Вы тут

Валерый Шкаруба: “Па натуры я перфекцыяніст”


Палотны гэтага мастака знаходзяцца у музеях і прыватных калекцыях у многіх краінах. Зала Еўрапарламента ў Бруселі, штаб-кватэра ААН у Нью-Йорку,  Музей мастацтваў у Пекіне, Парыжская зала Кардэна, Германскі федэральны банк у Лейпцыгу дэманструюць яго творчасць. Такія простыя і ў той жа момант такія складаныя беларускія краявіды сталі візітнай карткай сучаснага айчыннага мастацтва. А іх аўтар Валерый Шкаруба – адным з самых вядомых у свеце беларускіх мастакоў.


З Валерыем Фёдаравічам мне пашчасціла сустрэцца падчас яго персанальнай выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе ён штодня праводзіў экскурсіі для ўсіх жадаючых. У той вечар на сустрэчу з мастаком прыйшлі школьныя настаўніцы, моладзь, бацькі з дзецьмі, пенсіянеркі, журналісты. Завіталі і калегі Валерыя Федаравіча, мастацтвазнаўцы. Карацей, было бачна, што яго творчасць блізкая і зразумелая вельмі розным людзям.

— Я пра свае работы расказваць не люблю. Ды і што казаць, калі можна паглядзець, — сціпла пачаў экскурсію мастак.

Тым не менш паклоннікі яго творчасці моўчкі разглядваць карціны не збіраліся. Асабліва настойлівай у сваіх пытаннях аказалася жанчына сярэдняга ўзросту з акулярамі на кончыку носа:

— І ўсё ж чаму на вашых карцінах ніколі не бывае людзей? – здаецца, гэтае пытанне яна задавала трэці ці чацвёрты раз.

А мастак нічога не адказваў. Упарта маўчаў і адводзіў вочы ў бок. Магчыма, хаваў нейкую таямніцу, вядомую толькі яму. А магчыма, проста і сам не ведаў, чаму людзі не з’яўляюцца на яго палотнах. Каб хоць неяк задаволіць цікаўную паклонніцу творчасці Валерыя Фёдаравіча, я вырашыла яму дапамагчы.

У берага. 60х90см, холст, алей. 2017 г.

— Вось адразу бачна, што вы, жанчына, жывяце ў мегаполісе і рэдка выязджаеце адсюль. Прызвычаіліся да натоўпаў, таму вам і падаецца, што  адсутнасць людзей – гэта нешта дзіўнае. Паспрабуйце хоць раз пабыць сам-насам з прыродай, тады і атрымаеце адказ на сваё пытанне, — сказала я і тым самым прыцягнула ўвагу не толькі настойлівай аматаркі жывапісу, але і самога мастака. З гэтага і пачалося нашае з ім знаёмства.

— Валерый Фёдаравіч, сёння вы заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі. Цікава, а з чаго пачынаўся ваш творчы шлях? У які момант вы зразумелі, што хочаце быць мастаком?

— Ніколі нават думак не ўзнікала наконт “хачу-не хачу”. Быў ім з самага дзяцінства. Як узяў упершыню ў рукі аловак, так і пайшло-паехала. І хаця ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут я паступіў толькі з чацвёртага раза, у мяне нават думкі не ўзнікла, што мастацтва – гэта не маё. Я нават не ўспрымаў гэта як няўдачы. Разумеў: навучанне часова адкладваецца, але не адмяняецца.

— Дарэчы, пра вучобу. Ёсць меркаванне, што акадэмічная адукацыя губіць сапраўдныя таленты і пазбаўляе іх індывідуальнасці. Што вы думаеце на гэты конт?

— Лічу, што акадэмічная адукацыя неабходна мастакам настолькі, наколькі матэматыкам патрэбна арыфметыка. Гэта першая прыступка на шляху да прафесійнага поспеху. Не выключаю: ёсць геніі, якія могуць абысціся адным толькі талентам. Але гэта адзінкі, яны нараджаюцца раз у стагоддзе. У каледжах і ўніверсітатах, акадэміі мастацтваў даюць класічную для мастака базу. Будзе ён ёй карыстацца пасля выпуску ці не – гэта яго ўласны выбар. Але нават каб адмаўляць нешта, трэба спачатку гэта паспрабаваць.

— А што вы паспелі паспрабаваць перад тым, як знайшлі свой стыль?

— Не паверыце, але пасля інстытута я пісаў абстрактныя працы. У нас былі моцныя выкладчыкі, якія прывілі любоў менавіта да гэтага напрамку жывапісу. Я ў тыя часы, калі прыходзіў на выставы, на пейзажы нават не глядзеў. Для мяне гэта была пустая сцяна.

Літаральна праз некалькі гадоў пасля выпуску ў мяне ўнутры нешта шчоўкнула, і я павярнуў сваю творчасць на 180 градусаў – сам зацікавіўся пейзажамі. Напэўна, усплылі ўспаміны пра 11 гадоў заняткаў у студыі выяўленчага мастацтва ў Барысаве.  

Для некаторых мастакоў знайсці свой стыль – гэта ідэя фікс. Яны толькі і думаюць пра тое, як выдзеліцца з натоўпу. Мяне гэтая праблема абмінула. Я ніколі нічога не шукаў. Пішу так, як пішацца, і ні на каго ўвагі не звяртаю. Разам з тым мне падабаецца канцэпцыя, што мастак у сваіх карцінах павінен прысутнічаць як Бог у нашым свеце. Мы Яго не бачым, а Ён ёсць ва ўсім. Так і ў мастацтве павінна быць. Я зараз кажу не пра асобна падабраныя колеры, тэхніку ці іншыя фізічныя праявы. Кожны твор сур’ёзнага майстра павінен мець свой асаблівы настрой, сваю душу.

— Вашыя пейзажы знаёмыя кожнаму беларусу. Часта вандруеце па краіне? Ёсць улюбёныя рэгіёны?

— Вельмі люблю падарожжы і па Беларусі, і за мяжой. Мяне ўражвае прырода, не падобная да нашай. Атрымліваю асалоду ад чыстага неба, гор, азёр з крыштальна-чыстай вадой. Праўда, на маю думку, мастакам у такіх мясцінах рабіць няма чаго. Там няма палёту для творчасці. Пішуць, як правіла, цалкам паўтараючы рэальнасць.

Іншая справа – Беларусь. Маё натхненне. Не хачу дзяліць нашую невялікую краіну на часткі. Хаця часцей за ўсё на эцюды выязджаю ў яе паўночную частку. Там складаныя колеры прыроды, больш стрыманая гама, чым ў паўднёвых рэгіёнах. Браслаўскія азёры, Нарач – восенню гэта проста космас для мяне!

Аднак што тычацца маіх карцін, то гэта заўсёды агульны вобраз. Імкнуся пісаць тыпова беларускія пейзажы, якія немагчыма прывязаць да якога-небудзь месца. Каб гэта не збівала з панталыку тых, хто на іх глядзіць. Хаця досыць часта мастацтвазнаўцы спрабуюць выпытаць у мяне падрабязнасці стварэння таго ці іншага палатна. Я гэтага не люблю, бо, як толькі раскажу, гэта “загоніць” карціну ў пэўныя рамкі. Хачу, каб кожны знаходзіў у ёй нешта сваё. Вось прыходзяць людзі на выставы і кажуць: “Гэта ж у нас!” — Ім прыемна, і мне радасна.

— На многіх вашых карцінах можна заўважыць дарогі…

— Дарога – гэта і пачатак, і канец, і тое, што паміж імі. Люблю пісаць дарогі. У мяне ёсць звычайныя вясковыя шляхі, лясныя сцежкі, рэкі, якія таксама з’яўляюцца дарогамі. Нават сыходзячыя ў далечыню слупы з электралініямі – у некаторым сэнсе можна назваць дарогай. Хочацца, каб тыя, хто глядзіць на мае карціны, уяўвілі людзей, якія прайшлі гэтымі шляхамі. Іх там даўно няма, няма слядоў, але калі ёсць дарога, то хтосьці абавязкова па ёй павінен ісці… Вось такая задумка.

— Вы пішаце пейзажы, але жывяце ў мегаполісе. Не хочацца з’ехаць за горад?

— Наадварот, я вельмі рады, што жыву ў Мінску. У горадзе вастрэй адчуваеш, лепш разумееш каштоўнасць прыроды. Калі б я жыў за горадам, то перастаў бы заўважаць гэтую прыгажосць.

— Ведаю, што творчыя людзі могуць тварыць толькі ў пэўных ўмовах. Што вам неабходна для камфортнай працы?

— Люблю пісаць эцюды адзін. Ні людзей, ні тэлефона, ні машын побач быць не павінна. Толькі я і прырода на працягу ўсяго дня. Гэта найвышэйшая асалода для мяня. Спадзяюся, што тыя, хто бачыць мае карціны, таксама гэтым пранікаюцца. Напэўна, таму на палотнах, напісаных маёй рукой, вы ніколі не ўбачыце чалавека. Мне здаецца, як толькі я яго намалюю, ён пераключыць усю ўвагу на сябе, стане цэнтрам кампазіцыі. Хаця заўсёды знойдуцца тыя – калегі, мастацтвазнаўцы ці яшчэ хто, – хто абавязкова скажа: “А намалюй хоць кабылку, хоць птушачку якую!”

У прадстаўнікоў творчых прафесій здараюцца “крызісы натхнення”. Вам гэта знаёма?

— Скажу так: калі дома, у сям’і ўсе добра, то і мне пішацца цудоўна. “Мук творчасці” у мяне не бывае. Напэўна, таму, што жыву сваімі карцінамі, у сваіх карцінах. Па натуры я перфекцыяніст: даводжу да розуму кожную дробязь і, пакуль адно палатно не завершана, я не стану брацца за іншае.

— Большасць вашых палотнаў вялізнага памеру. Колькі часу траціце на стварэнне адной карціны?

— Усё пачынаецца з эцюдаў. Яны ў мяне максімальна рэалістычныя. Там важна перадаць стан прыроды ў канкрэтны момант – паказаць дакладныя колеры, выстраіць кампазіцыю. Калі пераходжу ў майстэрню і бяруся непасрэдна за карціну, тады засяроджваюся на сваім уласным бачанні таго ці іншага пейзажу. Укладваю туды і нацыянальны, і індывідуальны сэнс.

Працяг чытайце у нумары...

Ганна КУРАК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.