Вы тут

Як працуе найлепшы ўчастковы інспектар міліцыі Мінскай вобласці


Сяргей Амінаў служыць у органах унутраных спраў ужо практычна 25 гадоў. І яго паслужны спіс сапраўды ўражвае: ад радавога міліцыянера страявога аддзела аховы, міліцыянера-кінолага, камандзіра аддзялення і ўзвода да оперупаўнаважанага аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. На пасадзе старшага ўчастковага інспектара міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў Маладзечанскага райвыканкама Сяргей Амінаў з 2010 года. Прычым, у 2016 і 2017 гадах ён быў прызнаны найлепшым участковым інспектарам Мінскай вобласці. У чым сакрэт прафесіяналізму, мы высветлілі ў тытулаванага інспектара асабіста.


Участ­ко­вы ін­спек­тар ра­зам з аг­ра­но­мам- на­сен­ня­во­дам Аляк­се­ем Раў­ко і за­гад­чы­цай зер­ня­комп­лек­су Зі­на­і­дай Ру­дзя­нок аб­мяр­коў­ва­юць ход убо­рач­най кам­па­ніі ў ААТ «Ус­ход-Аг­ра».

Каб жыццё дзяцей было лепшае, чым у іх бацькоў...

Вотчына Сяргея Амінава — Мясоцкі сельскі Савет. Адзін з самых буйных у раёне, працягласць ад крайніх пунктаў больш за 27 кіламетраў. Да таго ж у мясцовасці ёсць свае асаблівасці. Значная частка тэрыторыі сельсавета размешчана паблізу чыгуначных шляхоў, тут шмат садовых таварыстваў — адзін з любімых напрамкаў мінчан для дачнага адпачынку. Усяго ж на тэрыторыі сельскага Савета пастаянна пражывае 2,5 тысячы чалавек, самыя буйныя населеныя пункты — аграгарадок Выверы, пасёлак Сасновы Бор, вёскі Мясата, Гранічы.

— Калі я толькі прыйшоў сюды на пасаду ўчастковага інспектара, першы час літаральна жыў на рабоце. Сітуацыя была вельмі складаная: у многіх дварах меліся самагонныя апараты, людзі выраблялі няякасны алкаголь, прадавалі яго, співаліся. Гэта адбівалася на іх здароўі і прыводзіла да ранняга сыходу з жыцця. Змагацца прыйшлося грунтоўна і доўга. Але цяпер праблема незаконнай вытворчасці алкаголю, на шчасце, вырашана, — успамінае Сяргей Амінаў.

Наогул абстаноўку ў сельскім савеце можна назваць досыць спрыяльнай. Паказчык колькасці зваротаў па сямейна-бытавых скандалах адзін з самых нізкіх у раёне. Аднак ва ўсіх правілах сустракаюцца выключэнні. Праблемных жыхароў участковы інспектар, натуральна, ведае асабіста. Прычым не толькі тое, якія правапарушэнні яны здзейснілі, але і тое, як прыйшлі да такога жыцця.

Да кожнага з іх Сяргей Амінаў стараецца знайсці свой падыход, але калі павучанні не дапамагаюць, у ход ідуць адміністрацыйныя рэсурсы. У першую чаргу ўвага ўдзяляецца ўтрыманню дзяцей. Да ўмоваў іх выхавання ў Сяргея Альбертавіча асаблівыя адносіны: дзеці не павінны бачыць п'яныя вячоркі сваіх бацькоў. Калі падобная практыка не спыняецца — малых для іх жа карысці з сям'і забіраюць.

— Памятаю, быў выпадак, калі групу тэрмінова выклікалі на месца здарэння, у той жа час трэба было хутка забраць дзіця з сям'і — маці арганізавала дома прытон. Памятаю прыйшоў, схапіў дзіця і выбег насустрач хуткай дапамозе. За мной некалькі моцна падпітых «сяброў» гэтай маці кінуліся. І з імі разабрацца не магу — дзіця спалоханае на руках дрыжыць, і пакінуць так як ёсць таксама. Балазе, медыкі дабраліся хутка, перадаў ім дзіця і зноў бягом назад — праводзіць разбіральніцтвы з кампаніяй, — расказвае міліцыянер.

Сяр­гей Амі­наў з на­чаль­ні­кам дзі­ця­ча­га азда­раў­лен­ча­га ла­ге­ра «Ляс­ны» Люд­мі­лай Хур­сан га­во­раць аб пад­тры­ман­ні бяс­пе­кі на тэ­ры­то­рыі ла­ге­ра.

Сямейныя таямніцы

Наогул разбіральніцтвы ва ўнутрысямейных адносінах — адзін з самых цяжкіх складнікаў працы ўчастковага інспектара. Па-першае, часта ахвяры хатняга гвалту не хочуць, каб тое, што адбываецца за зачыненымі дзвярыма іх дома, станавілася вядома яшчэ каму-небудзь. Па-другое, нават калі скардзяцца, то потым хутка мірацца і прыходзяць забіраць заяву, маўляў, з якім нажом ён на мяне кідаўся, так, трошкі пасварыліся. Па-трэцяе, прыходзіцца выслухоўваць усе падрабязнасці асабістага жыцця. Часам даходзіць да абсурду. Так у дзень нашай сустрэчы на парадку дня — скарга цешчы на свайго зяця: жанчына хоча, каб ён з'ехаў з хаты, дзе жыве разам з яе дачкой. Праўда, дом аформлены на дачку, маці ў ім нават не прапісана, а адносіны паміж самімі мужам і жонкай цудоўныя. Зразумеўшы, што ўгаворы не дзейнічаюць, жанчына вырашыла разыграць з сябе ахвяру, нібыта зяць хацеў на яе напасці. Ва ўсёй гэтай сітуацыі і трэба будзе разабрацца Сяргею Альбертавічу. Па меншай меры, супакоіць нядобразычліва настроеную цешчу.

Аднак часцей пажылыя людзі, з прычыны сваёй даверлівасці, становяцца не абвінаваўцамі, а ахвярамі. Так, у маі ў адным з садовых таварыстваў адбыўся выпадак. Пажылы мужчына вырашыў наняць для сябе памочніка па гаспадарцы. Усё што ведаў пра яго — толькі імя. Гэта дазволіла ім паспяхова папрацаваць тры дні, пажылы мужчына нарадавацца не мог, пасля чаго гора-працаўнік знік, прыхапіўшы з сабой немалую суму грошай, дарагога сабаку і пнеўматычны пісталет. Дарэчы, менавіта выгляд сабакі і дапамог хутка ўстанавіць зламыснікаў. Як расказаў Сяргей Амінаў, інфармацыя пра тое, як можна з ім звязацца, ёсць на ўсіх прыпыначных пунктах, цесна наладжана сувязь і з іх работнікамі. Даведаўшыся пра здарэнне, участковаму інспектару патэлефанавала дыспетчар адной са станцый, заўважыўшы на пероне падазроных мужчын з дагледжаным сабачкам. Участковы інспектар тут жа адправіўся да названага месца, ужо пры пад'ездзе да якога ўбачыў электрычку, што хутка неслася ў бок Мінска. Але, аказалася, што шанцам уцячы злачынцы нават не думалі скарыстацца — занадта «добра» сябе адчувалі, выдаткаваўшы частку грошай у найбліжэйшай краме. У гэтай гісторыі настаў хэпіэнд. Тым не менш, каб падобных прэцэдэнтаў не было ў прынцыпе, Сяргей Амінаў стараецца як мага часцей праводзіць прафілактычныя гутаркі з пажылымі людзьмі, робіць усё магчымае, каб іх засцерагчы.

Натхняюць перамены да лепшага

Увогуле ўчастковы інспектар імкнеца дзейнічаць на апярэджанне. Шмат кантактуе з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, размешчаных у сельскім Савеце, каб даведацца, хто з работнікаў пакутуе ад алкагольнай залежнасці і лішні раз нанесці яму нечаканы візіт. Працягваць працаваць у гэтай няпростай сферы Сяргея Амінава натхняюць выпадкі выпраўлення яго падапечных. Так, напрыклад, было з маладой жанчынай, якая доўгі час вяла абсалютна асацыяльны лад жыцця, пры тым, што да таго моманту ўжо паспела стаць мамай. Пасля шматлікіх просьбаў і ўгавораў у адзін момант проста як адрэзала — закадзіравалася, выйшла замуж, клапоціцца пра дзяцей. Двор — люба паглядзець.

— І як тут не паверыць, што ўсё прыносіць свой плён? Наогул у зносінах з мясцовымі жыхарамі я імкнуся пазбягаць асуджэння. Заўсёды стараюся ў думках паставіць сябе на месца таго, хто да мяне звярнуўся. А чаму так адбылося? Як можна змяніць сітуацыю? Што асабіста я магу зрабіць, каб дапамагчы чалавеку? — разважае Сяргей Амінаў.

На час нашай паездкі запланавана наведванне зернякомплексу ААТ «Усход-Агра» і дзіцячага аздараўленчага летніка «Лясны». Тое, што словы ўчастковага інспектара не разыходзяцца са справамі бачна па тым, што ўсюды да яго звяртаюцца са сваімі просьбамі і пытаннямі. Работай участковага інспектара ў сельскім Савеце вельмі задаволеныя. Старшыня Мясоцкага сельскага выканаўчага камітэта Алег ГОРБАЧ адзначае, што за час службы тут Сяргея Амінава стала значна спакайней. Міліцыянера не тое што апасаюцца — паважаюць, таму не хочуць лішні раз падрываць яго давер.

— Ведаеце, за гады службы я зразумеў, што самае страшнае — гэта абыякавасць. Калі цябе абсалютна не хвалюе, што адбываецца па-за межамі твайго дома, калі ты гатовы цярпець катаванні, абы не стаяць перад неабходнасцю прымаць рашэнні, ці калі ты выконваеш сваю работу проста «для галачкі». Я стараюся ў сабе падаўляць любыя праявы такога падыходу і імкнуся даносіць іншым, што рабіць гэта неабходна, — падводзіць вынік участковы інспектар, для якога служба — гэта не толькі абавязак, але і прызванне.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: «Заўсёды стараюся ў думках паставіць сябе на месца таго, хто да мяне звярнуўся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».