Вы тут

Добраўпарадкаванне, працаўладкаванне, рэгіянальныя праграмы


Праект «Мясцовы час»

Сёння мы распачынаем новы праект, у якім дэталёва пазнаёмім з рэгіёнамі нашай краіны, іх штодзённымі клопатамі, спосабамі вырашэння мясцовых праблем, ініцыятыўным актывам раёнаў. А дапамогуць нам у гэтым нашы калегі — рэдакцыі раённых газет. Спадзяёмся, такая сумесная праца пойдзе на карысць усім: творчым калектывам, героям публікацый і, галоўнае, — нашым чытачам.

А распачне праект «Мясцовы час», які будзе выходзіць штомесяц, Ганцавіцкі раён, размешчаны на паўночным усходзе Брэсцкай вобласці.

Мяжуе ён з Лунінецкім, Пінскім, Івацэвіцкім, Ляхавіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці, Салігорскім, Клецкім раёнамі Мінскай вобласці.

У яго складзе 36 сельскіх населеных пунктаў, аб'яднаных у восем сельскіх Саветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі.

Раённы цэнтр — горад Ганцавічы — размешчаны за 250 км ад Брэста і за 180 км ад Мінска.

Колькасць насельніцтва складае 27 560 чалавек, з якога 13 925 чалавек пражывае ў Ганцавічах, 13 635 чалавек — у сельскай мясцовасці.

Большая частка раёна знаходзіцца ў межах паўднёва-ўсходняй часткі Прыпяцкага Палесся.

Плошча раёна складае 1,71 тысячы квадратных кіламетраў. 82,6 тысячы гектараў займаюць лясныя ўгоддзі. Лясістасць раёна — 54,7 працэнта. Землі — тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя, 13,2 тысячы гектараў займаюць балоты.


Добраўпарадкаванне, працаўладкаванне, рэгіянальныя праграмы

Юрый ШАПЕЛЬ узначаліў Ганцавіцкі раённы Савет дэпутатаў пасля сёлетніх выбараў. Раней ён кіраваў раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а да гэтага працаваў у органах унутраных спраў. Цяпер свой багаты жыццёвы і працоўны вопыт прымяняе ў сферы самакіравання. З ім наша сённяшняя гутарка.

Зверыць пазіцыі

— Прайшло сто дзён вашага знаходжання на пасадзе старшыні раённага Савета. Што зроблена, якія форумы праведзены, што паказалі сустрэчы з дэпутатамі і на месцах?

— Пачну з лічбаў: мясцовае самакіраванне Ганцавіцкага раёна складаецца з аднаго Савета базавага ўзроўню і васьмі Саветаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, таксама абраны 32 старасты. У складзе раённага Савета працуе 27 дэпутатаў, у васьмі сельскіх Саветах — 88 дэпутатаў. Гэта наш актыў. За час пасля выбараў прайшло знаёмства і тое, што можна было б вызначыць словазлучэннем «зверыць пазіцыі». У шырокім сэнсе мы вызначаем сваю галоўную задачу як удзел у рэгіянальных праграмах развіцця. А мэтай гэтых праграм, як і ўсёй нашай работы, становіцца паляпшэнне жыцця грамадзян — нашых выбаршчыкаў. Райсавет ужо правёў пяць сесій, адно пасяджэнне прэзідыума і чатыры камісіі. На ўсіх пасяджэннях гаворыцца пра штодзённыя справы. Таму важна рыхтаваць да сесій рэалістычныя рашэнні, а потым дабівацца іх выканання. Што мы і стараемся рабіць з самага пачатку.

Культура вясковага жыцця

— Якія задачы па добраўпарадкаванні тэрыторый трэба вырашаць у першую чаргу?

Парадак патрабуе намаганняў. І добраўпарадкаванне гэта не толькі комплекс мерапрыемстваў па ўтрыманні дарог, месцаў адпачынку, могілак ды іншай інфраструктуры горада і сельскіх населеных пунктаў. Гэта ў першую чаргу стаўленне людзей да навакольнага, прывычка і традыцыя жыць у чысціні, якую трэба напрацоўваць. Добры гаспадар штодня сочыць за сваім домам, гэтак жа трэба ставіцца і да дома агульнага. Але на справе так не заўсёды бывае. Узяць хоць бы тыя стыхійныя звалкі, што ўсім уеліся ў косці. Іх прыбіраем, а яны зноў то там, то тут з'яўляюцца. Здараецца, знаходзім вінаватых, караем, але не ўсім гэта служыць урокам. Альбо парадак на могілках. Нават перадача іх на баланс ЖКГ не вызваляе ад абавязку кожнага сачыць за магіламі родзічаў. Усё пералічанае і ёсць клопаты дэпутатаў на месцах.

Ва ўяўленні жыхара вялікага горада вёска нярэдка бачыцца мілым куточкам з прыгожай прыродай, утульнымі дамамі, ранішнім крыкам пеўняў. Гэтую ідылію здольныя моцна сапсаваць пустыя старыя дамы, што зеўраюць пустымі аканіцамі. Таму вядзецца іх знос. Працягнем работу і ў гэтым скліканні. Складаюцца спісы такіх дамоў, праводзяцца неабходныя працэсуальныя працэдуры, выдзяляюцца сродкі.

Заўважу, што ў раёне пастаянна працуе камісія па добраўпарадкаванні, старшынёй якой я з'яўляюся. Дык вось, названая камісія ініцыюе, праводзіць і вызначае пераможцаў раённага конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый. Сёлета мы падводзілі вынікі спаборніцтва 3 ліпеня. Адзначылі ўстановы і арганізацыі, а таксама гаспадароў прыватных падворкаў. Многія з іх парадавалі створанай сваімі рукамі прыгажосцю і крэатывам у падыходах да яе стварэння.

Грамадская ініцыятыва

— Што можна сказаць пра работу дэпутатаў раённага і сельскіх Саветаў? Можа, ёсць прыклады, калі нехта працуе, нестандартна. Гэта ж датычыцца і старастаў вёсак.

— Пачну са старастаў, якія заслугоўваюць асаблівай пашаны, бо займаюцца грамадскай работай на карысць іншых. Назаву найлепшых, такіх як Мікалай Мікалаевіч Хілюціч з Малькавічаў, Ванда Іванаўна Чабатарэнка з Вялікіх Круговічаў, Іван Іосіфавіч Муха, стараста адразу трох вёсак Кукава, Перадзелы і Дубнякі. На шчасце, спіс можна доўжыць.

Прыемна адзначаць, што дэпутаты райсавета маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, некаторыя з іх ужо паспелі стаць ініцыятарамі добрых спраў і акцый. Скажам, узніклі праблемы ў матэрыяльным забеспячэнні дзіцячага аздараўленчага лагера «Астравок», і дэпутаты ініцыявалі акцыю па зборы сродкаў. Грошы пайшлі на закупку спартыўнага інвентару, настольных гульняў, набыццё спецадзення для работнікаў сталовай. Літаральна на апошняй сесіі зайшла гаворка пра аказанне дапамогі шматдзетным сем'ям да навучальнага года. Дык дэпутат Іван Набешка, камерцыйны дырэктар швейнага прадпрыемства, адразу прапанаваў 15-працэнтную зніжку на сваю прадукцыю для сем'яў гэтай катэгорыі.

Да дэпутатаў прыходзяць людзі з самымі рознымі пытаннямі. Часцей за ўсё просяць паспрыяць з рамонтам дарог, асвятленнем вуліц, добраўпарадкаваннем сельскіх населеных пунктаў, працаўладкаваннем.

Занятасць на першым плане

— Ці ёсць праблемы з працаўладкаваннем у раёне?

— Так, праблемы ёсць, і прычыны іх розныя. У цэлым сітуацыя на рынку працы застаецца пад кантролем. За паўгода колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, вырасла на два чалавекі. Было на пачатак года 56 чалавек, цяпер — 58. Вакансій у нас значыцца 114, у студзені было 75. З пачатку года садзейнічання ў працаўладкаванні папрасілі 420 чалавек, 373 з іх атрымалі работу. Але ж не ўсё так проста на рынку працы. Часта там запатрабаваныя рабочыя высокай кваліфікацыі і спецыялісты з вопытам работы. А нашы беспрацоўныя часцей за ўсё хочуць знайсці работу дворніка, прыбіральшчыцы, санітаркі, вартаўніка, падсобнага рабочага. Такіх прапаноў не хапае. З іншага боку, назіраецца нежаданне прайсці хоць бы мінімальнае навучанне і атрымаць прафесію. Напрыклад, адна швейная фірма ў горадзе шукае  швачак. Упраўленне па працы і сацыяльнай абароне гатовае на базе мясцовага ліцэя правесці навучанне беспрацоўных па названай прафесіі з гарантыяй працаўладкавання. Але ніхто з іх не выказаў жадання навучыцца і пайсці на працу. Акрамя таго, названая фірма можа адкрыць 20 новых вакансій, але няма сэнсу гэта рабіць, бо і ранейшыя не запоўнены. І разам з тым новыя рабочыя месцы ў раёне ствараюцца. На іх з пачатку гэтага года было прынята 54 чалавекі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Галіны ПУПАЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.