Вы тут

Новы погляд на старыя праблемы водазабеспячэння


Яшчэ ў канцы мінулага года на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, прысвечаным праблемам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч даручыў старанна вывучыць усе болевыя пункты, звязаныя з забеспячэннем жыхароў краіны якаснай пітной вадой. Зараз ідзе дапрацоўка паправак у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні», які быў прыняты яшчэ ў 1999 годзе і патрабуе карэкціроўкі з улікам патрабаванняў часу і сітуацыі, якая склалася ў воднай гаспадарцы краіны.

Спецыялісты спадзяюцца, што новае заканадаўства дасць магчымасць вырашыць найбольш вострыя праблемы, якія наспелі ў сістэме забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой.


Праект закона чакае папраўкі

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова, была праведзена вялікая работа па дапрацоўцы праекта закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях пітнога водазабеспячэння». З улікам глыбокага вывучэння найбольш уразлівых месцаў сістэмы водазабеспячэння ва ўсіх рэгіёнах краіны праект закона будзе прадстаўлены са значнымі зменамі.

Напрыклад, у новым заканадаўстве будзе прадугледжана магчымасць будаўніцтва вулічных сетак пітнога водазабеспячэння для жыллёвага фонду з прыцягненнем сродкаў грамадзян.

Таксама прапануецца ўстанавіць абмежаванні для будаўніцтва прамысловымі прадпрыемствамі ведамасных водазаборных збудаванняў, калі ў існуючых сістэм водазабеспячэння ёсць тэхнічныя магчымасці для іх абслугоўвання.

Парламентарыі прапануюць удакладніць паўнамоцтвы Савета Міністраў Беларусі, дэталізаваць кампетэнцыю Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У новым праекце закона з'явяцца асобныя артыкулы, якія рэгламентуюць паўнамоцтвы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства аховы здароўя.

Новы праект закона дапоўнены часткай «Эканамічны механізм рэгулявання ў галіне пітнога водазабеспячэння».

Гаспадарскі падыход да пітной вады

Прыйшоў час падысці да праблемы выкарыстання пітной вады ў нашай краіне па-гаспадарску. Зараз Савет Рэспублікі адстойвае ў зацікаўленых ведамствах чатыры прынцыповыя пазіцыі.

На думку парламентарыяў, у першую чаргу трэба знайсці правільнае рашэнне па забеспячэнні вадой буйных прадпрыемстваў. Бо да гэтага часу ў тэхнічных мэтах у нашай краіне выкарыстоўваецца вада з падземных крыніц.

Па даных Дзяржаўнага воднага кадастра ў 2017 годзе асноўны аб'ём расходу падземнай вады прыходзіўся на сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі (66 % або 537,5 млн м3), на прамысловасць 12,4 % (100,9 млн м3), сельская гаспадарка 14,4 % (116,6 млн м3).

Сітуацыя, калі прадпрыемствы спажываюць пітную ваду для тэхнічных патрэб, пры гэтым забруджваючы навакольнае асяроддзе, скідваючы вытворчыя адходы ў рэкі, недапушчальная.

Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні прапануе заканадаўча ўстанавіць неабходнасць укаранення паралельнай сістэмы трубаправодаў з пітной і тэхнічнай вадой.

Прапануецца таксама ўпарадкаваць адносіны, звязаныя з работай ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод. Пакуль на ўзроўні заканадаўчага акта яны не ўрэгуляваныя. Канцэпцыяй удасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года замест існуючых палёў фільтрацыі плануецца будаўніцтва ў рэгіёнах ачышчальных збудаванняў. Прапануецца прыняць законапраект, які будзе рэгуляваць адносіны як у галіне водазабеспячэння, так і водаадвядзення.

Стварыць сістэму кантролю якасці вады

Яшчэ адна праблема, якая патрабуе заканадаўчага рашэння, — бескантрольнае бурэнне свідравін уласнікамі і арандатарамі зямельных участкаў. Гэтае пытанне ініцыявана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На думку ведамства, у Беларусі неабходна стварыць сістэму кантролю рацыянальнага водакарыстання, якая выключае свідраванне водазаборных свідравін і забор вады без адпаведнага дазволу ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, і ўстанавіць парадак выдачы такіх дазволаў.

Сёння ўсе аб'екты і прадпрыемствы сістэмы водазабеспячэння насельніцтва знаходзяцца ў падпарадкаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля ліквідацыі Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР у рэспубліцы няма дзяржаўнага органа кіравання гэтай галіной, што прывяло да сітуацыі, калі ў краіне няма адзінай і зладжанай палітыкі далейшага развіцця сістэмы воднай гаспадаркі. Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні прапануе стварыць навукова-практычны цэнтр воднай гаспадаркі Беларусі, які будзе каардынаваць усе праблемы водагаспадарчай галіны, у тым ліку і пытанне забеспячэння насельніцтва якаснай пітной водой.

Плануецца, што з улікам усіх заўваг абноўлены праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях пітнога водазабеспячэння» будзе разгледжаны на восеньскай сесіі парламента.

Наталля БІТЭЛЬ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.