Вы тут

Як арганізаваны навучальны працэс у галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны


Сёлета Акадэмія МУС адзначыла 60-гадовы юбілей. Яшчэ адной знакавай падзеяй для ўстановы адукацыі стала прысуджэнне ёй прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Прычым высокую ўзнагароду акадэмія заслужыла ўжо другі раз запар. Замест адказу на пытанне аб тым, як атрымалася дасягнуць такіх уражальных вынікаў, начальнік Акадэміі МУС, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, аўтар больш як 200 навуковых прац, генерал-маёр міліцыі Уладзімір БАЧЫЛА запрасіў нас на экскурсію па навучальнай установе. І сапраўды, убачанае аказалася красамоўней за любыя словы.


Усё пачынаецца з памяці

Перш за ўсё адпраўляемся ў адрамантаваную да юбілею актавую залу. У прасторным холе каля ўвахода ў яе размясцілася музейная галерэя. Да гэтага адзінай экспазіцыі, якая расказвала б пра гісторыю ўстановы адукацыі, у акадэміі не было. Цяпер жа тут сабраны звесткі не толькі пра яе дзейнасць і кіруючы склад у розныя гады, але і пра тое, як быў арганізаваны працэс навучання міліцэйскіх кадраў, пачынаючы з часу ўтварэння беларускай міліцыі. Акрамя архіўных фотаздымкаў тут можна ўбачыць і сапраўдныя гістарычныя артэфакты. Напрыклад, Крымінальны кодэкс Расійскай Федэрацыі ўзору 1941 года, абмундзіраванне супрацоўнікаў міліцыі перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, кіцель удзельніка баявых дзеянняў, які стаяў ля вытокаў стварэння навучальнай установы, дыплом доктара навук, першага начальніка Мінскай вышэйшай школы МУС генерал-маёра міліцыі Міхаіла Іванавіча Зырына, пасведчанне і нагрудны знак «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь» прафесара Гаральда Іванавіча Грамовіча — вядомага беларускага крыміналіста. Ёсць тут і незвычайныя экспанаты. Напрыклад, спецыяльныя акуляры з убудаванымі лупамі. Іх выкарыстоўвалі ў савецкі час, калі супрацоўнікі размяшчаліся ў вялікіх кабінетах, у якіх для агульнага карыстання вешалі адну вялізную карту. Дык вось з дапамогай такіх акуляраў яе можна было вывучаць са свайго працоўнага месца, каб не перашкаджаць іншым. Адным з сучасных прадметаў, вартых ушанавання ў музеі, стала кніга, выпушчаная да 100-годдзя беларускай міліцыі. Выданне, у стварэнні якога прымаў удзел аўтарскі калектыў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу акадэміі, было адзначана прэміяй Міністэрства інфармацыі.

Сама актавая зала атрымалася вельмі светлай і ўрачыстай. І ў гэтым, як растлумачыў начальнік акадэміі, ёсць выхаваўчы момант. З аднаго боку, такая абстаноўка стварае ўзнёслы настрой, з другога — дысцыплінуе і падахвочвае паводзіць сябе належным чынам. Акрамя гэтага, зала абсталявана ўсімі неабходнымі тэхнічнымі ноу-хау. Дарэчы, сучасныя тэхналогіі ўжываліся і пры стварэнні музея. Акрамя вывучэння экспанатаў у рэальнасці, усю неабходную інфармацыю можна атрымаць і віртуальна.

Ва ўнутраным двары навучальнага комплексу ў дзень юбілею была адкрыта Алея Памяці, Гонару і Славы. Такім чынам увекавечана памяць выкладчыкаў і курсантаў, якія праявілі сябе асаблівым чынам на розных этапах станаўлення ВНУ. На Алеі ўсталяваны чатыры памятныя знакі ў выглядзе кнігі і скульптура, якая ўвасабляе курсанта-выпускніка. Першы знак прысвечаны супрацоўнікам акадэміі, якія прымалі ўдзел у ВАВ, бо менавіта яны пазней стварылі гэтую навучальную ўстанову. Другі знак устаноўлены ў памяць тых, хто загінуў пры выкананні службовага доўгу. Трэці знак нагадвае пра супрацоўнікаў акадэміі і яе курсантаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. А чацвёрты ўзведзены ў гонар тых, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Завяршае кампазіцыю курсант-выпускнік, які выходзіць са сцен Акадэміі МУС у вялікае жыццё. На плячах у яго яшчэ курсанцкія пагоны, але ў руках ён ужо трымае дыплом аб заканчэнні ВНУ і лейтэнанцкія пагоны. Наогул у месцы, якое ўжо стала сэрцам акадэміі, прадумана кожная дэталь. Так, тут выкарыстаны мармуровы брук, ён няроўны, таму кожны, хто па ім праходзіць, каб не спатыкнуцца, павінен глядзець сабе пад ногі. Схіленая галава — знак павагі гэтым падзеям і людзям.

Эпоха ІT

Яшчэ ў 2013 годзе начальнік акадэміі паставіў задачу ўкаранення ІT-тэхналогій у адукацыйны працэс. За пяць гадоў яны былі не проста засвоены, а ляглі ў аснову арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Напрыклад, кожная лекцыйная аўдыторыя абсталявана праектарам, прычым кіраваць прэзентацыяй можна як з камп'ютара, так і з планшэта або смартфона. Гэта дазваляе выкладчыку перамяшчацца падчас заняткаў, пры гэтым з любой кропкі можна ўносіць у прэзентацыю змены або ўвогуле ствараць слайды з нуля. Тая ж самая тэхналогія міжмашынных зносін прымяняецца і ў спартыўнай зале. Ёсць і лінейнае падключэнне, і магчымасць вываду выявы на экран. Пры адпрацоўцы прыёмаў можна падрабязна разгледзець правільнасць іх выканання, а падчас спаборніцтваў яшчэ раз перагледзець спрэчныя моманты. Спартзала шматфункцыянальная: тут праводзяцца заняткі па валейболе, баскетболе, міні-футболе, тэнісе, адзінаборствах.

Адным жа з самых высокатэхнічных з'яўляецца кабінет сітуацыйна-аператыўнага штаба. Тут ёсць усё, што ў інфармацыйным полі ўжываецца для раскрыцця злачынстваў. Напрыклад, калі трэба адпрацаваць ахову грамадскага парадку, можна атрымаць доступ да рэальных камер відэаназірання, размешчаных на тэрыторыі акадэміі. Перамяшчэнне ўмоўнага злачынца можна прасачыць па базах даных: на інтэрактыўнай карце відаць, якія самалёты зараз пралятаюць над краінай, таксама можна даведацца, хто на які рэйс ці чыгуначны маршрут быў зарэгістраваны.

Гэты кабінет можна перафарматаваць пад любую з патрэбных формаў заняткаў за некалькі гадзін, суседні, дзе вучаць працаваць з адкрытымі прадуктамі, якія дапамагаюць знайсці злачынца ў сусветнай сетцы, можна перабудаваць літаральна за 10—15 хвілін. Пасля другога курса ёсць магчымасць паралельна паступіць на другую вышэйшую адукацыю ў БДУІР. Улічваючы, што злачыннасць усё больш сыходзіць у сетку, наяўнасць паглыбленых ведаў у сферы ІT-тэхналогій толькі вітаецца.

З 2016 года на базе акадэміі для ўсіх катэгорый тых, хто павышае кваліфікацыю, выкладаюцца асновы ўзаемадзеяння з грамадскасцю і са СМІ — работа з камерай, аратарскае майстэрства, падрыхтоўка да інтэрв'ю і брыфінгу. Сваімі ведамі з навучэнцамі дзеляцца як прадстаўнікі прэс-службы ведамства, так і прафесійныя журналісты, сярод якіх Вадзім Гігін, Вікторыя Сянкевіч, у новым навучальным годзе да іх далучацца супрацоўнікі Другога нацыянальнага тэлеканала. Адным з найважнейшых пытанняў стане выкарыстанне сацыяльных сетак, размяшчэнне ў іх фота- і відэаматэрыялаў, а таксама выбар найбольш аптымальных загалоўкаў. Таксама заняткі будуць праходзіць і ў суперсучасным медыяцэнтры акадэміі, у якім па прынцыпе модульнасці абсталяваны зоны прэс-канферэнцый, вэбінараў і інтэрв'ю.

Практыка і яшчэ раз практыка

Аднак любыя тэхналогіі нішто без моцнага прафесарска-выкладчыцкага складу. Сёння 64 % прафесарска-выкладчыцкага складу маюць навуковую ступень доктар навук (17 чалавек) і кандыдат навук (171 чалавек). Для таго, каб мець магчымасць выкладаць курсантам, стаж практычнай работы павінен быць не менш за тры гады. На кафедрах, дзе фарміруюцца асноўныя прафесійныя навыкі — крымінальнага працэсу, крыміналістыкі, расследавання злачынстваў і іншых, — у 25—30 % выкладчыкаў стаж практычнай работы больш за 20 гадоў. Акрамя таго, кожны семестр хоць бы адны заняткі ў курсантаў праводзіць вышэйшае кіраўніцтва МУС: міністр, яго намеснікі, начальнікі УУС і галоўных упраўленняў МУС. У цэлым прысутнасць дзеючых супрацоўнікаў у навучальным працэсе досыць значная. У той жа час сваім багатым вопытам дзеляцца і тыя, хто стаяў у кіраўніцтва ведамствам у папярэднія гады.

На кафедры кіравання органамі ўнутраных спраў ажыццяўляюць навукова-педагагічную дзейнасць былыя міністры ўнутраных спраў — кандыдат ваенных навук, генерал-лейтэнант у адстаўцы Валянцін Сцяпанавіч Агалец і кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, генерал-лейтэнант у адстаўцы Юрый Леанідавіч Сівакоў. Прафесарам кафедры з'яўляецца ў мінулым начальнік штаба МУС, кандыдат юрыдычных навук, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Анатоль Васілевіч Бякешчанка і іншыя прафесіяналы з багатым паслужным спісам.

Што датычыцца практычнага складніка, то акадэмія можа запытваць і выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе ўсе аглядныя даведкі, праверачную інфармацыю і іншыя матэрыялы па любой крымінальнай справе пасля ўступлення ў сілу прысуду.

Фактычныя агляды па ўсіх відах злачынстваў штоквартальна паступаюць у акадэмію, а начальнікі кафедраў, у залежнасці ад сваёй спецыялізацыі, прысутнічаюць на нарадах, якія праводзяць намеснікі міністра ўнутраных спраў, і на калегіях Следчага камітэта.

— Даследаванні паказалі, што на слых успрымаецца толькі ад 15 да 30 % інфармацыі, а вось калі яе падмацаваць візуальным шэрагам або адпрацоўкай практычных навыкаў, гэтая лічба павялічваецца да 60—80 %. Менавіта таму мы робім усё магчымае для ўзмацнення адукацыйнага працэсу, — адзначыў Уладзімір Бачыла.

Так, у акадэміі ёсць спецыяльныя палігоны, якія імітуюць рэальныя аб'екты, напрыклад, кватэру ці пакой у інтэрнаце. Яны выкарыстоўваюцца для таго, каб на практыцы адпрацоўваць дзеянні пры рэагаванні на розныя віды злачынстваў: ад пошуку наркотыкаў да прыбыцця на месца здзяйснення забойства. Прычым навучанне ідзе па дзвюх методыках, так званай класічнай і заходнееўрапейскай. У першым выпадку на месца злачынства выязджае следча-аператыўная група, у другім выпадку дзейнічаць даводзіцца ў больш вузкім складзе. Гульнявая сітуацыя спрыяе лепшаму засваенню атрыманых ведаў і навыкаў, вучыць аператыўна арыентавацца ў крытычнай сітуацыі.

Акрамя вучэбнай работы, супрацоўнікі кожнай з кафедраў займаюцца яшчэ і даследчай дзейнасцю. Так, напрыклад, толькі ў кафедры крыміналістыкі 10 патэнтаў на вынаходкі і карысныя мадэлі. Адна з іх — праграмны прадукт для супастаўлення некалькіх выяў пэўнага чалавека. Могуць прайсці дзясяткі гадоў, чалавек можа быць у грыме, зусім з іншай прычоскай, колерам вачэй і валасоў, але, дзякуючы навучанню, спецыяліст выдзеліць тыя рысы, якія дапамогуць яго беспамылкова пазнаць.

На міжнародным узроўні

З 2007 года на базе акадэміі дзейнічае Міжнародны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі. 11 гадоў таму яго адкрывалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і тагачасны генеральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Брунсан Макінлі. База цэнтра абсталяваная па апошнім слове тэхнікі, у прыватнасці, ёсць сістэма сінхроннага перакладу і відэасуправаджэння, таму тут праходзяць не толькі вучэбныя заняткі і канферэнцыі, але і значныя міжнародныя сустрэчы. Так, у снежні тут павінна адбыцца пасяджэнне АБСЕ.

У год на базе міжнароднага цэнтра праходзіць каля 30 курсаў, слухачамі якіх становяцца каля 700—850 спецыялістаў, звязаных з праваахоўных сферай, чвэрць з іх — замежнікі. Дарэчы, у галоўнай зале цэнтра выстаўлены сцягі тых дзяржаў, чые прадстаўнікі ў ім пабывалі. Лік іх папаўняецца штогод.

Сёлета акадэмію чакае яшчэ адна буйная міжнародная сустрэча. 3-4 кастрычніка на базе міжнароднага цэнтра пройдзе XV пасяджэнне Выканаўчага камітэта Міжнароднай асацыяцыі паліцэйскіх акадэмій (ІNTEPRA). Арганізацыя аб'ядноўвае 72 ВНУ з 57 дзяржаў. Дарэчы, Уладзімір Бачыла з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам ІNTEPRA. Сама ж акадэмія добра вядомая ў асяроддзі міліцэйскіх і паліцэйскіх навучальных устаноў як у блізкім, так і ў далёкім замежжы.

Каб асветліць усе аспекты дзейнасці Акадэміі МУС, не хопіць, здаецца, і ўсёй газеты. Але нават з таго, што мы паспелі расказаць, выснова напрошваецца толькі адна: прэмія ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці была атрымана больш чым заслужана.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Vіvat Academіa!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.