Вы тут

Захацеў — і сыграў!


Як паказвае гісторыя, узрост не перашкода для таленту. Поспех Уладзіслава Хандогага — таму пацвярджэнне. За плячыма шаснаццацігадовага піяніста — прэмія на конкурсе юнацкага выканання імя Г. Свірыдава ў Санкт-Пецярбургу, перамога ў тэлевізійным конкурсе юных музыкантаў «Шчаўкунок», а таксама перамога ў «Аstana Piano Passion» і «Grand Piano Competition», арганізаваных Дзянісам Мацуевым. Чым не нагода для сустрэчы? А сустрэча адбылася своечасова: адоранага мінчаніна чакае развітанне з радзімай. Новы навучальны год Уладзіслаў сустрэне ў Цэнтральнай музычнай школе пры Маскоўскай кансерваторыі.


— Займацца музыкай вы пачалі па жаданні бацькоў-музыкантаў. А калі прыйшло разуменне, што музыка — гэта не проста жаданне родных, а ваша пакліканне?

— Калі я быў маленькі, мой старэйшы брат займаўся на фартэпіяна. Памятаю, як я пачаў падбіраць на слых мелодыі, якія ён іграў. Бацькі гэта заўважылі і вырашылі і мяне аддаць у музычную школу. Шчыра кажучы, спачатку мне не падабалася вучыцца. Надвор’е добрае — мне з сябрамі хочацца гуляць, а не сядзець у хаце і займацца. Бацькам даводзілася прымушаць... А калі мне было дванаццаць гадоў, я перамог у конкурсе ў Астане, які ладзіў Дзяніс Мацуеў. Вось тады і адчуў: «Так, гэта маё. Я — музыкант!»

— Вы вучыліся ў гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі. Што гэта быў за досвед?

— Выкладчыкі каледжа мяне моцна падтрымлівалі і многае прабачалі. А для музыканта настаўнік асноўнага інструмента — гэта ўвогуле як другая маці. Вельмі ўдзячны Ірыне Юр’еўне Семяняцы за ўсе ўменні і за тое, што навучыла мяне любіць музыку.

— Тым не менш навучанне вы вырашылі прадоўжыць за мяжой. Чаму?

— Рашэнне пераехаць я прыняў самастойна. У Беларусі я ўжо паказаў, на што здольны. Цяпер мне трэба падняць планку і выйсці на новы ўзровень. Змена навучальнай установы не азначае, што мне ўсё давядзецца пачынаць спачатку. У Маскве мяне ўжо ведаюць дзякучы выступленням на конкурсах. У Маскве жыве шмат маіх сяброў. Ды і бацькі не супраць...

— Як праходзіць ваша штодзённая праца над праграмай?

— Пакуль лета, я займаюся няшмат — прыкладна гадзін шэсць. А вось калі рыхтуюся да выступлення, іграю гадзін па восем. Заўсёды ёсць праграма, новая музыка, якую трэба разбіраць. А паўтарэнне развучаных твораў — гэта ўвогуле аснова жыцця піяніста. Штосьці патрабуецца для конкурсаў, штосьці проста падабаецца публіцы. Таму пройдзенае ніколі не забываецца.

— Адзін са складнікаў поспеху на конкурсе — разумна падабраны рэпертуар. Ці ёсць творы, якія выклікалі спрэчкі з настаўнікам?

— Мы вельмі спрачаліся наконт «Концэрта No 3» Сяргея Рахманінава. Настаўнік быў супраць майго выбару. Лічыцца, што ў шаснаццаць гадоў яго сыграць немагчыма. Звычайна гэты твор выконваюць ужо дасведчаныя музыканты на вельмі сур’ёзных конкурсах. А я вось захацеў — і сыграў!

— Памятаеце, калі ўпершыню пачулі рахманінаўскі «Канцэрт»?

— О, гэта вельмі вясёлая гісторыя. Калі мне было гадоў адзінаццаць, мы з бацькамі пайшлі на выступленне брытанскага піяніста Пітэра Донахау. Вось тады і пачуў Рахманінава. Я не мог вытрымаць — такой складанай і сумнай здалася музыка. Мне нават хтосьці месца ўступіў, каб я проста мог легчы і спаць... Потым прайшоў прыкладна год і аднойчы ў інтэрнэце мне зноў трапіўся «Канцэрт No 3». Паслухаў — і з’явіліся планы на гэты твор.

— Рахманінаў, дарэчы, казаў, што мастаку патрэбна толькі тры рэчы: пахвала, пахвала і яшчэ раз пахвала...

— Так і ёсць. Пахвала бацькоў. Пахвала настаўніка. Пахвала публікі. Калі ў зале шэпчуцца — значыць, не падабаюся. Гучна апладзіруюць — падабаюся. Усё вельмі проста.

— Вы выконваеце адны з самых складаных твораў у гісторыі фартэпіяннай музыкі, аднак у сваіх інтэрв’ю неаднаразова падкрэслівалі, што ў выкананні галоўнае не тэхніка, а пачуцці. Як працуеце над эмацыянальным зместам твораў?

— Па-першае, трэба як мага больш прачытаць пра твор, які выконваеш. Я лічу, што нельга іграць, нічога не ведаючы пра эпоху кампазітара: што ў той час віталася, а што забаранялася, якую музыку ігралі, якую адзежу апраналі. Па-другое, многае залежыць ад музычнай чуллівасці чалавека. Разумееце, ёсць людзі, якія іграюць без усякага задавальнення, проста каб атрымаць музычную адукацыю. Такіх, на жаль, шмат.

А што датычыцца эмоцый, лічу, што майстэрства выканаўцы якраз і заключаецца ў тым, каб, не звяртаючы ўвагі на ўласны настрой, перадаць слухачам ідэю кампазітара. Для мяне заўсёды быў прыкладам Ф. Шаляпін, які за кулісамі жартаваў і смяяўся, а выходзіў на сцэну — і спяваў драматычныя творы. Але адкрыю вам яшчэ адзін сакрэт: каханне робіць вялікія справы. Калі з’яўляецца гэтае пачуцце, працуеш ужо зусім па-іншаму...

— Што, акрамя класікі, можна ўбачыць у вашым плэйлісце?

— Шчыра? Нічога. Адзінае, я часам люблю паглядзець тэлеканал «Mezzo» — дзеля якаснага джаза. А вось уся гэта грубая сучасная музыка мяне вельмі раздражняе. Не разумею, што ў ёй можа быць высокага.

— У вас, напэўна, не заўсёды хапае часу на стасункі з прыяцелямі. Адчуваеце сябе чужынцам сярод равеснікаў?

— Я заўважаю, што да піяністаў людзі з іншых сфер, асабліва са спорту, ставяцца з некаторай пагардай. Бывае, прыходжу на футбол, а мяне сустракаюць: «Ха, піяніст прыйшоў!» Стараюся проста не звяртаць увагі.

— Шмат тых, хто музыку разумее інакш. І музыканту трэба захоўваць сябе як асобу — адстойваць свае густы і прыхільнасці. У тым ліку і заховаць фізічна рукі, якія здабываюць музыку. Ці прыходзіцца чым-небудзь ахвяраваць дзеля захавання рук?

— Часам, калі гуляю ў футбол, адмаўляюся стаяць на варотах. Але цалкам спартыўнымі заняткамі не ахвярую. І баскетболам займаюся, і тэнісам. Для піяністаў спорт вельмі карысны — рукі ўзмацняе, маторыку развівае.

— Прадоўжыце, калі ласка, думку свайго любімага футбаліста Ліянэля Мэсі: «У жыцці ёсць больш важныя рэчы, чым перамогі і паражэнні...»

— Галоўнае ў жыцці — гэта ўдасканальваць сябе. А яшчэ я думаю, што чалавек не павінен жыць толькі для таго, каб зарабіць грошы. Чалавек проста павінен быць шчаслівы. А шчаслівым я сябе адчуваю, калі сыграў так, што ажно спадабалася самому, калі напісаў кантрольную на «дзесяць», калі прачытаў годную кнігу, калі твая любімая каманда перамагла на чэмпіянаце свету... У жыцці шмат шчасця.

Марыя СТРАХ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?