Вы тут

Як на Ганцаўшчыне пазбаўляюцца ад старых дрэў на могілках


Старыя дрэвы на могілках — галаўны боль не толькі для тых людзей, хто даглядае пахаванні, але і для прадстаўнікоў мясцовай улады, работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Першыя баяцца, каб старое ці гнілое дрэва не ўпала на даражэзныя помнікі, агароджы і не пашкодзіла іх. Другія зацікаўленыя ў тым, каб былі чысціня і парадак на тэрыторыях населеных пунктаў, не было сур'ёзных нараканняў да камунальнікаў, бо гэта ж на іх утрыманні зараз знаходзяцца могілкі.


Выразаць дрэвы на могілах вельмі няпроста. Да таго ж, перш чым прыступіць да гэтай работы, неабходна вырашыць некалькі адміністрацыйных пытанняў, у тым ліку ў кабінеце старшыні сельвыканкама.

Работы па спілоўванні дрэў на могілках павінны праводзіць прамысловыя альпіністы. У іх ёсць навыкі, неабходныя інструменты і прыстасаванні. Вядома, іх кваліфікаваная работа патрабуе і дастойнай аплаты, кошт якой залежыць ад вышыні дрэва, яго таўшчыні і месцазнаходжання.

У Хатыніцкім сельскім Савеце яшчэ ў мінулым годзе праблема старых дрэў на могілках стаяла надзвычай востра. Пра яе гаварылі не на адным сходзе, пасяджэнні сельвыканкама. У пачатку года было вырашана ўсім мірам сабраць грошы, каб пазбавіцца ад небяспечных дрэў і паставіць кропку ў гэтым пытанні калі не назаўсёды, то надоўга.

— Небяспеку лепш папярэдзіць, — з цвёрдым перакананнем кажа старшыня Хатыніцкага сельскага Савета Генадзь Перашчук. — Цяжка нават уявіць, якую шкоду на вясковых могілках маглі б нарабіць аварыйныя дрэвы. Дыяметр асобных дасягаў паўтара метра!

Асноўныя клопаты па зборы сродкаў для спілоўвання дрэў на могілках узяў на сябе стараста вёскі Андрэй Ярашэвіч. Знайшліся жанчыны, якія вырашылі дапамагаць яму ў гэтым. Мудры Андрэй Андрэевіч размеркаваў іх па групах і вызначыў пэўныя вуліцы для дваровых абыходаў.

— Сказаць, што хадзіць па хатах і збіраць сродкі было нялёгка, — нічога не сказаць, — прызнаўся Андрэй Андрэевіч. — Асобныя жыхары Хатыніч ухіляліся ад агульнай справы. Некаторыя нават выганялі са свайго двара жанчын. Маўляў, дзяржава павінна займацца гэтай праблемай. Прызнаюся: сорамна мне за некаторых сваіх землякоў. Але ж большасць усё ж такі разумела, што справа гэтая не дзяржаўная, а людская, так сказаць усенародная, а могілкі — месца святое, ставіцца да яго трэба па-асабліваму.

Ішоў да людзей, вёў з імі гаворку і стараста вёскі Андрэй Ярашэвіч. Чацвёртую частку ад усёй сумы сабраў менавіта гэты чалавек.

— Усё жыццё я працаваў настаўнікам, — працягвае мужчына. — І тыя, хто яшчэ ўчора быў маім вучнем, сёння моцныя і дбайныя гаспадары ў Хатынічах. Адмаўляць мне, тым больш прыніжаць, сумленне не дазваляла. Скажу больш: калі некаторыя хатынаўцы ў агульны «кацёл» клалі па пяць—дзесяць рублёў, то ў ведамасці па зборы грошай, якую вёў я, былі лічбы не меншыя за 10—20 рублёў.

Па словах старшыні сельвыканкама Генадзя Перашчука, на вясковых могілках, а іх у Хатынічах двое, яшчэ ўчора было больш чым трыццаць небяспечных дрэў. Зборнай брыгадай, у якую ўвайшлі арбарысты з Пінска, Мінска і Баранавіч, былі ліквідаваны ўсе дрэвы.

— Без людзей, без іх падтрымкі і разумення жыць і працаваць у вёсцы немагчыма, — прызнаецца Генадзь Перашчук. — Толькі разам можна рабіць вялікія справы. Вядома ж, былі часы, калі аварыйныя дрэвы спілоўвалі за кошт бюджэту. Тыя часы прайшлі і, думаю, назад ужо не вернуцца. Усім нам трэба вучыцца, як быць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Работы па спілоўванні небяспечных дрэў вядуцца не першы год і на тэрыторыі Любашаўскага сельскага Савета. На могілках вёскі Боркі яшчэ леташняй вясною пазбавіліся ад дрэў-гігантаў. Пакінулі толькі стары дуб, які аблюбавалі бусел з бусліхаю. Рука не паднялася разбурваць гняздо з малымі птушанятамі, не па-людску гэта.

— А вось у вёсцы Ганцавічы прыйшлося нам падчас работы па спілоўванні дрэў нават міні-кааператывы ствараць, — тлумачыць старшыня Любашаўскага сельскага Савета Святлана Муха. — На гэтых могілках аварыйных дрэў каля дзвюх соцень, а «пахаваныя» тут не толькі людзі вясковыя, але і гарадскія. Вось і ўзнікла пытанне, чаму гэта толькі насельніцтва вёскі Ганцавічы павінна клапаціцца аб парадку на могілках і збіраць для спілоўвання дрэў грошы. Таму зараз кааперуюцца людзі з горада і вёскі, сабраўшы пэўную суму, выходзяць на старасту Святлану Заньку, або на работнікаў сельвыканкама і па званку прыязджаюць працаваць прамысловыя альпіністы. Справа ідзе. Літаральна нядаўна працавалі яны на ганцавіцкіх могілках, спілавалі больш за два дзясяткі дрэў.

У народзе кажуць, што добра чужымі рукамі жар заграбаць. Безумоўна, мудра сказана. Толькі вось у гісторыі з небяспечнымі дрэвамі няхай усё ж такі чужыя рукі зробяць гэтую справу.

Галіна ПУПАЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Небяспеку прасцей папярэдзіць

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.