Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Вучыся, нябожа, вучэнне паможа

У жыцці — гэта маё цвёрдае перакананне — кожнаму з людзей маладых патрэбен свой аксакал, чалавек, які падтрымаў бы, штосьці параіў, падказаў нейкія рашэнні. Бо розум, ён, як правіла, прыходзіць у сталым узросце, ды і то не заўсёды... І не да ўсіх.

...У той час гэта нікога не здзіўляла: працаваць я пачаў у 15 гадоў, адначасова паступіў на вячэрняе аддзяленне ў тэхнікум. А там азірнуцца не паспеў — вучоба скончана, трэба паступаць у інстытут альбо служыць у войску. Я чамусьці выбраў другое і апынуўся ў зенітна-артылерыйскім палку.

На тое, каб асвоіць ваенную спецыяльнасць, часу ў мяне пайшло няшмат, можа з месяц.

Адзін раз я выстраліў з аўтамата Калашнікава (болей, шчыра кажучы, не хацеў), а далей толькі чысціў яго і... сумаваў.

Так-так, сумаваў, бо са мной, «такім граматным» (была ж адукацыя, прычым радыётэхнічная), не толькі сяржанты, але і афіцэры не ведалі, што рабіць.

А мне свой час марнаваць не хацелася, таму я стаў шукаць заняткі. Па-першае, узяўся чытаць мастацкую і гістарычную літаратуру, па-другое, вывучаў (хоць і з меншым поспехам, бо практыкі ніякай...) англійскую мову, па-трэцяе, вырашыў павысіць свой разрад па шахматах. А паралельна — бегаў, штурхаў штангу, падцягваўся на перакладзіне... Прычым не без поспеху, бо змог удасканаліць свой знешні выгляд, фігуру і на ўласнай скуры адчуць, што Гіпакрат меў рацыю: гімнастыка, хадзьба, фізічныя практыкаванні — гэта сіла, гэта здароўе.

А вось спорт — ужо трохі іншае. Гэта я таксама на сабе праверыў, калі з прыцэлам на трэці разрад стаў цягаць штангу і досыць хутка адчуў, дзе знаходзіцца сэрца і як яно можа балець.

Загрымеў, карацей, у шпіталь, два тыдні палячыўся.

...Адтуль, помню, вярнуўся позна: саслужыўцы мае даўно павячэралі. А я — галодны, злы... Да таго ж — каўнер не зашпілены, шапка ў руках... І, як на ліха, камандзіра ўзвода насустрач нясе.

Ён, вядома ж, зрабіў мне заўвагу наконт знешняга выгляду. Я ў адказ (забыў, дзе знаходжуся)... пажартаваў: маўляў, як клічуць, так і адклікаюцца, то-бок, калі не кормяць, дык і службы няма...

Ён мне — трое сутак гаўптвахты!

На тым і разышліся: трое дык трое...

Я кніжак з сабою набраў — паўстаў перад старшыной, а потым — перад капітанам, які на «губе» прымаў папаўненне.

Той загадаў мне зняць рэмень, «ачысціць» кішэні і ўзяўся за кнігі:

— Карл Маркс? — вылупіў вочы ён, — «Крытыка гоцкай праграмы»? Фрыдрых Энгельс? «Дыялектыка прыроды»? Ты што — здзекуешся? На «губе» будзеш Маркса чытаць? — пазелянеўшы ад злосці, пытаўся ён.

— ...І Леніна, — дадаў я, бо капітан узяўся за ягоную кнігу:

— «Ма-тэ-ры-я-лізм і...» Што? — учытваўся ў назву, — «эм-пі-ры...»

Слова «эмпірыякрытыцызм» не давалася яму нават па складах. (Ён чытаў «...крэтынізм». Не верыў, падобна, што Ленін пра яго пісаў, пачынаў чытаць спачатку... А ўжо як пры тым мацюкаўся!..)

Злавіўшы паўзу, я хацеў сказаць капітану, што пасля службы збіраюся паступаць у інстытут, што там, відаць, прыйдзецца вывучаць вось гэтыя творы, таму вырашыў хоць пазнаёміцца... Але адчуў, што ніхто мяне тут не пачуе, і прамаўчаў.

Капітан тым часам згроб усе мае (дакладней — бібліятэчныя) кнігі і некуды з імі пайшоў.

Дзе быў, не ведаю, а вярнуўся недзе праз гадзіну і, на шчасце,
з кніжкамі. Сказаў, калі коратка, што такіх «мудрацоў», як я, ён ніколі не бачыў.

Але ж чытаць не перашкаджаў. Так што я не сумаваў, вучыўся жыццю — нават на гаўптвахце.

Я. Кавальчукоўскі, г. Мінск


Добрая была гульня!

Часам, ужываючы пэўныя словы, мы нават не задумваемся пра іх паходжанне. Вось кажам «злыдзень», «хапун», «воспа», «чума», «трасца», «халера» і лічым, што ўсё гэта хваробы альбо нейкая лаянка. А вось і не: першапачаткова так называліся злыя духі.

Іх, агульнавядомых, або, скажам так, «афіцыйных», шмат, а дадайце сюды мясцовых...

Не ведаю, як у іншых вёсках, а ў нас была сярод іх свая, «фірменная» пачвара. Звалі яе трохі дзіўна — Баба Бяскішкая, і «служыла» яна самай страшнай пужалкай. Усе дзеці ведалі, што тая з ранняга ранку да позняга вечара толькі і ведае, што высочвае непаслухмяных малых. І калі хто з іх нашкодзіў, то літасці не чакай — з канцамі, як той казаў, бо ні ўцячы, ні адпрасіцца ўжо немагчыма. Карацей, Баба Яга ў параўнанні з ёй — проста душка ці сястрыца Алёнка.

Шчасце яшчэ, што гэта Бяскішкая па хатах не хадзіла, пасялялася там, куды дзецям нельга: у чужых садах ды гародах (бо малыя любілі лазіць туды па... усё. Чыпсаў жа не было), у пасадках акацыі бліз чыгункі (дзе ходзяць цягнікі), у алешніку (дзе балота і дрыгва), ля Дняпра (дзе глыбокая вада)... Усюды спраўлялася! (Ці, можа, і не адна такая была: можа, з хеўрай сабе падобных?)

А дзіцячых садкоў жа тады ніякіх, малыя ў вёсцы, можна сказаць, без нагляду — бацькі цэлы дзень на працы.

У некага, праўда, дзядулі-бабулі былі, але ж ці ўпільнуюць яны тых жэўжыкаў, ці «ўпасуць», калі іх магнітам цягне да той жа рэчкі?

Вось жанкі і надумалі на беразе «пасяліць» жывую Бабу Бяскішкую.

На гэтую ролю падыходзіла цётка Кулёза (у сэнсе — Куліна). Жыла яна паблізу ракі, трохі прамышляла варажбой ды чараўніцтвам, хадзіла з кійком, але ж досыць жвавенька.

Дык жанчыны да яе: маўляў, бабачка Куліначка, папужала б ты нашых паршыўцаў... Ім кажы ці не кажы — да Дняпра бягуць. Дык можа, пасядзела б ты ў кустах, пераняла б іх, каб пагібелі якой не знайшлі?
А мы табе зранку аладачак прынясём — са смятанкай, з варэннечкам...

Баба Кулёза трохі падумала і згадзілася. Бо што ёй: хоць які ды занятак (да таго ж карысны!), хоць якая ды плата, бо аладачкі ёй якраз па зубах (дакладней — па іх поўнай адсутнасці).

Аднак есці штось на дармаўшчыну баба Кулёза не збіралася і даручэнне прыняла ўсур'ёз. На благі бок вывернула стары, сем разоў парваны кажух, растрапала рэшткі сівых валасоў (ну каму, як не ёй, ці не самай старэйшай, ведаць, як павінна выглядаць Баба Бяскішкая?), на галаву адзін рог прыстроіла, кіёк у рукі ўзяла. Зірнула ў вялікае люстэрка — сама жахнулася.

Назаўтра заступіла на дзяжурства: гэта значыць, ва ўсёй «красе» затаілася ў кустах, аладачкі з місачкі есць і, падслепаватая, але ж бачыць — з правулку дзець паказаліся. Баба місачку ўбок, падпусціла іх трохі бліжэй, кій-рог уверх і грозна ім:

— Ме-е-е!..

Дзеці так хутка зроду не бегалі!

І, вядома ж, далекавата спыніліся...

Але потым, адсопшыся, думаць пачалі: «А чаму гэта Бяскішкая іх не пахапа́ла — нікога? Чаму яны ўцяклі, калі тое ў прынцыпе немагчыма? Можа, гэта не яна была?.. Ці яна, але ўжо састарэлая? Ну, як баба Кулёза?

На наступны дзень, як ні страшна было, хлопчыкі рашылі гэта праверыць: дружнай бандай падаліся ў бок тых самых кустоў. Толькі падышлі, — адтуль зноўку:

— Ме-е-е...

Дзеці ходу!

Праўда, самаму маленькаму не пашчасціла: зачапіўся ножкай за купіну, упаў, моцна пабіўся, але ж нават не пікнуў: запоўз у вялікі куст, сядзіць там у крапіве і не дыхае, бо зараз жа тая Бяскішкая...

А яна і сапраўды тут як тут: вылезла, сцягнула з галавы рог і... зарагатала.

Хлопчык вачам не паверыў: баба Кулёза?!

Ён з ёй гусей не пасвіў, то-бок кантактаў не меў, таму з хованкі не вылез: пачакаў, пакуль тая нарагочацца ды пойдзе дадому. А ўжо тады і ў слёзы, і ў вёску — кулём, да сваіх.

...Сябры, убачыўшы малога жывым (а яны ўжо і «развіталіся»!), што называецца, выпалі ў асадак, а потым, пачуўшы, як і што там было, вырашылі... адпомсціць. Назаўтра стварылі «войска», набралі ў кішэні камянёў і рушылі да «ахоўнага пункта».

Як і трэба было чакаць, насустрач ім зноў данеслася «Ме-е-е...», у адказ на якое са свістам, нібы з гарматы, паляцелі камяні, пачуліся крыкі: «Авоечкі, авой! А я ж вам зараз, паршыўцам...»

З гэтымі словамі і ва ўсёй амуніцыі да дзяцей выскачыла Баба Бяскішкая.

Толькі хто яе ўжо спужаецца?!
З крыкам «Кулёза!», «Кулёза!» хлопчыкі панесліся да Дняпра...

На гэтым і вось так (сама вінаватая) завяршылася бабіна артыстычная кар'ера. Яна з той пары, калі бачыла, што хлопчыкі бягуць да ракі, хіба што пальцам магла пагразіць.

Але ж на кусты малыя па-ранейшаму пазіралі са страхам — аж пакуль не выраслі.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

P. S. Трэба, напэўна, дадаць, што гэту гісторыю мне расказаў адзін з удзельнікаў «слаўных падзей» — той самы маленькі, «хлопчык з крапівы».

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».