Вы тут

Як дзяржава і бізнес сумесна вырашаюць праблемы вясковага гандлю


Забеспячэнне сельскага насельніцтва адпаведнай гандлёвай інфраструктурай доўгі час з'яўляецца складаным пытаннем, якое спрабуюць вырашыць у многіх раёнах краіны. У адных — квітнее спажыўкааперацыя, у іншых на змену дзяржаўным сеткам прыходзяць прыватнікі. Перад тымі і іншымі стаіць складаная задача па забеспячэнні высокай якасці абслугоўвання і падтрымання шырокага асартыменту тавараў. У сельскай мясцовасці гэта досыць праблематычна, бо пакупная здольнасць там ніжэйшая, ды і тавараабарот значна меншы, чым у горадзе, а прадукты людзям патрэбныя. Дык што ж рабіць?


Знайсці новыя формы

Шырока гэтыя важныя для малых гарадоў моманты абмяркоўвалі падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў лютым у Паставах. Падчас яго члены Савета Рэспублікі сумесна з прадстаўнікамі буйных прыватных і дзяржаўных гандлёвых сетак разглядалі перспектывы развіцця сельскага гандлю. Прайшло амаль паўгода, карэспандэнты «МС» задаліся пытаннем: «Ці змянілася штосьці за гэты час?»

Варта адзначыць, што шмат у чым раней гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ў вёсцы залежала ад «Белкаапсаюза». Сёння спажывецкая кааперацыя з'яўляецца важным сектарам эканомікі краіны, які абслугоўвае больш за 3,4 млн чалавек і практычна ўсё сельскае насельніцтва. Дробны гандаль з'яўляецца галоўным кірункам працы кааперацыі, доля якога ў агульным аб'ёме яе дзейнасці складае 70 %. Акрамя таго, «Белкаапсаюзу» належыць 19 % гандлёвых плошчаў крамаў краіны.

У той жа час наяўны патэнцыял спажывецкая кааперацыя выкарыстоўвае недастаткова. Сёння ў сельскай мясцовасці асаблівую значнасць набывае збліжэнне інтарэсаў насельніцтва, дзяржавы і бізнесу, для чаго патрабуецца стварэнне эфектыўнага механізма ўзаемадзеяння.

За паўгода былі зроблены некаторыя крокі, якія ўжо атрымалі адабрэнне ў сельскага насельніцтва Аршанскага раёна. Там, дзе не справілася кааперацыя, прыйшоў буйны рытэйлер. Кампанія «Еўрагандаль» напярэдадні змагла рэалізаваць праект па перадачы больш як 30 гандлёвых пунктаў, якія раней належалі «Белкаапсаюзу» пад стварэнне сваіх крамаў. Гэты вопыт палічылі паспяховым і ў перспектыве могуць ужыць для падтрымання ўзроўню гандлю ў вёсцы.

У пошуках здаровай канкурэнцыі

Разам з тым у бізнес-супольнасці лічаць, што прыход буйных кампаній можа не толькі станоўча вырашыць пытанне з развіццём гандлю на вёсцы, але і стварыць умовы для нездаровай канкурэнцыі для малога і сярэдняга бізнесу, якому прыйдзецца пакінуць свае нішы.

Сустаршыня саюза юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Віктар Маргелаў лічыць, што праблема канкурэнцыі прыватнага і буйнога бізнесу заключаецца ў тым, што буйныя гандлёвыя сеткі краіны, дзякуючы недасканаласці дзяржаўнага рэгулявання, як мінімум у некалькі разоў больш канкурэнтаздольныя, чым увесь астатні гандаль у любым раёне.

«Зараз дзелавая супольнасць фарміруе пакет прапаноў па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы гандлю. Прадпрымальнікі, якія працуюць у сферы гандлю, штогод губляюць 5-10 % рынку ў агульнай долі тавараабароту. Сёння няма тых рашэнняў, якія б правільна абмяжоўвалі буйны бізнес для падтрымкі дробнага», — лічыць Віктар Маргелаў.

Таксама, на яго думку, у малым бізнесе складана быць канкурэнтаздольным. Важна аб'ядноўвацца і каардынаваць лагістыку, закупкі. Эксперт лічыць, што беларускія прадпрымальнікі ўсё яшчэ цяжкія на пад'ём.

«Але толькі ў каардынацыі па некаторых пазіцыях можна наблізіцца да буйных сетак. Для гэтага патрэбна празрыстае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва», — растлумачыў Віктар Маргелаў.

У дадатак, кажучы пра тое, наколькі сёння лёгка невялікаму прыватнаму прадпрыемству ўвайсці на рынак сельскага гандлю, ён адзначыў, што, каб арганізаваць у населеным пункце свой невялікі магазін, складана знайсці добрае памяшканне. Часцей за ўсё прыйдзецца ўкладвацца ў будоўлю ці перапрафіляваць тое, што ёсць.

Разам з тым эксперт лічыць, што іншыя моманты, якія звязаны з тэхнічнымі, санітарнымі правіламі, зараз з'яўляюцца вырашальнымі для прадпрымальнікаў.

«З улікам Дэкрэта № 7 прайсці гэтыя працэдуры значна прасцей. Аформіць дакументы ўжо не праблема», — адзначыў Віктар Маргелаў.

Такім чынам, сёння пытанні стварэння добрай канкурэнцыі застаюцца адкрытымі. Але ў першую чаргу важнымі яны з'яўляюцца для бізнесу незалежна ад формы і памеру. Грамадзянам жа істотна, каб іх якасна абслугоўвалі і прапаноўвалі шырокі спектр тавараў. За тое, што ім спадабаецца больш, яны прагаласуюць рублём.

Наша даведка

Паводле звестак Белстата, з 2015-га па 2017 год колькасць рознічных гандлёвых аб'ектаў у сельскай мясцовасці павялічылася на 5 % і на студзеня 2018 года склала 10 764 адзінкі, ці 17,3 % ад агульнай колькасці гандлёвых аб'ектаў у краіне.

У сваю чаргу, гандлёвая плошча магазінаў у сельскай мясцовасці за аналагічны перыяд зменшылася на 3,4 % і на 1 студзеня 2018 года склала 726 тысяч кв. м (13,1 %).

Паводле аператыўных даных Гандлёвага рэестра, дробны гандаль у сельскай мясцовасці ажыццяўляюць 5308 суб'ектаў гандлю. З іх 2692 юрыдычныя асобы (50,7 %) і 2616 індывідуальных прадпрымальнікаў (49,3 %).

Зараз гандлёвыя аб'екты, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, прадстаўленыя наступнымі фарматамі:

крамы — 49,4 %;

павільёны — 12,6 %;

кіёскі — 5,6 %;

аўтамагазіны — 5,7 %;

неізаляваныя гандлёвыя аб'екты, палаткі, перасоўныя сродкі разноснага гандлю — 26,7 %.

Гандаль на вёсцы ажыццяўляюць такія буйныя гандлёвыя сеткі, як Белкаапсаюз (4077 рознічных гандлёвых аб'ектаў, размешчаных у сельскай мясцовасці), РУП «Белпошта» (2101), «Беларуснафта» і «Лукойл» (111 і 17 крам на АЗС адпаведна), ААТ «ДарОрс» (30), «Еўраопт» (98), «Белмаркет» (6), «Міла» (10), Гандлёвы дом «Лагуна» (7).

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Сэрвіс і кошты як у горадзе

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».