Вы тут

Чаму Дуга Струвэ ў Беларусі не карыстаецца попытам у турыстаў


У рэспубліцы чатыры аб'екты, якія ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тры з іх шырока вядомыя і сталі брэндамі краіны — гэта Белавежская пушча, Мірскі і Нясвіжскі замкі. Ёсць у гэтым спісе і чацвёрты аб'ект — Дуга Струвэ. Але ён далёка не такі папулярны ў турыстаў, як іншыя. Яго папулярызацыяй заняліся ў Ашмянскім раёне. Тут знаходзіцца адзін з пунктаў Дугі, а ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва са шведскімі партнёрамі ў аграгарадку Гальшаны створаны музей «Дуга Струвэ». Новы этап праекта накіраваны на пашырэнне яго экспазіцыі.


Першай часткай міжнароднага праекта «Тандэм» стала само стварэнне музея ў 2012 годзе, які вырашылі арганізаваць у сельскай бібліятэцы ў аграгарадку Гальшаны. На тэрыторыі сельскага Савета, у вёсцы Тупішкі, знаходзіцца адзін з пунктаў знакамітай Дугі.

Усяго іх 265, і яны, нібы каменны ланцужок, цягнуцца ад Чорнага мора да Паўночнага Ледавітага акіяна па тэрыторыі 10 краін. Дзякуючы пастаянным даследаванням на тэрыторыі Беларусі выяўлены 19 з 31 пункта. З дапамогай укапаных у зямлю каменных кубоў і геадэзічных вышак група вучоных на чале з Васілём Струвэ ў ХІХ стагоддзі вызначыла памеры Зямлі і даказала, што планета мае форму эліпсоіда. Работа вялася амаль 50 гадоў.

Алёна Юневіч, каардынатар праекта з беларускага боку, расказала, што музей пачынаўся з інфармацыйных матэрыялаў, якія збіраліся ў тых краінах, дзе праходзіць знакамітая Дуга: у Беларусі, Расіі, Украіне, Малдове, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах. Найбольш цеснае супрацоўніцтва наладжана са Швецыяй. Менавіта агульны праект дапамог не толькі стварыць музей, але і добраўпарадкаваць пункт Дугі Струвэ «Тупішкі», тут часам арганізуюцца нават тэатралізаваныя прадстаўленні. Алёна Юневіч паведаміла, што сярод вучоных, якія вялі гэтую работу, быў і іх зямляк Іосіф Хацько. У музеі ёсць яго партрэт і матэрыялы аб жыцці і рабоце.

Паступова музей папаўняўся іншымі экспанатамі — макетамі і геадэзічнымі прыладамі. Ёсць тут і тэадаліты, і нівеліры, і кіпрэгель, і макеты вышак... Многае трапіла ў музей з прыватных калекцый, геадэзічных і зямельных устаноў. Сёлета ў канцы чэрвеня шведскія партнёры перадалі музею чатыры старыя інструменты, з дапамогай якіх на пачатку XX стагоддзя вяліся трыянгуляцыйныя вымярэнні па стварэнні геадэзічнага пояса. Такімі ж прыладамі карысталіся і вучоныя пры размяшчэнні каменных кубоў. Дарэчы, напачатку аб'ект працягласцю амаль тры тысячы кіламетраў называўся Руска-Скандынаўскай дугой, а працэс яго стварэння можа служыць прыкладам партнёрства вучоных, улад, грамадства. Дзякуючы такому супрацоўніцтву былі закладзены апорныя пункты назіранняў, якія дазволілі зрабіць першае дасканалае вымярэнне сегмента дугі зямнога мерыдыяна і дакладна вызначыць памер і форму нашай планеты.

Самыя ацалелыя пункты Дугі Струвэ — 34 з 265 — увайшлі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У гэтым спісе і пяць беларускіх аб'ектаў, якія знаходзяцца ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Гэта тыя пункты, якія маркіраваны на мясцовасці і маюць пэўныя гістарычныя знакі. Не ўсе пункты наогул выяўлены. Напрыклад, у Беларусі яшчэ не знойдзена каля дзясятка. Праблемы пошуку звязаны з тым, што былыя каардынаты не адпавядаюць сучасным картам. Таму беларускія геадэ-
зісты некалькі разоў падступаліся да гэтай кампаніі, і на сённяшні дзень высветлена месцазнаходжанне каля 20 гэтых пунктаў. Усе яны ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і ахоўваюцца дзяржавай.

Між тым Дугу Струвэ складана аднесці да папулярных турыстычных аб'ектаў. Аб яе існаванні наогул мала хто ведае, у той час калі Мірскі і Нясвіжскі замкі, якія таксама ў спісе ЮНЕСКА, шырока вядомы і ўключаны ў многія турыстычныя маршруты. Па словах Алёны Юневіч, іх музей якраз і працуе над тым, каб зрабіць гэты «брэнд» больш вядомым. Дзейнічае сайт і вядзецца работа па стварэнні віртуальнага музея.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.