Вы тут

І для дачкі, і для людзей


Адны з самых танных цукерак прадаюцца ў Быхаве ў Дзяніса Назарэвіча. Гэта ведаюць усе жыхары раёна, якія прывыклі абслугоўвацца ў крамах свайго земляка. На сёння іх ужо пяць, апошняя — «Зніжачка» — пачала працаваць усяго месяц таму. Цукеркі і печыва там нават таннейшыя, чым у гіпермаркеце. А прадпрымальнік марыць адкрыць яшчэ адзін гандлёвы пункт у родным раёне. Трэба сабраць неабходную суму на лячэнне дачкі Вары. У дзяўчынкі СЦА (спінальная цягліцавая атрафія) 2-га тыпу. Некалькі месяцаў таму наша газета звярталася да гэтай тэмы. Прыклад унікальны. Гора не разбурыла сям'ю, а толькі мацней яе згуртавала. Дзяніс Назарэвіч, калі даведаўся пра дыягназ дачкі, не кінуўся на заробкі за мяжу, не стаў павышаць цэны, каб любымі сродкамі сабраць грошы на дарагія лекі, а зрабіў усё, каб прывабіць спажыўца зніжкамі і разнастайнасцю тавару.


Першую краму ён адкрыў яшчэ да з'яўлення на свет дачкі — у аграгарадку Мокрае Быхаўскага раёна, дзе нарадзілася яго маці і прайшло яго дзяцінства. Не тое, што там не было гандлёвага аб'екта. Але ў краме ад райспажыўкааперацыі меўся вельмі сціплы асартымент. Дзяніс жа прапанаваў аднавяскоўцам шырокі выбар.

Толькі лічбы

На 1 студзеня ў Магілёўскай вобласці пражывала 1 058 746 чалавек, з якіх 207 223 — у сельскай мясцовасці. Сельскую частку насельніцтва абслугоўвала на гэтую дату 964 крамы ўсіх формаў уласнасці, 684 з якіх належалі сістэме Белспажыўсаюза.

— Каб адкрыць краму, прыйшлося браць крэдыт у банку. Але вырашыў рызыкнуць, і справа пайшла, — успамінае пра той перыяд Дзяніс. — Цяпер там рэалізуецца каля сямі тысяч найменняў тавару. Калі гэта масла, то відаў 5-7, калі марожанае — 20—25, печыва — 20—30, цукерак — больш за 40. І цэны ніжэйшыя, чым у суседніх крамах. Хоць там, дзе мы бралі тавар, ніхто асабліва не хацеў рабіць зніжкі.

На той момант, калі нарадзілася Вара, у Дзяніса было ўжо дзве крамы. Дыягназ прагучаў як прысуд. Адзінае лякарства ад СЦА — Спінраза. Першы этап лячэння каштуе больш за паўмільёна еўра — непад'ёмная сума для звычайнай беларускай сям'і. Але гора можа зрабіць чалавека моцным. І Дзяніс прыняў рашэнне — павялічыць колькасць крамаў і адначасова тавараабарот. Яго гандлёвыя аб'екты з'явіліся ў аграгарадках Новы Быхаў і Смаліца. Для гэтага прыйшлося браць новыя крэдыты. Але бізнес рухаецца. «Зніжачка» працуе ўсяго месяц і ўжо карыстаецца вялікім попытам. Гандлёвая надбаўка там зусім мізэрная. Наогул, прыватнае гандлёвае прадпрыемства «Назарэвіч Стандарт» існуе ўсяго чатыры гады, але мае вельмі добрую рэпутацыю.

Аўтакрама ад «Еўрагандлю»

Напоўніць авоську прадуктамі вяскоўцам вобласці дапамагаюць і аўтакрамы ад «Еўрагандлю», або, як яшчэ народ называе гэтага сеткавіка, — Еўраопта. У Магілёўскай вобласці пакуль такіх аўтакрамаў 2, яны працуюць у Магілёўскім і Круглянскім раёнах. Кожная з машын аб'язджае па сваім маршруце каля 60 вёсак. У галоўным упраўленні гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама паведамілі, што гэта першы сеткавік, які прапануе такія паслугі. Сярод больш чым 240 аўтакрамаў, якія ездзяць па дарогах вобласці, большасць належыць Белспажыўсаюзу і частка працуе ад Белпошты.

— Нам важна, каб падаткі ад работы нашых крамаў заставаліся ў раёне, — удакладняе Дзяніс, і ў яго словах няма ніякага пафасу. — Я вельмі люблю свой раён. Калі была магчымасць, заўсёды ўдзельнічаў у жыцці горада. Для мяне гонар, што наша прадпрыемства за апошнія два гады на раённым узроўні двойчы станавілася пераможцам у намінацыі «Найлепшы прадпрымальнік года».

Дзяніс не цешыць сябе надзеяй, што нехта спецыяльна пойдзе ў яго краму, каб сваёй пакупкай дапамагчы сабраць грошы на лячэнне дачкі. Але ён на гэта не вельмі і разлічвае. Ведае, што народ можна прывабіць толькі цаной і якасцю. Найбольш удзячны пакупнік на вёсцы, лічыць ён. І прыводзіць у прыклад аграгарадок Новы Быхаў.

— Калі мы там адкрыліся, нам усе былі вельмі рады, — усміхаецца прадпрымальнік. — Людзі там выключна добрыя. Выручка ад гандлю невялікая, але ж адносіны  — гэта таксама важна. Плюс працоўныя месцы. Дзе сёння на вёсцы знойдзеш работу? У нас, дарэчы, па прадпрыемстве створана больш за 30 працоўных месцаў.

Першыя ў краіне

Па выніках працы за мінулы год таварыства спажыўкааперацыі Магілёўскага раёна занесена на рэспубліканскую Дошку пашаны. Па словах першага намесніка старшыні гэтага прадпрыемства Аксаны Ліхуты, высокіх вынікаў атрымалася дасягнуць у рознічным гандлі. На балансе арганізацыі 96 крамаў, з якіх 25 знаходзяцца ў аграгарадках. Усе сельскія гандлёвыя пункты плануецца ў хуткім часе перавесці на самаабслугоўванне. Такая форма работы больш падабаецца вяскоўцам. Дадаткова тавары першай неабходнасці дастаўляе на вёску 10 аўтакрамаў. Для павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва таварыства плануе набыць больш прасторную сучасную аўтакраму з дадатковым халадзільным абсталяваннем. Гэта значыць, што ў жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак будзе магчымасць выбару большага асартыменту тавару, падкрэсліла суразмоўнік.

Дзяніс вельмі ўдзячны за тое, што раённыя ўлады падтрымліваюць з вядзеннем бізнесу.

— У нас зацікаўлены ў тым, каб падтрымаць менавіта жыхароў раёна, — кажа суразмоўнік. — Мы на вачах, можна не сумнявацца, што падаткі застануцца ў мясцовым бюджэце, і нас падтрымліваюць. І не толькі мяне — усіх, хто працуе ў малым і сярэднім бізнесе.

P. S. Дарэчы, на сённяшні дзень на лячэнне маленькай Вары сям'я Назарэвічаў сабрала амаль палову неабходнай сумы. На першыя некалькі ўколаў, адзін з якіх каштуе 95 тысяч еўра без уліку ПДВ, грошы ўжо ёсць. Надзею падтрымлівае яшчэ і дабрачынная міжнародная арганізацыя «ЮніХэлп», якая дапамагае хворым дзецям. Там паабяцалі пералічыць на лячэнне Вары 100 тысяч еўра. Дапамагчы Дзянісу можна, зрабіўшы пакупку ў яго краме або ахвяраваўшы на дабрачынны рахунак.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.