Вы тут

У Маладзечанскім раёне прайшло традыцыйнае свята песні «Ракуцёўскае лета»


29 ліпеня ў музеі-сядзібе Ракуцёўшчына (Маладзечанскі раён) прайшло традыцыйнае свята песні «Ракуцёўскае лета», прысвечанае творчасці Максіма Багдановіча. Яно стала адметным дзякуючы выступленням паэтаў і музыкаў, фестывалю народных рамёстваў і мясцоваму гулянню.


Летам 1911 года Максім Багдановіч наведаў родную Беларусь. Ён здзейсніў вандроўку ў Вільню, каб пабачыць аднадумцаў з газеты “Наша Ніва”. А пасяліўся паэт у фальварку Вацлава Лычкоўскага – дзядзькі братоў Луцкевічаў, які знаходзіўся ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна. Таму зараз музей-сядзіба Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне штогод адзначае свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета”. Сёлета гэты дзень запомніўся самаробнымі кнігамі вершаў, займальным квэстам і трыццаціградуснай спякотай.

Надвор’е ў гэтым годзе выдалася па-сапраўднаму летнім: вада і марозіва ў харчовай лаўцы разыходзіліся за хвіліны, а крынічка каля дома была самым папулярным месцам. “Канешне, колькасць людзей залежыць і ад надвор’я. У гэтым годзе яно не вельмі спрыяльнае, але апантаным творчасцю паэта гэта не перашкодзіла прыехаць”, – заўважыла адна з музейных наглядчыкаў. І сапраўды, людзей сабралося шмат. Яны хаваліся пад парасонамі, загаралі на траўцы, абліваліся вадой.

“Цікава, калі б з намі сёння быў Максім Багдановіч, як бы ён ратаваўся ад спякоты?” – запытаўся драматург Васіль Дранько-Майсюк. Наўрад ці сядзеў бы пад парасонам. Пясняр чыстае красы хутчэй за ўсё блукаў бы па сцежках і захапляўся прыгажосцю прыроды.

А вось у наведвальнікаў фестываля была магчымасць паўдзельнічаць у квэсце па творчасці Максіма Багдановіча. Каб прайсці яго паспяхова, таксама патрэбна было шмат блукаць, ведаць біяграфію паэта і фатаграфаваць тыя ці іншыя рэчы з побыту беларусаў. Таму, калі бачылі чалавека, які апантана шукае якую гонту, ведалі: ён удзельнічае ў квэсце. 

Улюбёныя ў паэзію і песню назіралі за канцэртнай праграмай, якая ішла на працягу ўсяго свята. Паэты чыталі вершы і Максіма Багдановіча, і свае ўласныя, музыкі спявалі песні на словы песняра. Традыцыйна выступіў ансамбль з вёскі Маркава, які штогод падымае тут настрой. Адзін з хітоў – песня пра маркаўчаначку, якая жыве ў Маладзечанскім раёне. Увогуле, панавала творчая і святочная атмасфера.

“Наведваем фестываль кожны год, – расказала Юлія Ярмалковіч, якая прыйшла на свята разам з дзецьмі.  – У Ракуцёўшчыне жылі і бацькі, і дзядуля з бабуляй, гэта мая радзіма”. 

З натоўпу вылучалася сям’я, апранутая ў адзенне з аднолькавага матэрыялу. “Зараз вельмі модны напрамак Family Look (калі ўся сям’я апранута падобна – заўвага аўт.), – растлумачыла маці Алена Гарэлікава з Маладзечна. – За некалькі дзён сшыла касцюмы з аршанскага льна, вырашылі ў такім убранні прыехаць на беларускае свята”.

Людзі плялі вянкі, набывалі прыгожыя рэчы, гарталі самаробныя кнігі з вершамі песняра. І ўвесь час было адчуванне, што недзе ў натоўпу прамільгнуць непаслухмяныя кучаравыя валасы і прыгожыя яскравыя вочы... Мы хацелі б спаткацца з табой, Максім!

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».