відавочна прасочваецца імкненне зразумець антычную класіку праз сучасны тэатр. Быццам усё закальцаванае ў гэтым свеце і крычыць пра неабходнасць прыслухацца да нямых сведкаў мінулага: нас папярэджвалі. Сёння гэтыя знакі, сімвалы і артэфакты мінулага паспяхова расшыфроўвае беларускі тэатр лялек.

Таццяна АРЛОВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.