Вы тут

Для «Беларусьфільма» наступае крытычны момант самасцвярджэння


Лаяць «Беларусьфільм» апошнім часам вельмі лёгка: непаспяховыя карціны, дрэнныя паказчыкі ў пракаце і скандалы, у якіх кінастудыя не імкнецца выступіць у сваю абарону і падтрымаць імідж. Хоць зразумела, што ўмовы для забеспячэння жыццядзейнасці такой вялікай машынерыі складваюцца неспрыяльна і цалкам з патрабаванняў — працаваць у нацыянальных інтарэсах, прапагандаваць актуальныя (паводле міністэрства культуры) кірункі, самаакупацца, прадстаўляць публіцы так званыя нацыянальныя фільмы, даваць магчымасць працаваць маладым, праходзіць праз усе бюракратычныя працэдуры атрымання бюджэтных грошай, здымаць кіно з дэфіцытам фінансавання...


Чакаць пры такой колькасці «пуг» высакаякасных фільмаў — у дачыненні да кінастудыі неяк не па-чалавечы, бо нам вядома колькасць мяркуемых патрабаванняў, а пра «пернікі» інфармацыі мала (у адрас былога дырэктара супрацоўнік кінафабрыкі сказаў, што той «нават дачу сабе не пабудаваў»). Таму калі кінастудыя ганарыцца арэндай пляцовак здымачнымі групамі расійскіх серыялаў, замест актуальнага кіно паказвае зробленыя ў спешцы шаблонныя ўтварэнні, замест аўтарскага — відавочныя заказныя работы з непераканаўчым сюжэтам, абавязкова знаходзіцца нехта, хто агучвае велікадушныя апраўданні нешчасліваму лёсу яе праектаў.

Шкада, што ў такіх абставінах асабліва церпяць уласна беларускае кіно і беларускія гледачы, якія даўно перасталі верыць у здольнасці «Беларусьфільма». Бо з іх пазіцыі структуры, якая карыстаецца большасцю бюджэтных сродкаў, не мае абавязку вяртаць грошы на рахунак Мінкульта і распараджаецца магчымасцямі свежай рэканструкцыі, усе карты — у рукі. Хоць нейкія, пэўна, вышэйзгаданыя апраўданні дазваляюць грамадству, калі і не верыць, дык ставіцца да прадукту нацыянальнай кінастудыі цярпліва (што яшчэ застаецца?).

Але, здаецца, менавіта зараз, калі галоўнымі падзеямі сферы беларускага кіно становяцца незалежныя фільмы «Заўтра» Юліі Шатун і «Хрусталь» Дар'і Жук, што бяруць прызы на міжнародных кінафестывалях, калі «Беларусьфільм» узяўся за асобу Янкі Купалы для стварэння нацыянальнага фільма, калі ў машынерыі з'явіўся новы дырэктар Уладзімір Карачэўскі, калі Мінкультам праводзяцца конкурсы кінапраектаў, прыйшоў крытычны момант, за якім няўдача будзе бачыцца смяротным стрэлам. У пазіцыю кінастудыі ў беларускай кінасферы.

Зараз, калі мы можам параўнаць беларусьфільмаўскі прадукт з «Заўтра» ці «Хрусталём», калі шаблоны кінастудыі выяўляюцца яшчэ ярчэй на фоне работ маладых аўтараў і калі негатыўны, нават скандальны, флёр ад кінапраектаў апошніх гадоў да гэтых часоў цягнецца за брэндам, кінастудыі асабліва непажадана трапляць у няёмкае становішча.

Таму так дарэчы аб'яўленая Міністэрствам культуры «закупка паслуг па вытворчасці фільмаў у ігравой і дакументальнай формах у рамках сацыяльна-творчага заказу», што зручней называць конкурсамі кінапраектаў. Калі «Беларусьфільм» выйграе конкурс, а нешта, калі не ўсё, ён верагодна выйграе, зможа паказаць прафесіяналізм і таленты ў тэме «75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», у фарматах «прыгодніцкага, дэтэктыўнага фільма аб гісторыі Беларусі» і «фільма-казкі для дзяцей». Акрэсленыя пазіцыі хоць і паказваюць нейкую ідэалагічную і камерцыйную скіраванасць, даюць магчымасць лавіраваць і ўпісваць у прапанаваныя фарматы шырокі спектр праектаў.

Свае магчымасці ў прапагандзе нацыянальных інтарэсаў узнікаюць і ў дакументалістаў. Конкурс прапануе рэжысёрам папрацаваць з тэмамі «Малая радзіма», «Сацыяльныя праблемы грамадства», «Да 80-годдзя ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі», «Беларусь спартыўная» і «Сацыяльнае падзвіжніцтва». Што выдатна дэманструе інтарэсы Міністэрства культуры (і па традыцыі не ўлічвае інтарэсы аўтарскай дакументалістыкі).

«Закупаць» кінапраекты заказчык будзе да 3 жніўня — магчыма ў нацыянальнай кінастудыі ўзнікнуць дадатковыя опцыі для стварэння пазітыўнага іміджу, праца над якім ужо пачалася, хоць і крыху недарэчна.

Прыгожым магло б выглядаць дачыненне «Беларусьфільма» да Оскара ды вылучэння на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі карціны «Хрусталь», здымкам якой кінастудыя дапамагала (у цэлым гэта сумесная работа кінакампаній Беларусі, ЗША, Германіі і Расіі). Была адноўлена дзейнасць беларускага оскараўскага камітэта — адзінага органа, які можа падаваць заяўку на вылучэнне на Оскар, ён павінен мець выгляд незалежнага фарміравання з прадстаўнікоў кінематографа.

Усё было б добра, калі б не непрыемная супярэчнасць — у грамадскі орган увайшлі адразу тры прадстаўнікі вышэйшых пасад кінастудыі. Сярод іх і новы дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі, які мае дачыненне да кінематографа толькі тым, што нейкі тэрмін займае сваю пасаду ва ўстанове-кінаманапалісце. Прыгожая ініцыятыва і работа па аднаўленні камітэта ператварылася ў шэфства кінастудыі ў арганізацыі, дзе дамінантаў быць не павінна па азначэнні. А калі дамінант ёсць, і ён займаецца вытворчасцю фільмаў, то ўзнікае пытанне, якая карціна будзе прапаноўвацца на прэмію ў наступным годзе.

Такі піяр дакладна не выглядае пазітыўным, затое кінапраект пра Янку Купалу выклікае цікавасць (ці не гэта будучы намінант на «Оскар»?). Здымкі карціны пад рабочай назвай «Пакуль будзе неба» па сцэнарыі Алены Калюновай пачаліся толькі што. Фільм атрымаў статус нацыянальнага, што значыць стапрацэнтнае фінансаванне з бюджэтных сродкаў. Рэжысёрам стаў вядомы больш як кліпмейкер Уладзімір Янкоўскі, а фармат фільма зноў прадугледжвае чатыры серыі для тэлебачання і кінаверсію.

Асаблівая ўвага да гэтага праекта ўзнікае, па-першае, з-за фактычнага правалу папярэдняга нацыянальнага фільма «Код Каіна», які не прынёс нам ні славы, ні грошай, ні новага кіно, затое выкарыстаў усе магчымыя арыенціры галівудскага прадукту і твар Эрыка Робертса. Гэтым разам за нацыянальнае кіно бярэцца нацыянальная кінастудыя («Кодам Каіна» займаліся прыватныя асобы) і мае шанц у новых умовах паказаць, што яна на кані. Да таго ж, асаблівая патрабавальнасць да карціны «Пакуль будзе неба» ўзнікае з-за асобы Янкі Купалы, якая адначасова можа быць зручнай для піяру фільма, а з іншага абцяжарвае стваральнікаў вялікай адказнасцю: з Купалам нельга даць маху.

Так і атрымліваецца, што кінастудыя, якая з аднаго боку мае гонар атрымліваць бюджэтныя сродкі і здымаць нацыянальны фільм, з другога аказваецца абложанай нейкімі надзвычайнымі абавязкамі. А рызыкуе студыя многім, калі не сказаць — усім: яшчэ адзін дрэнны фільм, яшчэ адзін скандал, яшчэ адно злоўжыванне паўнамоцтвамі кінаманапаліста можа паставіць пытанне мэтазгоднасці існавання «Беларусьфільма» рубам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Каментары

Беларусские глашатаи трубят: дорогу молодым! Красивая фраза, но мне хочется уточнить: каким молодым? Тем, что имеют диплом, но не имеют за спиной жизненного и профессионального опыта? Когда нашлись деньги для экранизации "Купалы", кому доверили? Главное в игровом кино - это сценарий. Он написан человеком, который имеет устойчивую теоретическую подготовку + долгие годы работы на "Беларусьфильме" ведущим редактором - это Алене Калюновой...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.