Вы тут

Чаму Мексіка нахілілася ўлева?


Сёлетні ліпень стаў для Мексікі гістарычным. У краіне прайшлі ўсеагульныя выбары. Сфарміраваны парламент (Генеральны кангрэс) — абраны 500 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 128 членаў Сената. Прайшлі губернатарскія выбары. Нарэшце, у Мексіцы вызначаны новы кіраўнік краіны. Кандыдат ад кааліцыі левых сіл «Разам створым гісторыю» Андрэс Мануэль Лопес Абрадор з трэцяй спробы выйграў прэзідэнцкія выбары. Ён абяцае адолець мафію і задушыць карупцыю. Пры гэтым у перыяд выбарчай кампаніі ў краіне было забіта больш за сотню палітыкаў. Праціўнікі пераможцы параўноўваюць яго з Уга Чавесам, прыхільнікі — чакаюць сутычкі з Дональдам Трампам. Што зменіцца пасля таго, як у Мексіцы да ўлады прыйшоў харызматычны прадстаўнік левых сіл?


Справа для АМЛА

Новы кіраўнік Мексіканскіх Злучаных Штатаў (гэта афіцыйная назва краіны) стаў першым левым палітыкам, які перапыніць палітычную манаполію правых з 1929 года. У рамках усеагульнага вектара апошніх гадоў недаверу да традыцыйных партый і палітыкаў усе асноўныя кандыдаты, уключаючы пераможцу, вылучыліся самастойна, а палітычныя партыі падтрымалі іх у складзе кааліцый. Акрамя таго, зноў пацвердзілася тэндэнцыя імклівага набору папулярнасці новымі палітычнымі сіламі.

Палітолагі ацэньваюць гэтыя выбары, як самыя важныя ў сучаснай гісторыі макрарэгіёна. Паколькі сімвалізуюць зрушэнне налева адной з самых эканамічна развітых краін Лацінскай Амерыкі (па аб'ёме ВУП саступае толькі Бразіліі, аднак, па прагнозах, ужо ў 2020-м абыдзе яе). Прэзідэнт Мексікі абіраецца простай большасцю галасоў на шэсць гадоў без права зноў заняць гэтую пасаду. Важнае патрабаванне: не толькі ён, але і яго бацькі павінны быць мексіканцамі. Лопес Абрадор ідэальна гэтаму адпавядае: ён нарадзіўся ў штаце Табаска і на працягу пяці гадоў узначальваў Інстытут карэнных народаў. На радзіме яго называюць не інакш як абрэвіятурай — АМЛА. Гэта ўжо трэцяя прэзідэнцкая кампанія, у якой ён удзельнічае. Дзве папярэдніх прайграў (2006 і 2012 гады) і абяцаў, што гэтая спроба стане апошняй.

На пасаду АМЛА ўступіць 1 снежня. Сівавалосы палітык з мяккай усмешкай па слова ў кішэнь не палезе. Калі яго крытыкуюць у прэсе, значыць, журналісты «прадаліся мафіі» ці сталі «інструментам алігархіі». Калі прэзідэнт ЗША пагражае гандлёвай вайной, то Лопес Абрадор «прывядзе яго да прытомнасці». Яшчэ трохі, і мексіканцы прачнуцца ў новай краіне: свабоднай, бяспечнай, дзе паважаюць рэлігію і традыцыі, дзе памяркоўныя да іншадумства, дзе няма месца дыктатуры, — словам, у «царстве справядлівасці». Выступаючы перад выбаршчыкамі, Лопес Абрадор не скупіўся на абяцанні: крадзеж выкарчуем, пенсіі павысім удвая, усе прадукты будзем вырабляць самі. «Навошта нам абутак і шапкі з Азіі?» — разводзіў рукамі ён пад апладысменты натоўпу.

Тартылля, песа і гастарбайтары

Да выбараў Мексіка падышла ў не самім лепшым эканамічным стане. Тут ёсць свой дзясятак мільярдэраў, але тым больш яўны разрыў паміж вельмі беднымі і вельмі багатымі. Адну з прычын беднасці Лопес Абрадор бачыць у тым, што Мексіка падпісала пагадненне аб свабодным гандлі са Злучанымі Штатамі (NAFTA) і паставіла свайго вытворцу ў нявыгаднае становішча. У выніку сельская гаспадарка апынулася на мяжы банкруцтва. Ён прыводзіў простыя і даходлівыя прыклады: чвэрць стагоддзя таму мінімальнай заработнай платы было дастаткова, каб купіць 55 кілаграмаў тартыллі (аладкі з кукурузнай мукі), а цяпер — толькі шэсць кілаграмаў. Але, абяцаў Абрадор, усё будзе па-іншаму: новы ўрад падтрымае фінансавую і падатковую дысцыпліну і адменіць «гасалінаса» — перыядычныя павышэнні кошту бензіну. І людзі яму паверылі.

«У Мексіцы крызіс сельскагаспадарчай (перш за ўсё жывёлагадоўчай) вытворчасці. У вар'яцкай гонцы за імпартам мы павінны шукаць найбольш дынамічныя сектары, якія генеруюць больш працоўных месцаў. Сёння грашовыя пераводы ў краіну ад мексіканскіх гастарбайтараў вышэйшыя, чым даходы ад нафты і турызму», — расказаў дырэктар цэнтра інфармацыі і камунікацыі дзяржаўнага ўніверсітэта Фернанда Буэна Абад.

Не менш важным уяўляецца будучыня энергетычнай рэформы. Дзякуючы гэтай рэформе, якая ідзе ў Мексіцы з канца 2013 года, упершыню пасля амаль 80 гадоў манапалізму дзяржкампаніі Pemex у энергетычную сферу былі дапушчаныя прыватныя, у тым ліку замежныя, інвестыцыі. У рамках рэформы Pemex і CFE (нацыянальная энергасістэма) атрымалі права заключаць кантракты з прыватнымі кампаніямі. Многія эксперты асцерагаюцца магчымай адмовы Лопеса Абрадора ад яе працягу. Зрабіць гэта яму будзе нялёгка, паколькі адмена рэформы магчымая толькі праз парламент.

Сам Абрадор заявіў, што кантракты ў энергетычным сектары будуць правераны, і, калі будуць знойдзеныя парушэнні, урад мае намер звярнуцца ў кангрэс і суды. «Але заўсёды будзем дзейнічаць законным шляхам, канфіскацый або экспрапрыяцый не будзе», — супакоіў інвестараў будучы прэзідэнт. Таксама ён паведаміў, што ўрад не мае намеру ўмешвацца ў справы Цэнтрабанка Мексікі ў частцы вызначэння курсу песа.

На пасадзе мэра мексіканскай сталіцы, якую займаў з 2000-га да 2006 года, Абрадор заваяваў сімпатыі жыхароў як досыць энергічны кіраўнік і аўтар шматлікіх праграм дапамогі студэнтам і сталым людзям. Ён таксама праявіў сябе на ніве барацьбы з крыміналам. У гэты час у Мехіка была істотна палепшана гарадская інфраструктура, мэр прыцягнуў прыватных інвестараў у дзяржаўныя праграмы па будаўніцтве жылля. Дарэчы, Абрадор пакінуў тую пасаду пры рэйтынгу адабрэння ў 84 працэнты.

Срэбра або свінец?

Але акрамя рэформаў у эканоміцы і павышэння заробкаў простыя людзі чакаюць, што новы прэзідэнт пакладзе канец кровапраліццю. Цяперашняя выбарчая кампанія ў Мексіцы стала самай крывавай за апошнія 20 гадоў. Па звестках мексіканскай аналітычнай фірмы Etellekt, якая падрыхтавала даклад аб палітычным гвалце ў рэспубліцы, забітыя 120 кандыдатаў. У папярэднюю кампанію было дзевяць ахвяр. Найбольшыя страты ў апазіцыі —
80 загінулых прадстаўлялі арганізацыі, што канкуруюць з кіруючай Інстытуцыйна-рэвалюцыйнай партыяй. Сітуацыя з бяспекай у Мексіцы сумная: на ўладу прэтэндуюць наркакартэлі. І яны адкрыта ўмешваюцца ў выбары. Значыць, час мяняць стратэгію барацьбы са злачыннасцю, кажа Лопес Абрадор. Ён паабяцаў кожны дзень а шостай раніцы сустракацца з членамі Кабінета бяспекі.

Размах гвалту ў краіне небывалы, пацвердзіў у размове з РІА «Навіны» прафесар кафедры тэорыі і гісторыі міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Хейфіц. «Гэта, на жаль, даўняя дрэнная традыцыя мексіканскай палітыкі. Кандыдату прапануюць (перш за ўсё наркакартэлі) «plata o plomo» — «срэбра або свінец». Гэта значыць: ці ты працуеш на нас, і мы табе за гэта плацім, ці ты на нас не працуеш, але тады чакай кулі. Гэта датычыцца вельмі многіх партый, асабліва ў рэгіёнах». Па словах эксперта, палітычнымі матывамі гвалт у краіне не абмяжоўваецца. «У Мехіка проста небяспечна выходзіць на вуліцу, любы кішэннік ходзіць з нажом, а то і з пісталетам. А ўжо наркакартэлі — сур'ёзны галаўны боль», — кажа Віктар Хейфіц. 12-гадовая неабвешчаная вайна з наркагандлярамі забрала жыцці як мінімум 200 тысяч чалавек. Мінулы год, дарэчы, аказаўся, па звестках Lantіa Consultores, самым крывавым — 29 тысяч ахвяр.

У гэтай сітуацыі Лопес Абрадор шукае новыя шляхі. Ён, напрыклад, паабяцаў амністыю, чым выклікаў шквал крытыкі. Шмат хто ў Мексіцы лічыць, што дамаўляцца з бандытамі нельга. Але Абрадор упэўнены: амністыя — не прабачэнне, не беспакаранасць, гэта спроба рэінтэграваць злачынцаў у мірнае жыццё.

Слухай, Трамп!

Абрадор абвясціў аб першачарговых кроках, якія будуць распачатыя яго будучым урадам з 1 снежня, калі ён уступіць на пасаду. Адным з іх стане ўвядзенне плана эканоміі бюджэтных сродкаў. «Людзі галасавалі за змены. Нельга марнаваць бюджэт на сам урад. У свой час будзе прадстаўлены план эканоміі на рэспубліканскім узроўні. Надышоў момант ураду зацягнуць паясы, бюджэт павінен даходзіць да людзей», — заявіў Абрадор на прэс-канферэнцыі ў Мехіка. У сувязі з гэтым будучы кіраўнік Мексікі абвясціў аб зніжэнні зарплат чыноўнікаў і сваёй уласнай. «Я буду атрымліваць менш за палову таго, што атрымлівае прэзідэнт Пенья Ньета, без спецыяльных кампенсацый», — запэўніў Абрадор. Пры гэтым ніводны чыноўнік не зможа атрымліваць больш, чым сам кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, ён плануе адмяніць выплату велізарных пенсій былым кіраўнікам дзяржавы. Таксама ён мае намер пазбавіць вышэйшых дзяржчыноўнікаў недатыкальнасці, у тым ліку і самога прэзідэнта Мексікі, адмяніць рэформы адукацыі ў краіне і ўзнавіць ліквідаванае раней міністэрства грамадскай бяспекі. У планах Абрадора ўвядзенне інструмента адклікання мандата ў прэзідэнта і ліквідацыя наяўных перашкод на шляху правядзення рэферэндуму аб даверы насельніцтва абранаму кіраўніку дзяржавы. Крыху раней будучы прэзідэнт абвясціў аб меркаваным складзе свайго ўрада. Усяго ў ім будуць 17 міністэрстваў, якія ўзначаляць восем жанчын і дзевяць мужчын.

Новаму кіраўніку краіны прыйдзецца вырашаць не толькі ўнутраныя праблемы. Для Мехіка крытычна важнае Пагадненне аб свабодным гандлі са Злучанымі Штатамі, якое зараз прыпынена. «У Трампа і Абрадора ёсць прэтэнзіі да вынікаў работы NAFTA, але ў розных галінах. Лопес Абрадор мае намер дапамагаць сельгасвытворцам, дзякуючы чаму Мексіцы ўдалося б вярнуць нацыянальную вытворчасць кукурузы. Натуральна, гэта прывядзе да скарачэння імпарту прадукцыі з ЗША. Цяпер Мексіка закупляе 27 працэнтаў кукурузы, якая вырошчваецца ў Амерыцы», — тлумачыць супрацоўнік універсітэта Тэхаса Артура Лопес Леві.

Прэзідэнт ЗША павіншаваў Лопеса Абрадора з абраннем адным з першых. Трамп адзначыў, што гатовы абмеркаваць асобнае гандлёвае пагадненне паміж ЗША і Мексікай. Лопес Абрадор у сваю чаргу заявіў, што пасля ўступлення на пасаду мае намер «шчыра працягнуць руку, каб усталяваць дружбу і супрацоўніцтва». Пры гэтым Абрадор неаднаразова крытыкаваў ЗША. Ён нават выдаў кнігу сваіх прамоў і артыкулаў з красамоўнай назвай «Слухай, Трамп» і ездзіў з ёй у суседнюю краіну, каб выступаць перад мексіканцам, якія жывуць там. Абрадор лічыцца досыць жорсткім палітыкам і не пойдзе на нявыгадныя для Мексікі здзелкі. А значыць, двух прэзідэнтаў Злучаных Штатаў (Амерыкі і Мексікі) чакаюць няпростыя перагаворы.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Самбрэра набакір

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.